Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя выбары ва Ўкраіне: без адміністрацыйнага рэсурсу і манапольнага ўплыву


Мясцовыя выбары ва Ўкраіне: на адным з выбарчых участкаў
Мясцовыя выбары ва Ўкраіне: на адным з выбарчых участкаў

У нядзелю ва Ўкраіне адбыліся мясцовыя выбары. Па іхніх выніках ніводная партыя не атрымала ў мясцовых радах манапольнага ўплыву.

У сярэднім па Ўкраіне яўка склала 46,61% (парога яўкі на мясцовых выбарах ва Ўкраіне не існуе). Самая высокая яўка назіралася ў заходніх абласьцях краіны: у Цярнопальскай вобласьці — 56,48%, Львоўскай — 56,31%, Валынскай — 55,29%. Самая нізкая яўка была зафіксаваная ў Данецкай вобласьці (31,65%), Луганскай (35,27) і Херсонскай (37,41%). У Кіеве яўка склала 41,87% выбарцаў.

Безь вялікіх зьменаў

Дадзеныя экзыт-полаў паказваюць, што ў большасьці абласных цэнтраў для абраньня мэра спатрэбіцца другі тур, які адбудзецца 15 лістапада. У прыватнасьці, другі тур павінен прайсьці ў Кіеве, Днепрапятроўску, Запарожжы, Львове, Івана-Франкоўску, Палтаве.

Як адзначае Інтэрфакс-Украіна, «Блёк Пятра Парашэнкі» дамінуе ў гарадах цэнтру Ўкраіны, забясьпечвае сабе ўплывовыя фракцыі ў гарадзкіх радах заходняй часткі краіны, аднак не дасягае сур’ёзнага посьпеху на ўсходзе і поўдні. Захоўвае свае пазыцыі і «Самапомач», не дэманструючы пры гэтым значнага прагрэсу.

У той жа час назіраецца рост уплыву апазыцыйных партыяў — «Свабоды», «Радыкальнай партыі» і «УКРОПу».

«Апазыцыйны блёк» (былая Партыя рэгіёнаў) у цэлым захоўвае пазыцыі ў радах поўдня і ўсходу, аднак адціснуты ў Харкаве і Адэсе. Паводле папярэдніх дадзеных, «Апазыцыйны блёк» атрымлівае перамогу ў большасьці мясцовых радаў Данецкай і Луганскай абласьцей. У цэлым лідэр «Апазыцыйнага блёку» Юры Бойка заяўляе, што ягоная партыя перамагла на мясцовых выбарах у шасьці абласьцях.

«Адбылася абсалютная зьмена атмасфэры ў краіне»

У інтэрвію Радыё Свабода прафэсар паліталёгіі Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксей Гарань адзначыў, што каб аб’ектыўна ацаніць цяперашнія мясцовыя выбары ва Ўкраіне, трэба параўнаць іх з тым, што было раней.

Аляксей Гарань
Аляксей Гарань

«У параўнаньні зь мясцовымі выбарамі 2010 году гэта, вядома, неба і зямля. Цяперашнія выбары былі канкурэнтныя, а міліцыя і СБУ не працавалі на адну палітычную сілу — цяпер яны наагул не выкарыстоўваліся ў якасьці мэтаду палітычнага ціску. І гэта вельмі важна. То бок адбылася абсалютная зьмена атмасфэры ў краіне. Вельмі важна адзначыць, што паколькі ўжытая новая выбарчая сыстэма, ніводная партыя не атрымала манапольнага ўплыву ў мясцовых радах, і гэта несумненны плюс», — кажа экспэрт.

Гарань зьвяртае ўвагу на тое, што гэтыя выбары ўпершыню праходзілі паводле новай выбарчай сыстэмы. Згодна з новай сыстэмай выбарцу прапаноўвалася адначасова прагаласаваць за партыю, яе мясцовага лідэра, а таксама кандыдата, які вылучаны ў канкрэтнай акрузе, дзе і праходзіць галасаваньне.

«Трэба сказаць, што ўпершыню была апрабаваная гэтая сыстэма. Яе нельга назваць адкрытымі партыйнымі сьпісамі, але, ва ўсякім выпадку, гэта сыстэма, пры якой голас выбарцаў ранжыруе кандыдатаў у сьпісах партыяў. Вядома, гэта прымушала партыі аддаваць вялікую ўвагу самім кандыдатам, і вынік урэшце залежаў ад волі выбарцаў», — кажа ён.

Падлік галасоў на адным з выбарчых участкаў у Кіеве
Падлік галасоў на адным з выбарчых участкаў у Кіеве

З пункту гледжаньня Аляксея Гараня, яўка 46,62% — гэта нядрэнны вынік для мясцовых выбараў.

«Я лічу, што гэты паказчык нармальны. Таму што на мясцовых выбарах, і гэта сусьветная практыка, вынікі яўкі заўсёды ніжэйшыя, чым на агульнанацыянальных», — падкрэсьлівае ён.

Падчас выбарчай кампаніі адміністрацыйны рэсурс не выкарыстоўваўся, аднак узьнікалі іншыя праблемы, распавядае прафэсар паліталёгіі.

«Партыі і асобныя кандыдаты спрабавалі выкарыстаць непрамыя мэтады подкупу выбарцаў і ўплыву на працэс галасаваньня. Было шмат тэхнічных памылак. Паколькі прымае ўдзел шмат партыяў, адначасова ў бюлетэнях фігуруюць і партыі, і кандыдаты, то гэта часта прыводзіла да недакладнасьцяў у бюлетэнях. І ў выніку ў шэрагу месцаў з-за гэтых парушэньняў было заяўлена, што выбары будуць праведзеныя зноўку», — кажа Гарань.

На адным з выбарчых участкаў у Кіеве
На адным з выбарчых участкаў у Кіеве

На дадзены момант вядома, што ў шэрагу гарадоў выбары не адбыліся — напрыклад, у Марыюпалі, Чырвонаармейску і Сватаве. Паведамляецца, што гэта зьвязана з памылкамі пры друкаваньні бюлетэняў.

«У прыватнасьці, у якасьці прыкладу можна ўзяць горад Марыюпаль. Там, на жаль, дзеяньні алігарха Ахметава прывялі да таго, што былі парушаныя правілы падрыхтоўкі і друку выбарчых бюлетэняў і іх дастаўкі на тэрытарыяльныя камісіі. У выніку гэтага выбары не адбыліся ў Марыюпалі (а гэта 15 кілямэтраў ад лініі фронту), і, мяркуючы па ўсім, яны адбудуцца 15-га лістапада, калі будзе другі тур мясцовых выбараў», — тлумачыць прафэсар паліталёгіі.

Мясцовыя выбары не праводзіліся ў анэксаваным Расеяй Крыме і ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей, дзе фактычная ўлада — прарасейскія баевікі з груповак «ДНР» і «ЛНР».

Як вынікае з прапанаваных прэзыдэнтам Украіны канстытуцыйных зьменаў, пераможцы сёлетніх выбараў атрымаюць крэслы ўсяго на два гады. Пасьля завяршэньня рэформы па дэцэнтралізацыі ў 2017 годзе павінны адбыцца новыя выбары, на якіх украінцы выберуць мясцовую ўладу ўжо з новымі паўнамоцтвамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG