Як удакладніў міністар энэргетыкі Ўладзімер Патупчык, падвышэньне коштаў чакаецца і ў кароткатэрміновай пэрспэктыве, і ў сярэднетэрміновай:
«Тарыфы для насельніцтва будуць падвышацца, але гэта будзе ўвязана з ростам прыбыткаў нашых грамадзянаў. Што тычыцца рэальнага сэктару эканомікі, то тарыфы на 2016 год мяняцца ня будуць. Дарэчы, хачу сказаць, што ўжо на працягу трох гадоў тарыфы для рэальнага сэктару ўвесь час зьмяншаюцца. Гэта вынік той вялікай працы, якая праведзена ў нашай галіне дзеля падвышэньня яе энэргаэфэктыўнасьці».
Па словах спадара Патупчыка, павелічэньне тарыфаў для насельніцтва і мадэрнізацыя прамысловага сэктару дазволяць ашчаджаць у маштабах краіны 200 мільёнаў даляраў. Такім чынам, падсумаваў чыноўнік, ведамства робіць свой унёсак у «стабільнасьць на валютным рынку і падвышэньне канкурэнтаздольнасьці беларускай эканомікі».
Праўда, якога менавіта росту трэба чакаць неўзабаве — кіраўнік Міністэрства энэргетыкі не ўдакладніў. Аднак яшчэ раней быў агучаны намер ускласьці камунальныя выдаткі на насельніцтва ў 100-працэнтным аб’ёме. Між тым, як лічыць эканаміст Іван Анташкевіч, у сытуацыі зьніжэньня ўзроўню даходаў нават мінімальнае падвышэньне тарыфаў наўрад ці знойдзе разуменьне ў грамадзтве:
«Яны ўвесь час гэтым палохаюць, але калі давядуць да 100%, вы ж разумееце, што ні да якіх сэрцаў тут не дастукаесься. Пры такім раскладзе сытуацыя прывядзе да нулявых заробкаў у людзей, бо ўсе даходы давядзецца аддаваць на электрычнасьць, ваду, абагрэў і г.д. Другая праблема — мы абсалютна ня ведаем, які там увогуле сабекошт у жыльлёва-камунальным сэктары. Можна гаварыць, што 100% ужо плацім, і з такім жа посьпехам можна казаць, што плацім 50% ці 30%. Вельмі ўсё заблытана, і насельніцтву нічога толкам не тлумачаць. У любым выпадку росту трэба чакаць, па ўсіх напрамках. Сытуацыя ўвогуле досыць цікавая. З аднаго боку, гэта аргумэнтавана з боку ўраду: трэба ж недзе браць грошы, бо і курсы бягуць, да якіх усё прывязана, і датацыі вырашана скарачаць у гэты сэктар, і ў прынцыпе жыцьцё не становіцца таньнейшым. Таму шмат чаго можна нагаварыць. Зь іншага боку, усе і так бачаць, якая насамрэч эканамічная сытуацыя ў краіне, грошы трэба аднекуль браць. І, як гэта водзіцца, найперш будуць браць у людзей».
Незалежныя экспэрты сыходзяцца на думцы, што дзеля падвышэньня тарыфаў на камунальныя паслугі, у тым ліку платы за электраэнэргію, патрэбна сур’ёзнае абгрунтаваньне. Энэргетыка ў Беларусі завязаная пераважна на нафту, якая істотна патаньнела. Адпаведна, і вытворныя ад яе павінны не даражэць, а як мінімум заставацца на тым жа ўзроўні. Але самы галоўны аргумэнт — заробкі людзей ня толькі не павялічваюцца, а ў валютным эквіваленце зьніжаюцца. Нагадаем, што менавіта з ростам прыбыткаў грамадзянаў абяцаў увязваць рост тарыфаў міністар энэргетыкі Ўладзімер Патупчык.
У параўнаньні са сьнежнем 2014-га ў цэлым паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі вырасьлі на 23%.
Тым часам некаторыя паслугі ад пачатку году падаражэлі ледзь не напалову. Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у параўнаньні са сьнежнем 2014-га ў цэлым паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі вырасьлі на 23%. Найбольш шпаркімі тэмпамі падвышаўся кошт тэхабслугоўваньня жылых памяшканьняў (на 43%) і водазабесьпячэньне (35%).
Істотны рост зафіксаваны і ў іншых сфэрах. Так, бытавыя паслугі вырасьлі на 10%, квіткі на міжнародны чыгуначны транспарт — на 20%, на авіяпералёты — на 25%, на турыстычныя паслугі — на 26%.
Сярод прамысловых тавараў першынства ў росьце коштаў утрымліваюць ровары і матацыклы (22%), мэдыкамэнты (21%), мыйныя сродкі (18%), бытавыя электратавары (15%).
Некаторыя прадукты харчаваньня ад канца 2014 году падаражэлі ледзь не напалову: садавіна — на 47%, алей — на 40%, гарбата — на 25%, рыба і морапрадукты — на 23%, цукар — на 19%, крупы — на 16%.
Некаторыя прадукты харчаваньня ад канца мінулага году падаражэлі ледзь не напалову. Так, садавіна падскочыла ў цане на 47%, алей — на 40%, гарбата — на 25%, рыба і морапрадукты — на 23%, цукар — на 19%, крупы — на 16%.
Бліжэйшым часам чакаецца падвышэньне цэньніка на праезд у грамадзкім транспарце. Адказныя за галіну даўно наракаюць на стратныя пасажырскія перавозкі, кажучы, што іх кошт павінен быць удвая вышэйшы за цяперашні. Але, на думку экспэртаў, наўрад ці ўлады адважацца на радыкальныя крокі, абмежаваўшыся ростам на 20–30%. Зрэшты, нават такая карэкцыя наўрад ці стане паратункам — інфляцыя хутка зьядае дробныя надбаўкі.