З кастрычніка кампанія «А-100» стала дубляваць усе свае пасты ў сацыяльных сетках на расейскай мове. Афіцыйнай заявы наконт пераходу на дзьвюхмоўе кампанія не рабіла.
З 1 студзеня 2015 году свае старонкі «Ўкантакце» і ў Фэйсбуку «А-100» пачала весьці выключна па-беларуску.
«Сябры, з 1 студзеня 2015 году афіцыйная група сеткі АЗС „А-100“ будзе весьціся на мілагучнай беларускай мове. Новае гучаньне — новае аблічча „А-100“!», — пісалі яны тады ў сацсетках.
Неўзабаве на беларускую мову былі перакладзеныя ўсе шыльды й нават цэтлікі на аўтазапраўках «А-100». Больш за тое, па-беларуску загаварылі супрацоўнікі аўтазаправак. У сваім рэпартажы Свабода ўпэўнілася, што абвешчаная беларусізацыя адбылася: з кліентамі на запраўках насамрэч размаўлялі па-беларуску.
Ужо праз чатыры месяцы пасьля пераходу на абслугоўваньне на беларускай мове Ніна Ніканорава, кіраўнік упраўленьня маркетынгу кампаніі, расказала Свабодзе, што беларусізацыя прынесла кампаніі прыбытак — у яе вырасьлі продажы
«Продажы павялічыліся, — сказала Ніканорава. — Бо мы прыцягнулі да сябе частку модных і прагрэсіўных беларусаў, якія падзяляюць нашу пазыцыю што да пашырэньня выкарыстаньня беларускай мовы».
З чым жа зьвязаны пераход да дзьвюхмоўя ў сацсетках, высьветліць пакуль не ўдалося.