Гэта стала своеасаблівай кампэнсацыяй за буйную паразу (1:4) двухтыднёвай даўнасьці ад нямецкага «Баера».
Стартавыя хвіліны сустрэчу супраць аднаго з самых папулярных клюбаў Італіі беларусы пачалі досыць квола — відавочна, псыхалягічна ціснуў аўтарытэт супэрніка. Аднак ужо першая контаратака выхаванцаў Аляксандра Ермаковіча пасьля шэрагу адскокаў ды рыкашэтаў завершылася голам Ігара Стасевіча. Гаспадары атрымалі яўны кураж і да сыходу першай паўгадзіны лік на табло быў, без пепрабольшаньня, сэнсацыйны — 3:0 на карысьць беларускага чэмпіёна. Дублем адзначыўся сэрбскі легіянэр Філіп Младэнавіч.
Дзеля справядлівасьці, у немалой ступеньні такому разьвіцьцю падзеяў паспрыяў галкіпер «Ромы», паляк Войцэх Шчэнсны — практычна ва ўсіх галявых момантах ён мусіў ратаваць каманду. У любым выпадку за першы тайм БАТЭ забіў больш, чым у шасьці матчах мінулагодняга групавога раўнду Лігі чэмпіёнаў.
А вось другая палова сустрэчы, паводле словаў тэлекамэнтатара Ўладзімера Навіцкага, выявілася для аматараў футболу «валідольна-карвалольнай». Рымляне паступова ачунялі ад далёка ня цёплага прыёму ў Барысаве, тады як гульцоў БАТЭ папросту пачалі пакідаць сілы. Да 80-й хвіліны «Рома» здолела адзначыцца двума мячамі ў адказ, паставіўшы пад пагрозу ўсё, што было зроблена ў першым тайме. Аднак у нэрвовай канцоўцы матчу футбалісты БАТЭ ўсё ж выстаялі, утрымаўшы пераможны лік.
Такім чынам, пасьля двух матчаў у актыве барысаўскай каманды 3 ачкі і трэцяе месца ў сваёй групе. 20 кастрычніка, гэтаксама на хатняй арэне, БАТЭ прыме аднаго з грандаў усясьветнай футболу гішпанскую «Барсэлёну». Каталёнцы ў квартэце «E» займаюць першае месца.