Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадэты сфатаграфаваліся ў цішотках з «Пагоняй»: «Нам па 16 год, узрост хоць і маленькі, але мы любім сваю краіну»


Belarus - Students of Cadet School in Yastrambel near Baranavichy, took pictures with the ancient Belarusian coat of arms Pahonia under uniform, 16Oct2015
Belarus - Students of Cadet School in Yastrambel near Baranavichy, took pictures with the ancient Belarusian coat of arms Pahonia under uniform, 16Oct2015

Адзін з хлопцаў са здымку, які вірусным чынам разьлятаецца па інтэрнэце, распавёў Свабодзе пра свае погляды на «Плошчу», беларускую палітыку і нацыянальную сымболіку.

Здымак, што апублікавала ВК-суполка «Мая краіна Беларусь» з подпісам «Прывітаньне з Баранавічаў», разыходзіцца па сацсетках.

У камэнтарах некаторыя засьцерагаюць хлопцаў ад перасьледу (хоць міністар унутраных спраў нядаўна нагадваў, што ў Адміністратыўным кодэксе не прапісаная норма затрыманьня кагосьці за тое, што ён носіць адзеньне з «Пагоняй»).

Іншыя выказваюць захапленьне: «Будучыня наша! Болей бы такіх!», «Мы не дарма жылі», «Проста Спайдэрмэны!», «Раней быў значна горшайдумкі пра кадэтаў і сувораўцаў, бо з гэтымі навучальнымі ўстановамі шчыльна працуюць казакі і РПЦ», «Але ж галоўнае ня майкі, а чысьціня позірку, інтэлектуальны выгляд ды шчырасьць твараў. Гэтыя АМАлПамі ня стануць».

Адзін з хлопцаў на фота пацьвердзіў Свабодзе, што ўсе чацьвёра на самой справе вучацца ў кадэцкай вучэльні ў Ястрамблі (пад Баранавічамі), але падкрэсьлівае, што яны там не адны такія:

«Ня толькі гэтыя чатыры чалавекі, што былі на фота, у нас падзяляюць такія погляды. Раней сюды паступалі проста так, бацькі аддавалі дзяцей, каб выхоўвалі ў строгасьці. Толькі ў гэтым годзе нам сказалі, што ўсе павінны паступаць у ваенную структуру. Калі я хачу ісьці на таго ж геадэзіста, мяне будуць прымушаць ісьці вайскоўцам. Мне здаецца, калі ў нас такі прэзыдэнт, мо ня прыйдзецца бараніць радзіму, а мо і прыйдзецца. Але я не на вайсковую спэцыяльнасьць пайду, можна ламаць гэтую сыстэму.

Гісторыю сваёй краіны, як мне здаецца, павінен ведаць кожны. Нам па 16 гадоў, узрост хоць і маленькі, але мы любім сваю краіну, цікавімся яе гісторыяй спакон вякоў. Цікаўнасьць да ўсяго гэтага, да «Пагоні», — гэта само прыйшло. У 10-м годзе глядзеў на тыя выбары, як «Плошча» была, у гэтым годзе глядзеў гэта ўсё. Ад гэтага і палітычныя погляды склаліся нейкія. Плянаваў прыехаць на «Плошчу», але ў нас у вучэльні такая справа...

Выбары-выбары, усе за гэта баяцца, ведаюць, што навучэнцы схільныя да апазыцыі, таму нікога не выпускалі яшчэ 10-га, а мо і раней.

Мне здаецца, калі менавіта ў гэты момант палітыкі, кандыдаты пачнуць пра зьмену сымболікі гаварыць, народ за гэтым не пацягнецца. Варта, каб кандыдаты пра гэта не казалі, а потым неяк зрабілі. Усе памятаюць, што ў 95-м годзе Лукашэнка яе замяніў. Ды большасьць народу думае, што гэта калябаранты выкарыстоўвалі і Міхал Вітушка (а то і Сьцяпан Бандэра, думаюць). Хоць я такога не адмаўляю, але ўсялякія домыслы ачарняюць бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню». Для мяне гэта сьцяг незалежнай Беларусі і БНР.

Я б на гэтых выбарах не галасаваў ні за кога. А далей — я ня ведаю, што і казаць. Мне здаецца, ня будзе ніякага моцнага палітыка. Пакуль здаецца, што Лукашэнка будзе ў нас заўсёды, да канца свайго жыцьця прэзыдэнтам: яго падтрымліваюць з расейскага боку, цяпер ён наладзіў яшчэ крышачку адносіны з Эўропай. А акрамя Лукашэнкі, народ нікога больш ня ведае, ні ў Беларусі, ні нават палітыкаў за мяжой, з Украіны, з Расеі. Магу дапусьціць, што хіба Статкевіча могуць ведаць. Калі б Статкевіч пайшоў на наступныя выбары, я б за яго прагаласаваў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG