Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БелаПАН: сайты кампаніі атакавалі праз крытыку «Малітвы за Беларусь»


Naviny.by і Belapan.by былі часткова альбо цалкам недасяжныя 3–5 кастрычніка. Кіраўніцтва БелаПАН кажа пра мэтанакіраваную атаку і патрабуе ад дзяржавы абароны законных правоў.

Сайты Naviny.by і Belapan.by беларускай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН аднавілі працу пасьля таго, як былі часткова альбо цалкам недасяжныя цягам двух з паловай дзён. Праблемы з доступам кампанія тлумачыць мэтанакіраванай атакай і ціскам на незалежныя СМІ ў час выбарчай кампаніі, распавёў Свабодзе кіраўнік БелаПАН Алесь Ліпай:

«Прыблізна з 12-й гадзіны 3 кастрычніка сэрвэры БелаПАН, на якіх разьмешчаныя сайты нашай кампаніі, зазналі масіраваную DDoS-атаку, якая працягваецца і дагэтуль. За суткі трафік толькі запытаў перавысіў 100 гігабайт, больш за 60% трафіку ішло са Злучаных Штатаў Амэрыкі, на другім месцы Канада, на трэцім — Кітай, на чацьвёртым — Расея.

Атака пачалася пасьля публікацыі артыкула пра рэлігійна-палітычную акцыю „Малітва за Беларусь“. У ім крытыкаваліся мэтады арганізацыі акцыі, прыводзіліся меркаваньні студэнтаў, якіх пагналі на гэтае мерапрыемства. Мяркуем, што гэтае аб’ектыўнае асьвятленьне выклікала незадаволенасьць ідэалягічных працаўнікоў, якія аддалі каманду правесьці DDoS-атаку на нашы рэсурсы».

У заяве, разьмешчанай на сайтах інфармацыйнай кампаніі, атака расцэньваецца як грубы націск на незалежныя СМІ і парушэньне канстытуцыйных прынцыпаў свабоды слова і свабоды працы. У канцы мінулага году сайты таксама былі недасяжныя — тады ў хакераў была іншая тактыка, блякаваліся DNS-сэрвэры. Як тады, так і цяпер ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьць за атакі. Ліпай нагадвае, што БелаПАН не рабіў нічога незаконнага і не атрымліваў папярэджаньняў, ды патрабуе ад дзяржавы абароны сваіх правоў:

Алесь Ліпай
Алесь Ліпай

«Нагадаю, што БелаПАН зьяўляецца афіцыйна зарэгістраваным сродкам масавай інфармацыі. У адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам наш сэрвэр разьмешчаны ў Беларусі, у дата-цэнтры дзяржаўнага манапаліста „Белтэлекам“. Гэта значыць, што дзяржава павінна забясьпечыць абслугоўваньне нашых сайтаў і абарону ад любых замахаў на іх паўнавартасную працу. Вядома, мы будзем пісаць афіцыйныя лісты з патрабаваньнем правесьці расьсьледаваньне, але па наступствах падобнага ліставаньня летась напрыканцы году мы разумеем, што, бадай, ніякага адказу не дачакаемся.

Мы працягваем сваю справу, хоць DDoS-атакі працягваюцца. Нашы спэцыялісты змагаюцца зь імі. Калі сайт зноў ня будзе працаваць, раім карыстацца нашымі старонкамі ў сацыяльных сетках, перадусім на Facebook, там мы рэтрансьлюем самыя важныя матэрыялы. І час ад часу заходзіць на Naviny.by, бо нашы спэцыялісты адбіваюць атакі, раз-пораз сайт будзе адкрывацца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG