Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Шуневіч: «Нікога за шалікі з Пагоняй не затрымлівалі»


Ігар Шуневіч (у цэнтры)
Ігар Шуневіч (у цэнтры)

«Блогер — гэта што, новая прафэсія?» — гэтак адрэагаваў міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч на зварот Антона Матолькі.

Міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч сёньня пасьля свайго выступу ў Палаце прадстаўнікоў пракамэнтаваў журналістам сытуацыю з затрыманьнем футбольных фанатаў падчас гульні чэмпіянату Эўропы паміж Беларусьсю і Македоніяй у Барысаве.

У сродках масавай інфармацыі было паведамлена, што некалькі чалавек былі затрыманыя толькі за тое, што на іх былі шалікі з выявай Пагоні.

«Гэта ўсё няпраўда, — сказаў міністар. — Гэтыя людзі затрыманыя ў адміністратыўным парадку зусім не за гэта. Яны брыдкасловілі, ужывалі нецэнзурныя выразы, былі п’яныя, паводзілі сябе няветліва адносна іншых заўзятараў. Калі хто ў гэта ня верыць, то ў нас ёсьць відэазапіс гэтага эпізоду і ёсьць паказаньні сьведак. Таму гэтыя людзі затрыманыя менавіта за парушэньне грамадзкага парадку».

На пытаньне журналістаў, ці мае права футбольны заўзятар, які цьвярозы і вядзе сябе прыстойна, прыйсьці на футбольны матч з выявай Пагоні, міністар Шуневіч адказаў так:

«У Адміністратыўным кодэксе прапісаныя ўсе парушэньні, за якія супрацоўнікі міліцыі могуць затрымаць кагосьці. Калі такога парушэньня не прапісана, то, адпаведна, супрацоўнікі міліцыі ня маюць права затрымліваць чалавека. Я хачу вам сказаць, што я ня памятаю, каб у адміністратыўным кодэксе была прапісаная норма затрыманьня кагосьці за тое, што ён носіць адзеньне з выявай Пагоні».

Калі журналісты запыталіся, ці адказаў міністар на аналягічнае пытаньне блогера Антона Матолькі, які публічна заявіў, што ён зьвярнуўся з адпаведным лістом з запытам да кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў, на гэта Ігар Шуневіч адказаў:

«Блогер — гэта што, новая прафэсія? Ён да мяне не зьвяртаўся. Але калі ён зьвернецца сапраўды, то адказ ён атрымае, таму што ў нас дзейнічае закон аб працы са зваротамі і лістамі грамадзян Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG