Падставай для звальненьня Рыгора Грыка стаў прагул, які быццам бы меў месца на мінулым тыдні.
Пра гэта Свабодзе распавёў сам Рыгор Грык, які зладзіў сёньня пэрформанс, прыйшоўшы на працу ў адзеньні, стылізаваным пад канцлягерную робу:
«Напісаў заяву ўчастковаму, што дырэктар мне паставіла гематомы і выштурхала мяне на склад. Прыехаў зь Менску нехта адказны за кадры. Падсунулі мне загад (аб звальненьні, — РС) і аддалі працоўную кніжку. Сказалі, што пералічылі грошы. Звольнілі, бо я быццам у суботу прагуляў, хоць гэта быў мой адгул, які проста ня быў запісаны пісьмова», — распавёў спадар Грык.
Актывіст кажа, што ў часе скандалу ў краме міліцыянты ўзялі ў яго тлумачэньні, але адпусьцілі, не затрымліваючы.
Адміністрацыя баранавіцкай крамы «Mart Inn» катэгарычна адмовілася пракамэнтаваць Свабодзе прычыны звальненьня Рыгора Грыка, а таксама выказацца наконт інцыдэнту.
Грамадзкі актывіст з Баранавічаў Рыгор Грык прыйшоў 24 верасьня на працу ў паласатай робе, стылізаванай пад канцлягернае адзеньне.
Такім чынам ён выказаў пратэст супраць таго, што яму не выдаюць працоўнага адзеньня. Працаваў Рыгор Грык у краме грузчыкам.