Словы, вынесеныя ў загаловак, паходзяць ад майго рэдакцыйнага калегі Дзімы. Гэта — ягоная міні-рэцэнзія на сьвежы музычны дыск Дэйвіда Гілмара.
З ацэнкай Дзімы я стопудова згодны.
Новы альбом былога гітарыста «Пінк Флойд» Дэйвіда Гілмара, які зьявіўся на рынку на мінулым тыдні, называецца «Rattle That Lock» (Пабразгай тым замком). Відэакліп песьні, якая дала назву ўсяму альбому, быў даступны на YouTube за некалькі месяцаў да яго выхаду.
«Rattle That Lock» у стылістычным сэнсе — працяг папярэдняга сольнага альбому Гілмара, «On an Island» (На востраве), які зьявіўся ў 2006. На «Rattle That Lock» чуваць тую самую элегічнасьць і задумёнасьць — у «расьцягнутых» пасажах гілмараўскай гітары ды ў словах, большасьць зь якіх напісала жонка гітарыста, пісьменьніца Полі Сэмсан — што і на «On an Island».
Ня выключана, што некаторым, як і мне, гэты альбом падасца значна менш канцэптуальна «вязкім», чым папярэдні. Зашмат на ім «усякай усячыны» — тут і стылізаваны пад папсу «філязофскі гімн» «Rattle That Lock», і фанк-вальс «Dancing Right in Front of Me», і элегія «A Boat Lies Waiting»... Але гэтую загану можна насамрэч разглядаць і як перавагу: кожная з 10 песьняў альбому маю сваю ўнікальную «ідэнтычнасьць» і западае ў памяць ужо пасьля другога праслухоўваньня.
На такіх нумарах альбому, як «Faces of Stone», «Beauty», «In Any Tongue» і згаданым ужо «Rattle That Lock», гітара 69-гадовага Гілмара гучыць як у найлепшыя часы «Пінк Флойд» — хоць, зразумела, праз 40 зь лішкам гадоў пасьля «Dark Side of the Moon» няма ўжо ў ёй той ранейшай «едкасьці» і «задзёру», як, прыкладам, у «Time» і «Money». Затое засталася — і нават узмацнілася — гілмараўская мэлядычная фраза, якой ён захапляў мільёны фанаў у «Echoes» і «Shine On You Crazy Diamond».
Што яшчэ? Зусім відавочна, што да поўнай геніяльнасьці не хапае Дэйвіду Гілмару ягонага геніяльнага колішняга напарніка, бас-гітарыста і тэкставіка «Пінк Флойд» Роджэра Ўотэрза, у ценю якога ён знаходзіўся амаль 20 гадоў. Але тое, што Гілмар стварыў бяз Уотэрза — я маю на ўвазе ня толькі ягоныя сольныя праекты, але і тры дыскі пад шыльдай «Пінк Флойд»: «A Momentary Lapse of Reason», «The Division Bell», «The Endless River» — безь ніякага сумневу даказвае, што ён і без калегі стаў абсалютна арыгінальным музыкантам сусьветнага калібру.