У Магілёве каля адной з цэркваў абмежавалі жабраваньне, спасылаючыся на тое, што жабракі засьмечваюць сьвятыню. У сваю чаргу, тыя, хто прыходзіць да храма прасіць міласьціну, лічаць, што зь імі абышліся несправядліва.
Катэдральны сабор Трох Сьвяціцеляў у цэнтры гораду. Непадалёк будынак аблвыканкаму ды Лялечны тэатар. Штодня пад гэтай сьвятыняй зьбіралася на жабраваньне стракатая кампанія мужчын і жанчын. Апошнія некалькі тыдняў каля галоўнага ўваходу ў сабор іх не відаць.
У мінулую нядзелю журналіст пабачыў каля сьвятыні не зусім звычайную карціну. Ад бажніцы адганялі старога на мыліцах. Ён асабліва не супраціўляўся, але адыходзіў неахвотна. Пакуль ішоў прэч ад храма, адна зь верніц вынесла мужчыну невялікі пірог.
На пытаньне, ці прагналі яго ад царквы, стары сьцьвярджальна кінуў галавой.
«Можа, ты мне дапаможаш, — зьвярнуўся ён да журналіста. — Я ў царкву прыйшоў, бо вернік, дык да Бога прыйшоў. Я ж ні ў чыю кватэру не прыйшоў, а да Бога. Ён мне кавалак хлеба дае. Мне Бог дапамагае», — раз за разам паўтараў стары.
«Дык чаго вас праганяюць?» — зноў пытаюся ў старога.
«Ня ведаю, — адказвае той. — Кажуць, не паложана».
Пачуўшы пытаньні журналіста, адна з наведвальніц храма адказала на іх:
«Бо яны п’юць ды засьмечваюць царкву, таму і не паложана».
Стары на закід жанчыны адрэагаваў па-свойму:
«Я да Бога прыйшоў. Якая выпіўка? Я ж на гэтых палках, паглядзіце. Нап’юся, дык заб’юся. Гарбату дык моцную п’ю. У кіёсках прашу».
За гутаркай амаль васьмідзесяцігадовага Альберта — гэтак завуць старога — з журналістам здалёк назіралі яшчэ некалькі небаракаў, якіх адагналі ад царквы. Усе яны былі на добрым падпітку.
У эпархіяльнай управе кажуць, што мусілі абмежаваць жабраваньне ля царквы. Многія прыходзяць, каб нажабраваць на выпіўку, кажуць ва ўправе. Некаторыя, не адыходзячы ад царквы, спраўляюць свае патрэбы.
«Гэтыя людзі зьбіраюць грошы толькі на п’янку. Калі ім сапраўды патрэбная дапамога, мы ім выдаём гарачае харчаваньне, вопратку, харчы, — кажа адзін з супрацоўнікаў управы. — Але тое, што яны робяць каля храму, — блюзьнерства. Днямі яны ў прытворы проста наванітавалі. Дарэчы, прыходзяць яны заўжды нападпітку. Даводзіцца пастаянна хадзіць і дзяжурыць. У міліцыі зь імі ня могуць нічога зрабіць».
Стары, якога на вачах журналіста выправадзілі зь цьвінтара, паводле суразмоўцы, прыходзіць жабраваць рэгулярна. Што назьбірае, тое прапівае.
Сёньня да храму зноў прыйшлі заўсёднікі па міласьціну. Зь пяці толькі адна жанчына была цьвярозая. На пытаньне, за што гоняць ад царквы, жанчына прызналася: бо п’яныя прыходзім. Але я цьвярозая цяпер, сказала суразмоўніца:
«Я пэнсію пакуль не атрымліваю. Скралі працоўную кніжку. Мне працаваць нельга. У мяне нага баліць. Я днямі вярнулася з Падмаскоўя з рабства. Тут пад царквой толькі рублёў дваццаць-трыццаць назьбіраеш», — кажа пра сваю жыцьцёвую сытуацыю жанчына.
Бывае гэтак, што лепей будзе набыць нейкіх прадуктаў і аддаць іх таму, хто мае патрэбу, чым даваць грошы
Многія наведнікі царквы не зьвярнулі ўвагі на тое, што жабракі зьніклі. На пытаньне, ці даюць міласьціну, усе, з кім давялося пагутарыць, адказвалі сьцьвярджальна.
«Бачна ж, каму даеш. Стараесься калекам. Яны ж лёсам пакрыўджаныя, — тлумачыць жанчына сталага веку. — Што яму яшчэ застаецца рабіць, пэнсія ж мізэрная. Паспачуваеш і дасі».
«Даю, але ня часта, — кажа наступная суразмоўніца. — Я ведаю, куды мае грошы пойдуць. На п’янку».
«Наагул кажуць, што ня трэба даваць, — далучаецца да гутаркі яшчэ адна жанчына. — Хто міласьціну просіць? Пераважна п’яніцы ды папрашайкі. Па іх відаць, што прап’юць. Мне ня важна, куды яны патрацяць гэтыя грошы. Мне іх шкада, таму даю».
На думку супрацоўніка эпархіяльнай управы, якога журналіст папрасіў пракамэнтаваць адказы наведнікаў царквы, такая пазыцыя людзей сьведчыць, што яны стараюцца адкупіцца:
«Ёсьць любоў, а ёсьць дагаджаньне чалавеку. Гэта калі людзі адкупляюцца ад другіх людзей і ня хочуць тым самым ім дапамагчы сацыяльна адаптавацца. Калі мы бачым, што чалавек сапраўды прыйшоў па дапамогу і сродкі пойдуць на харчаваньне ды на паляпшэньне сацыяльных умоваў, то такім дапамагаем найперш».
«Дапамагаць варта, але абачліва», — кажа пра сытуацыю з тымі, хто жабруе каля цэркваў, адзін з праваслаўных сьвятароў Магілёўскай вобласьці.
«Калі, напрыклад, наркаману даць грошы на наркотыкі, то ён сябе імі заб’е, і гэта будзе яшчэ большым грахом, — кажа сьвятар. — Трэба ўсё ж больш уважліва глядзець, каму мы даём. Бывае гэтак, што лепей будзе набыць нейкіх прадуктаў і аддаць іх таму, хто мае патрэбу, чым даваць грошы. Калі мы адчуваем, што яны не на карысьць пойдуць, то даваць нельга».