Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст у канцлягернай робе: Першыя «зялёныя чалавечкі» будуць у Баранавічах


Рыгор Грык на пікеце 27 верасьня
Рыгор Грык на пікеце 27 верасьня

Грамадзкі ды прафсаюзны актывіст з Баранавічаў Рыгор Грык стаўся на мінулым тыдні героем шматлікіх рэпартажаў. Свабода пагутарыла з чалавекам, які пратэстуе ў канцлягернай робе.

24 верасьня ўвагу СМІ прыцягнула пратэстная акцыя 49-гадовага Рыгора Грыка на месцы працы — у краме. Грузчык Грык адзеўся ў канцлягерную робу. Такім чынам ён пратэставаў супраць таго, што працаўнікам не выдаюць спэцадзеньня і «ставяцца да іх як да рабоў». У той жа дзень з крамы яго звольнілі.

27 верасьня Рыгор Грык зладзіў у Баранавічах пікет у падтрымку Тацяны Караткевіч, супраць расейскіх вайсковых базаў і за сацыяльныя правы людзей. Пікет ператварыўся ў пэрформанс — Грык ізноў быў у канцлягернай робе і скаваў сабе рукі ланцугом. З гэтай акцыі міліцыянты пагрузілі ў аўтазак футбольных фанатаў.

Карэспандэнт Свабоды пагутарыў з Рыгорам Грыкам пра жыцьцё ды пра ягоную грамадзкую актыўнасьць.

— Рыгор, на свае акцыі вы заўсёды бераце ўкраінскі сьцяг. Вы ўкраінец?

— Так, я нарадзіўся на Галічыне. У Львоўскай вобласьці нарадзіўся, у Івана-Франкоўскай прайшло маё дзяцінства і юнацтва. У 1992 годзе пераехаў у Баранавічы, адсюль родам мая былая жонка.

— Вы добра размаўляеце па-беларуску. Ці хутка засвоілі мову, пераехаўшы сюды з Украіны?

— Доўгі час я не размаўляў па-беларуску. Пачаў, калі пазнаёміўся зь беларускамоўнымі сябрамі, зь Віктарам Сырыцам, які ў нас апякуецца Таварыствам беларускай мовы. Хаджу на многія мерапрыемствы культурна-асьветніцкія, гістарычныя. Хаджу ў грэка-каталіцкую царкву, там у нас службы, таксама па-беларуску. Я лічу, што калі я тут жыву, хаджу па беларускай зямлі, ем беларускі хлеб, то я павінен ведаць мову гэтага народу і паважаць яго культуру і гісторыю. Як сказаў Тарас Шаўчэнка — «вучыцеся, браты мае, чужому навучайцеся, але свайго не цурайцеся».

Рыгор Грык раздае незалежную прэсу ў электрычцы
Рыгор Грык раздае незалежную прэсу ў электрычцы

— То вы і «свайго не цураецеся»? Не губляеце сувязяў з Украінай?

— Так, я наведваю радзіму. Быў на 20-я ўгодкі прыняцьця парлямэнтамі Ўкраіны і Беларусі дэклярацыяў аб незалежнасьці і ладзіў у Кіеве пікет каля помніка Шаўчэнку. Трымаў плякат «Свабоду палітвязьням» і бел-чырвона-белы сьцяг. Я аднолькава перажываю як за лёс Украіны, гэтак і Беларусі. Беларусь — гэта мая другая радзіма.

Рыгор Грык з партрэтам Тараса Шаўчэнкі
Рыгор Грык з партрэтам Тараса Шаўчэнкі

— А калі вы сталі займацца апазыцыйнай дзейнасьцю ў Беларусі?

— Сваю актыўную дзейнасьць я пачаў дзесьці з 2006 году, калі працаваў на кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча. Пасьля таго прымаў удзел фактычна ва ўсіх акцыях, якія ладзілі прадпрымальнікі. Стаяў з плякатамі, выказваў сваё меркаваньне.

Я сам просты чалавек, працоўны. І адстойваў заўсёды інтарэсы простых людзей. Потым сам прымаў удзел у мясцовых выбарах. Быў кандыдатам у дэпутаты парлямэнту, пасьля чаго мяне звольнілі з працы. Заўсёды пасьля выбараў, дарэчы, звальнялі з працы. Цяпер я звольнены ўжо пяты раз за тое, што выказваюся за тое, каб у нашай краіне былі зьмены да лепшага для простага чалавека. Але ж ніводная ўлада ня хоча зрабіць простаму чалавеку добрага жыцьця.

Рыгор Грык на пікеце з баранавіцкай актывісткай Тацянай Малашчанкай
Рыгор Грык на пікеце з баранавіцкай актывісткай Тацянай Малашчанкай

— Вы былі самі кандыдатам у дэпутаты, удзельнічалі ў іншых кампаніях. А як ставіцеся да цяперашніх прэзыдэнцкіх выбараў?

— Выбараў у нас як такіх няма, у камісіях няма прадстаўнікоў ад дэмакратычных сілаў. Пры гэтай сыстэме справядлівыя выбары немагчымыя. У канцлягеры немагчымыя выбары, там магчымы толькі бунт. Гэтыя выбары я ігнарую, не зьбіраў подпісаў, і на ўчастак не пайду. А пікет у падтрымку Караткевіч быў адзінай магчымасьцю выказацца супраць антынародных выбранцаў і чыноўнікаў. І хай сабе Караткевіч — найменшае зло з усіх кандыдатаў, але я вырашыў на выбары не ісьці. Бо іх няма. Усе ведаюць, «даколі» гэта будзе.

— Кажаце, што страцілі ўжо пяць разоў працу. А кім вы працавалі?

— Сьлесарам на тэкстыльным, тэрмістам на аўтаагрэгатным, потым штампоўшчыкам і гэтак далей. Зараз во грузчыкам у краме пабыў. Тут справа ў тым, што звычайна начальнік аддзелу кадраў на прадпрыемстве — ён жа і ідэоляг. Таму як мяне бачаць, адразу ў іх працы няма. Было такое два разы, што я па паўгода не працаваў. Куды ні прыйдзеш — «мы вам патэлефануем». Адзін мне нават быў наўпрост сказаў, што ня возьме, бо я апазыцыйны актывіст. Яны перастрахоўваюцца, каб ня мець праблемаў ды ўседзець у сваіх крэслах. Нашто ім той актывіст ці прафсаюзьнік?

Часам бабулькі каля пад’езду папракаюць, што «да іх даходзяць зьвесткі», што мне па 500 даляраў у месяц апазыцыя плаціць. Хачу сказаць, што не купіла мяне ні ўлада, ні апазыцыя. Я вольны чалавек, жыву толькі дзякуючы тым заробкам, якія здабываю на працы. А цяпер вось і зусім бяз працы. Таму не адмоўлюся ад дапамогі сумленных людзей, якія б неяк падтрымалі або дапамаглі з працай.

— А ці не крыўдуеце на беларусаў, што вось вы, украінец, адзін стаіце на сваіх акцыях з плякатамі, а звычайныя людзі асьцерагаюцца гэта рабіць?

— У генах беларусаў закладзены страх. Каго ні вазьмі — яны заўсёды ўзгадваюць вайну, дрэннае жыцьцё ў мінулым і гэтак далей. А цяпер рознымі дэкрэтамі, кантрактнай сыстэмай улада загнала людзей у рабства ў тым сэнсе, што чалавек баіцца нават выказаць сваю думку начальніку. Бо калі прыходзіць час працягваць кантракт, начальнікі пра гэта ўзгадваюць. А калі чалавек губляе працу — ён можа і жыльлё страціць, і ў крэдытную яму ўваліцца. Таму і баяцца людзі. Але яны не вінаватыя. Людзі хочуць хоць тыя два мільёны здабыць, каб проста выжыць.

«Каб вы плакалі толькі ад цыбулі, а не ад такіх заробкаў»
«Каб вы плакалі толькі ад цыбулі, а не ад такіх заробкаў»

— Увесь час, як вас ні сустракаў, у вас заўсёды некія паперы, нейкія зборы подпісаў. І цяпер, можа, зьбіраеце?

— Так, вось зараз у мяне ёсьць збор подпісаў пад зваротам супраць расейскіх вайсковых базаў, падпісвайцеся (сьмяецца. — РС). Вось яшчэ за добраўпарадкаваньне парку зьбіраю. Увесь час лістуюся з уладамі і прашу людзей падпісвацца за вырашэньне іхніх праблемаў. А зьбіраў за рознае — міністру працы, каб была мінімальная пэнсія 3 мільёны. Таксама, каб працоўнаму быў мінімум 4 мільёны, бо за 2 — гэта проста барацьба за выжываньне...

— Ну, і хоць раз вашы зборы подпісаў прыносілі плён?

— Так, за добраўпарадкаваньне, за асфальтаваньне вуліц. Два гады таму ў нас шмат дарог у Баранавічах парамантавалі. Я тады дапісаўся аж да Адміністрацыі прэзыдэнта. 1000 подпісаў туды сабраў. А раней у Баранавічах былі, напэўна, самыя дрэнныя дарогі ў краіне.

— А чаму вырашылі зараз зьбіраць супраць расейскіх вайсковых базаў?

— Скажу, што наш авіязавод вельмі блізка пабудаваны да горада. Самалёты лётаюць над горадам. А тут і чыгунка, дзе шмат небясьпечных грузаў. І як, крый Божа, што здарыцца, то Баранавіч ня будзе. А як паставяць яшчэ расейскія базы — гэта значыць, як нешта пачнецца, у Баранавічах будуць першыя «зялёныя чалавечкі».

Гутарыць зь міліцыянтамі Рыгору Грыку не ўпершыню
Гутарыць зь міліцыянтамі Рыгору Грыку не ўпершыню

— У інтэрнэце на форумах людзі гадаюць: дзе вы ўзялі такую канцлягерную робу?

— Прышываў белыя палоскі сам. Усе рукі скалоў. Я ў ёй ужо аднойчы пікет ладзіў у Баранавічах. Ну, а зараз гатовы прадаць, калі каму падабаецца, бо ўжо ж беспрацоўны, грошы трэба. Хай тэлефануюць з тых форумаў, я ў інтэрнэце надта не капаюся (сьмяецца. — РС). Калі акцыі ў робе пачнуць карыстацца папулярнасьцю, то магу і вырабляць на замову.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG