Зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў жыве «сьціпла» — у пасёлку Дразды, недалёка ад рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Ахоўвае Бакіева служба бясьпекі прэзыдэнта Беларусі.
Пра гэта Курманбек Бакіеў распавёў на прэс-канфэрэнцыі з нагоды выхаду ягонай кнігі «Боль, любоў і надзея: мой Кіргізстан».
На пытаньне TUT.BY, на якія сродкі Бакіеў жыве, ён адказаў, што 30 гадоў працаваў на кіраўнічых пасадах, добра зарабляў як дырэктар заводу, мэр гораду, губэрнатар, прэм’ер, а затым прэзыдэнт:
«Няўжо я ня маю сродкаў, каб нармальна жыць?»
Ён сказаў, што жыве «сьціпла» — у пасёлку Дразды. Ахоўвае Бакіева служба бясьпекі прэзыдэнта Беларусі.
З Лукашэнкам Бакіеў кантактуе рэдка — не жадае «злоўжываць сяброўствам і лішні раз тузаць прэзыдэнта».
«Але жывем недалёка, часам сустрэнемся — вясной-летам — гаворым пра дзяцей, унукаў, пра палітыку стараемся не гаварыць».
Лукашэнка быў захоплены, кажа Бакіеў, калі ягоная дачка прачытала паэму на беларускай мове. Ён адзначыў, што адразу сказаў дзецям вучыць беларускую мову: «Калі жывеш у краіне, павінен ведаць і паважаць яе мову».
Паводле Бакіева, яму самому няма неабходнасьці гаварыць па-беларуску, але ён разумее адсоткаў 80 навін.
Бакіеў назваў Беларусь сваёй другой Радзімай: «Да Беларусі я моцна прыкіпеў». Кажучы пра свае пляны, ён не выключыў вяртаньня ў Кіргізстан, калі там зьменіцца ўлада, аднак будучыню сваіх дзяцей ён бачыць у Беларусі.
Курманбек Бакіеў ня стаў даваць ацэнку падзеям ва Ўкраіне, заўважыўшы толькі: «Хто б мог падумаць, што гэта можа быць паміж двума братэрскімі народамі».
На фуршэце пасьля прэзэнтацыі кнігі Курманбек Бакіеў падняў тост «за мір і спакой» у Беларусі.
Бакіеў таксама распавёў, што ў Беларусі займаецца дзецьмі і ўнукамі: «Гэта аказалася клапатлівай справай». Дачка зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану вучыцца ў 9-й клясе менскай гімназіі, «выдатна размаўляе на беларускай, расейскай і ангельскай мовах», малодшы сын — у пятым клясе. Старэйшыя сыны Бакіева — Максім і Марат — займаюцца бізнэсам. Максім жыве ў Лёндане і, насуперак чуткам, у Менск не прыяжджаў.
Бакіеў распавёў, што, як і раней, захоплены паляваньнем, адкрыў для сябе рыбалку і займаецца кожны дзень спортам — мінімум гадзіну раніцай.
«Знаёмлюся з простымі людзьмі, ежджу шмат, цяпер ведаю мэнталітэт беларусаў», — распавёў ён.
Бакіеў назваў беларусаў добрым, адкрытым, гасьцінным і адукаваным народам, пахваліў беларускую ахову здароўя і адукацыю.
У кнізе Бакіеў падае сваю вэрсію падзеяў 7 красавіка 2010 году ў Бішкеку. Ён адзначыў, што пачаў пісаць сваю кнігу ў мінулым годзе з трох прычын.
Па-першае, таму, што на яго «працягваюцца нападкі» сёньняшніх кіргіскіх уладаў.
Другая прычына — кніга журналіста Ырысбека Амурзакава, у якой аўтар падкрэсьлівае, што ніводзін з тых, хто загінуў у той дзень, паводле дадзеных экспэртызы, ня быў застрэлены са зброі абаронцаў Белага дому.
Трэцяя прычына — цяперашнія ўлады, на думку экс-прэзыдэнта, прысвойваюць сабе тыя эканамічныя праекты, якія ён пачынаў, калі быў кіраўніком Кіргізстану.
Сёньняшнія суды ў дачыненьні да яго, ягоных прыхільнікаў і сваякоў ён назваў «палітычнай замовай».
Бакіеў не шкадуе, што прыняў рашэньне не разганяць пратэсты, а пакінуць краіну: «Я мог, як і прэзыдэнт Сырыі, сказаць: „Я легітымны прэзыдэнт і працягваю кіраваць краінай“». У гэтым выпадку, лічыць Бакіеў, было б больш крыві. Ён заявіў, што прыняў рашэньне пакінуць Кіргізстан пасьля тэлефоннай размовы з Уладзімерам Пуціным.
Бакіеў заявіў, што шкадуе, што «дапусьціў чалавечыя ахвяры, ня змог прадухіліць іх».
«За гэтыя гады прыклеіўся ярлык „забойца“, людаед, чаго толькі я не чуў у свой адрас. І гэта ня просты абываталь кажа, а чалавек, які кіруе краінай», — цытуе БелаПАН Бакіева.
У выніку штурму Дома ўраду ў Бішкеку 7 красавіка загінула больш за сто чалавек. Экс-прэзыдэнт Кіргізстана заявіў, што не аддаваў загад страляць па людзях: «Па законе у выпадку нападу на Белы дом ахова мае права прымяняць зброю без загаду». Паводле яго слоў, Жаныбек Бакіеў, яго брат, які ў той час узначальваў Службу дзяржаўнай аховы, таксама казаў, што каманды страляць на паразу не было, а праваахоўнікі выкарыстоўвалі толькі сьлезацечны газ і гумовыя кулі.
Рэвалюцыя ў Кіргізстане, лічыць Бакіеў, была б немагчымая бяз вонкавага ўмяшаньня і фінансавай падтрымкі. Ён перакананы, што простыя кіргізы не маглі кіраваць бронетранспартэрамі, якія выкарыстоўвалі паўстанцы. «Гэта была добра падрыхтаваная апэрацыя... Я здагадваюся, хто ўмяшаўся, але сказаць не магу. За сябе я не баюся, але могуць пацярпець іншыя людзі».
Бакіеў заявіў, што 7 красавіка 2010 году ён таксама не зьбіраўся «зачышчаць» паўстанцаў каля Дома ўраду, паколькі тады «ахвяр было б больш». «Я не пайшоў па гэтым шляху, для мяне ён быў непрымальны», — сказаў ён.