Дыскусія паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Сьвятланай Алексіевіч цікавая нават не сваім зьместам, а хутчэй як псыхалягічны фэномэн. Вечная тэма ўзаемаадносін паэта і цара. Прысуджэньне Нобэлеўскай прэміі па літаратуры ягонаму прынцыповаму ідэйнаму апанэнту Сьвятлане Алексіевіч стварыла для кіраўніка Беларусі вельмі непрыемную, нязручную сытуацыю. Цяпер любая крытыка беларускай рэчаіснасьці зь яе вуснаў будзе мець зусім іншую вагу і заўважны міжнародны рэзананс.
Палітычная лінія, якую вырашыў праводзіць Аляксандар Лукашэнка ў гэтым пытаньні, была сфармуляваная на наступны дзень пасьля прысуджэньня прэміі, калі кіраўнік Беларусі наведаў Беларускую АЭС. Яна складалася з трох частак. Па-першае, ён паспрабаваў павярнуць гэтую падзею на сваю карысьць. «Я рады за яе, таму што гэта грамадзянка Беларусі. Гэта гаворыць пра тое, што якую б ты пазыцыю ні займаў, усё ж такі ў Беларусі магчыма працаваць і тварыць, пісаць, выказваць свой пункт гледжаньня, пазыцыю і гэтак далей», — заявіў кіраўнік краіны.
То бок — якая там дыктатура! Дзякуючы мудраму кіраўніцтву ў краіне створаныя такія ўмовы для творчасьці, што можна нават натварыць на Нобэлеўскую прэмію.
Імкненьне прылучыцца да чужой славы, пакупацца ў яе промнях, стаць саўдзельнікам чужой перамогі, прымераць чужы ляўровы вянок, здаецца, адбываецца ў яго несьвядома, на ўзроўні інстынктаў.
Імкненьне прылучыцца да чужой славы, пакупацца ў яе промнях, стаць саўдзельнікам чужой перамогі, прымераць чужы ляўровы вянок, здаецца, адбываецца ў яго несьвядома, на ўзроўні інстынктаў. «Мы перамаглі!» — увесь час паўтарае ён, кажучы пра перамогу СССР у Другой усясьветнай вайне. Узгадайце, як ён даваў устаноўку Дар’і Домрачавай перад пераможным алімпійскім стартам. Ці пра булачкі для Вікі Азаранкі, якія, як упэўніваў Лукашэнка, ён ёй насіў, калі тая яшчэ толькі рабіла першыя крокі ў тэнісе.
Па-другое, паспрабаваць калі не ангажаваць, не схіліць Сьвятлану Алексіевіч на правільны шлях, то зрабіць прэвэнтыўныя захады, папярэдзіць, паставіць перад ёй нейкія маральныя перапоны, сьцяжкі, за якія нельга пераходзіць.
«Галоўнае цяпер — як ты распарадзісься гэтым багажом. Калі ты грамадзянка Беларусі, гэта твая зямля, твая дзяржава, падабаецца табе ці не падабаецца, але ты ўжо сёньня чалавек, які падняўся высока, паглядзім, як жа ты гэты імідж, гэты багаж, які ў цябе зьявіўся, выкарыстоўваеш на карысьць свайго народа», — казаў тады ж кіраўнік Беларусі.
І, нарэшце, па-трэцяе, Аляксандар Лукашэнка ўсяляк запэўніваў усіх, а хутчэй самога сябе, што ніякай небясьпекі для беларускага рэжыму гэтая падзея не нясе. Магчыма, тут мы назіраем фэномэн нейкага самазаклінаньня, самагіпнозу, веры ў тое, што калі нечага моцна хочаш і пра гэта ўголас кажаш, то яно так і будзе.
Аляксандар Лукашэнка ўсяляк запэўніваў усіх, а хутчэй самога сябе, што ніякай небясьпекі для беларускага рэжыму гэтая падзея не нясе.
У той жа заяве на АЭС кіраўнік Беларусі казаў: «Гэта добра, што чалавек мае сваю пазыцыю, можа, недзе і апазыцыйную... Так, гэта яе пункт гледжаньня, і ніякай я тут ня бачу асаблівай апазыцыйнасьці. Яна ж ня кліча людзей на плошчу. Яна супраць мяцяжоў». Нешта падобнае Лукашэнка паўтарыў і 11 кастрычніка падчас размовы з журналістамі на выбарчым участку.
У пятніцу 23 кастрычніка, калі ў Лошыцкім парку саджалі дрэва міру, паміж Аляксандрам Лукашэнкам і амбасадарам Швэцыі Марцінам Обэргам адбылася знамянальная размова, паказаная па тэлебачаньні. Швэдзкі дыплямат павіншаваў кіраўніка Беларусі з Нобэлеўскай прэміяй. «Больш ні з чым мяне павіншаваць ня хочаце?» — спытаў трохі пакрыўджаны Лукашэнка. Ён, відавочна, хацеў атрымаць віншаваньне зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах. Амбасадар трохі замяўся, далікатна ўсьміхнуўся і загаварыў пра кнігі Алексіевіч — маўляў, яшчэ іх не прачытаў. Лукашэнка паабяцаў яму іх падарыць. Што стварыла ўвогуле трохі экзыстэнцыяльную сытуацыю.
Але тут жа Лукашэнка стаў чарговым разам запэўніваць, што Сьвятлана Алексіевіч ніякая не апазыцыянэрка, у яе ёсьць свая думка, але ў нас жа свабода слова, яна ж на барыкады не заклікае. Адчувалася, што гэта балючая для яго тэма.
І вось літаральна назаўтра, 24 кастрычніка, узнагароджваючы ў Менску ордэнам Францыска Скарыны кампазытара Віктара Дробыша, Аляксандар Лукашэнка нечакана павярнуўся на 180 градусаў: «Скажу, зноў жа, пра нашых асобных „творцаў“, творчых асобаў, нават ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, якія не пасьпелі яшчэ яе атрымаць, выехалі за межы краіны і пастараліся цэбар бруду выліць на сваю краіну... Калі ты дрэнна кажаш пра Радзіму, саромеесься яе, значыць, ты перш за ўсё дрэнны сын».
Тут цікавы сам факт, што расейскі кампазытар, аўтар просьценькіх папсовых песенек, ганаруецца высокай узнагародай асабіста ад прэзыдэнта. А ўсясьветна вядомая беларуская пісьменьніца, ушанаваная найвышэйшай у сьвеце ацэнкай і прызнаньнем, зазнае абструкцыю.
Аляксандар Лукашэнка ня вытрымаў выпрабаваньня паліткарэктнасьцю і сарваўся, сказаў нарэшце тое, што насамрэч думаў увесь гэты час, але хаваў.
Што здарылася за гэтыя суткі, невядома. Магчыма, яму паказалі заявы Сьвятланы Алексіевіч. Але, што б там ні стала падставай, Аляксандар Лукашэнка ня вытрымаў выпрабаваньня паліткарэктнасьцю і сарваўся, сказаў нарэшце тое, што насамрэч думаў увесь гэты час, але хаваў. Ня вынесла душа паэта. Натура прарвалася наверх, скрозь тонкі слой талерантнасьці. Гэта якраз той выпадак, калі палітычная прырода бярэ верх над палітычнай мэтазгоднасьцю.
Сьвятлана Алексіевіч з годнасьцю адказала кіраўніку Беларусі: «Я ніколі не крытыкавала беларускі народ. Я крытыкавала Лукашэнку... І я спадзяюся, што Лукашэнка ня думае, як францускі манарх: „Дзяржава — гэта я“. Калі крытыкуеш яго, значыць, крытыкуеш народ. Гэта зусім ня так». Як пісаў Міхаіл Салтыкоў-Шчадрын, ня варта зьмешваць выразы «Отечество» і «Ваше превосходительство».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.