Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Караткевіч ёсьць тры дні, каб абскардзіць вынікі выбараў у ЦВК


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына сёньня адказала на пытаньне Свабоды, ці маюць магчымасьць кандыдаты на прэзыдэнта, якія афіцыйна прайгралі Аляксандру Лукашэнку, аспрэчыць вынікі выбараў у Вярхоўным судзе Беларусі:

«Такіх магчымасьцяў у іх няма. Яны могуць цягам трох дзён зьвярнуцца ў Цэнтральную выбарчую камісію аб прызнаньні вынікаў выбараў несапраўднымі. І калі ЦВК адмовіць у такім прызнаньні, то наша рашэньне будзе канчатковым.

А вось калі ЦВК прызнае вынікі выбараў несапраўднымі па асобным участку альбо па ўсёй краіне, то гэтае рашэньне можна аспрэчыць у Вярхоўным судзе».

Спэцыяліст у галіне выбарчага права Сяргей Альфер так пракамэнтаваў выказваньні старшыні ЦВК:

Сяргей Альфер
Сяргей Альфер

«Ярмошына абсалютна мае рацыю. Тут, як кажуць, ні дадаць, ні адняць. Выбарчае заканадаўства Беларусі не прадугледжвае магчымасьці кандыдатаў аспрэчыць вынікі выбараў у судовым парадку. Гэта можна зрабіць толькі ў адміністратыўным парадку.

У нас можна аспрэчыць толькі тое, што прапісана ў законе. То бок у дачыненьні да выбарчага працэсу норма артыкула 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пра тое, што кожны грамадзянін можа зьвярнуцца ў суд, ня дзейнічае. У выніку атрымліваецца цікавая сытуацыя. Калі выбары прызнаныя, то аспрэчыць іх праз суд нельга. А вось калі вынікі не прызнаныя самой Цэнтральнай камісіяй, то тады іх можна аспрэчыць празь Вярхоўны суд.

Што зробіш, калі такое заканадаўства? Ва ўсіх нашых суседзяў, я ўжо не кажу пра Польшчу, Літву, Латвію, а нават і ў Расеі, і ва Ўкраіне, такога, як у нас, няма. Бо там паўсюль дзейнічае канстытуцыйная норма — любы грамадзянін можа зьвярнуцца ў суд па любым пытаньні. Там няма абмежаваньня. Гэта толькі Рэспубліка Беларусь засталася такім дыназаўрам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG