Інстытут сацыялёгіі Акадэміі навук налічыў у экзыт-полах 82,9% Аляксандру Лукашэнку, Сяргею Гайдукевічу 4,4% і 4,3% Тацяне Караткевіч.
Экзыт-пол Моладзевай лябараторыі сацыялагічных даследаваньняў Рэспубліканскага саюзу грамадзкіх аб’яднаньняў «Беларускі камітэт моладзевых арганізацый» аддае 84,1 Аляксандру Лукашэнку, Сяргею Гайдукевічу 5,2 і 4,9% Тацяне Караткевіч. Пра гэта паведамляе тэлеканал Беларусь-1.
Кандыдатка ў прэзыдэнты Тацяна Караткевіч даведалася пра гэтыя лічбы падчас вячэры ў рэстарацыі «Грунвальд».
Тацяна Караткевіч: «Няма падставаў давяраць гэтым лічбам. Вельмі малая колькасьць невядомых арганізацыяў праводзіць гэтыя экзыт-полы. Думаю, што яны будуць блізкія па значэньні лічбам, якія агучыць ЦВК.
Мы ведалі, куды ідзем. Мы ведалі, што хочам аб’яднаць людзей і даць ім альтэрнатыву. Гэта самае галоўнае. Вось гэтым лічбам дакладна ніхто ня верыць. Сёньня ўжо ня важна, як падлічваюць, важна, як галасуюць і каму давяраюць. Я лічу, што я ўжо не згублю давер людзей. Будзем працягваць. Мы ад самога пачатку былі настроеныя на маратон».
Сяргей Чалы, давераная асоба кандыдаткі ў прэзыдэнты, лічыць, што пры ўмове справядлівых падлікаў Караткевіч мела б ня менш за 20%:
«Што да лічбаў, то гэта той самы рэдкі выпадак, калі нашая „статусная апазыцыя“ будзе гатовая іх прызнаць, бо гэта спосаб ігнараваць фэномэн Караткевіч. Сказаць нешта кшталту „а ў яе ж нічога ня будзе, а вось жа і нічога няма“. Хаця ўсе цудоўна разумеюць, што насамрэч галасоў вельмі шмат.
Рэалістычна, я думаю, што ў нас больш за 20%. Што да іншых кандыдатаў, то пра Гайдукевіча я думаю, што пад 10 працэнтаў. Ён у гэтай кампаніі скокнуў „вышэй галавы“, бо ён ад’еў галасы ад „ядзернага электарату“ Лукашэнкі. У яго заўжды была стратэгія „казаць тое, што і ўлада, але больш радыкальна“. Гэтым разам гэта спрацавала.
Што да Лукашэнкі, то ў яго менш за 50% адназначна. Думаю, што перамогі ў другім туры няма».