Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Актыўнае назіраньне дало плён — парушэньняў стала менш». Хроніка з выбарчага ўчастку, адкуль вялі відэатрансьляцыю


Праз актыўнасьць назіральнікаў на выбарчым участку стала менш парушэньняў. Пасьля заяваў у ЦВК тут замянялі пакой для галасаваньня, каб назіральнікі маглі бачыць скрыню для бюлетэняў. Але стаўленьне да назіральнікаў засталося ранейшае: старшыня камісіі мае права забараніць назіральнікам ня толькі здымаць відэа, але й дыхаць.

Назіральнікі за выбарамі з ініцыятывы #87працэнтаў два дні вялі відэатрансьляцыю з выбарчага ўчастку № 10 у Менску (завулак Калініна, 16). І хоць у заканадаўстве пра відэаздымкі на ўчастку для галасаваньня нічога не напісана, старшыня камісіі настойваў на тым, што ён можа гэта забараніць.

7 кастрычніка — у назіральніка забралі фотаапарат

На другі дзень датэрміновага галасаваньня, пасьля шматлікіх спрэчак, камісія прагаласавала за пазбаўленьне акрэдытацыі Пятра Маркелава, аднаго з назіральнікаў. Сябры камісіі, іншыя назіральнікі і выбарцы напісалі на Маркелава 8 заяў. Таксама камісія забараніла відэаздымкі.

Выстаўляць назіральніка з выбарчага ўчастку, аднак, не давялося: у малым пакоі не было месца для назіральнікаў, і ўсе яны сядзелі ў калідоры.

У той жа дзень Пётар Маркелаў выклікаў міліцыю на ўчастак, пасьля таго як Пётар Моргун, старшыня камісіі, забраў у яго фотаапарат. Маркелаў расцаніў гэта як крадзеж, Моргун сказаў, што будзе захоўваць апарат у сэйфе дзеля абароны ад крадзяжу.

8 кастрычніка: «У камісіі ня ведаюць пра парытэт з назіральнікамі»

Пасьля звароту назіральнікаў у Цэнтральную выбарчую камісію ўчастак для галасаваньня перанесьлі з малога кабінэту ў актавую залю. Там ужо зьмясьціліся і сябры камісіі, і назіральнікі.

У гэты дзень на ўчастак наведаўся сябра ЦВК Міхаіл Пятрушын. На пытаньне назіральнікаў, ці перашкаджаюць відэаздымкі з участку працы камісіі, Пятрушын адказаў, што асабіста яму — не перашкаджаюць. Але гэтыя словы ня мелі ніякага ўплыву на мясцовую камісію: Пётар Моргун адказаў, што мае іншыя ўказаньні.

«Ён не разумее, што такое парытэт сілаў, — расказаў Ягор Вішняцкі, яшчэ адзін назіральнік ад ініцыятывы #87працэнтаў. — Ён лічыць, што мае ўсе паўнамоцтвы над назіральнікамі. Але мы ў аднолькавых умовах, мы маем свае правы».

Іншыя назіральнікі, ад улады, пры гэтым ня маюць ніякіх заўваг да выбарчага працэсу.

Пётар Маркелаў спрабаваў вярнуць акрэдытацыю назіральніка ў ЦВК. Ягоную заяву, аднак, перанакіравалі ў раённы камітэт.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік у інтэрвію TUT.BY пацьвердзіў пазыцыю старшыні камісіі: праводзіць відэаздымкі можна толькі зь ягонай згоды.

9 кастрычніка: «Дыхаць таксама з дазволу камісіі»

На паседжаньні камісіі Першамайскага раёну Маркелаву так і не вярнулі акрэдытацыю.

Потым Маркелаў зьвярнуўся ў гарадзкую камісію з просьбай пракамэнтаваць выбарчы кодэкс на прадмет забароны відэаздымак. Яму адказалі, што старшыня камісіі мае права ня толькі забараніць відэаздымкі, але й дыхаць.

Таксама стала вядома, што з тэхнічных прычын, у «сувязі з рамонтам электраабсталяваньня», зачыняецца паб-клюб «Графіці». Ён разьмешчаны ў будынку, дзе праходзіць галасаваньне.

Як расказалі журналістам у «Графіці», гэта заплянаваны рамонт, ён ніяк не зьвязаны з выбарамі.

10 кастрычніка — датэрмінова прагаласавалі 27–28%

Субота прайшла ў стандартным рэжыме. За дзень да асноўнага галасаваньня на выбарчы ўчастак прыйшлі 130 чалавек, прыкладна столькі, колькі і ў папярэднія дні. Агулам за пяць дзён датэрміновага галасаваньня на ўчастку № 10 прагаласавалі 603 чалавекі (626 паводле дадзеных камісіі), або 27–28%.

11 кастрычніка — на выбары заклікаюць песьнямі Віктара Цоя

Ад раніцы вялікая яўка. Выбарцаў заклікаюць на ўчастак таннай выпечкай і песьнямі: з калёнак грае і «Любэ», і Віктар Цой.

Па словах Ягора Вішняцкага, за папярэднія дні афіцыйная яўка і лічбы назіральнікаў штодня супадалі.

«Калі ёсьць памылкі, яны ў межах статыстычнай хібнасьці, — сказаў Вішняцкі. — У нас розьніца плюс-мінус пяць чалавек. Вонкава выбарчы працэс адбываецца нармальна».

Пры гэтым штодня здараюцца дробныя парушэньні. Напачатку іх было больш. Тады ў пакой для галасаваньня ў перапынку ці перад адкрыцьцём участку заходзілі невядомыя людзі зь міліцыянтам ці старшынём камісіі і зачыняліся там.

Пятро Маркелаў
Пятро Маркелаў

«Яны кажуць, што яны тут робяць сьвятло, крэслы прыносяць, штосьці такога кшталту. — кажа Вішняцкі. — Гэта парушэньне, з аднаго боку. Але я быў бы ня супраць, калі б дзьверы былі адчыненыя і мне давалі бачыць, што гэтыя людзі там робяць».

Пасьля звароту ў ЦВК, калі на ўчастку да таго ж зьявіліся журналісты, парушэньняў стала менш, сьцьвярджаюць назіральнікі.

«Яны зразумелі, што вядзецца дасканалае назіраньне, і не было такіх значных парушэньняў, — сказаў Маркелаў. — Актыўнае назіраньне дало плён».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG