Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы цалкам беларускі бізнэс і жадаем, каб наша мова гучала і адраджалася», — гендырэктар «А-100»


Гендырэктар «А-100»: «Мы цалкам беларускі бізнэс і жадаем, каб наша мова гучала»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:10 0:00

Гендырэктар «А-100»: «Мы цалкам беларускі бізнэс і жадаем, каб наша мова гучала»

Сетка аўтазаправачных станцыяў «А-100» з 1 студзеня 2015 году распачала пераход на беларускую мову. Гэта тычыцца працоўнай мовы, а таксама тэхнічнага і рэклямнага аздабленьня.

Кіраўніцтва кампаніі называе гэта першымі крокамі доўгатэрміновага праекту беларусізацыі «А-100 АЗС». Прапануем эксклюзіўнае інтэрвію з генэральнай дырэктаркай кампаніі Ірынай Валадзько.

Валадзько: «Распачну з таго, што гэта — сацыяльны праект па адраджэньні беларускай мовы. Сёньня мы абслугоўваем кліентаў на дзьвюх дзяржаўных мовах: на беларускай і на расейскай. Мы жадаем, каб да беларускай мовы было крыху іншае стаўленьне, каб людзі далучаліся да беларускай культуры, каб беларуская мова гучала шырэй. Таму і рэкамэндуем сваім супрацоўнікам размаўляць на беларускай мове, абслугоўваць наведнікаў на беларускай мове. Тыя, у каго гэта атрымліваецца вольна, робяць гэта ўжо сёньня, тыя, каму цяжка, — рыхтуюцца і будуць размаўляць крыху пазьней. Падкрэсьліваю, што гэта — не прымусовы праект».

Карэспандэнтка: «Калі зьявілася такая ініцыятыва — працаваць па-беларуску? І з чаго пачаўся гэты праект, якія былі першыя крокі ў гэтым кірунку?»

Валадзько: «Гэты год — гэта год падрыхтоўкі. І я вельмі спадзяюся, што вы ў большасьці сваёй на нашых станцыях будзеце чуць беларускую мову. Гэта вельмі маштабна, бо ў нас сёньня працуе трыццаць тры станцыі і амаль пяцьсот чалавек. Таму падрыхтаваць усіх — вось наша задача на гэты год.

А пачалі гэта рабіць разам з курсамі „Мова Нанова“ — гэта бясплатная ініцыятыва таленавітых выкладчыкаў Алесі Літвіноўскай і Глеба Лабадзенкі. Яны нам вельмі дапамаглі ў тым, як мы сёньня гучым».

Карэспандэнтка: «Як паставіліся да ідэі пераходу на беларускую мову самі супрацоўнікі вашай кампаніі? Ці ўсе ахвотна пагадзіліся гаварыць па-беларуску?»

Валадзько: «Я вельмі ганаруся тым, што нашы супрацоўнікі падхапілі ідэю і захапіліся ёю падчас падрыхтоўкі. Больш за тое — у нас працуюць вельмі таленавітыя людзі, і многія зь іх дасканала ведаюць беларускую мову. Таму нейкіх цяжкасьцяў не ўзьнікала. Сёлета і ў наступным годзе на нашых паліўных станцыях вы будзеце чуць дзьве дзяржаўныя мовы: і расейскую, і беларускую, але я спадзяюся, што ў большасьці вы будзеце чуць беларускую мову. Мы жадаем больш размаўляць на беларускай мове, каб яна гучала. Не бывае ўсё „на раз“ і адразу на сто адсоткаў. Таму мы паступова рухаемся ў гэтым кірунку».

Карэспандэнтка: «Якой была і ёсьць рэакцыя на беларускую мову наведнікаў вашых станцыяў, карыстальнікаў паслуг?»

Валадзько: «Мне вельмі прыемна, што маем вельмі станоўчую рэакцыю нашых кліентаў. Для мяне гэта вельмі прыемная і вельмі вялікая нечаканасьць».

Карэспандэнтка: «І ўсё ж — што для вас сталася галоўным штуршком і стымулам для таго, каб пачаць працаваць па-беларуску?»

Валадзько: «Наша краіна вельмі прыгожая, яна адметная. І мы як жыхары гэтай краіны павінны чымсьці адрозьнівацца ад іншых людзей. Вы толькі паслухайце, як прыгожа гучыць наша мова! Чаму ёю не ганарыцца і не адрозьнівацца? Таму мы, як цалкам беларускі бізнэс, як беларуская кампанія, жадаем, каб яна гучала, каб яна адраджалася, і робім крокі ў гэтым кірунку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG