Дзяржаўнае прадпрыемства «Белтэлекам» абвясьціла пра новыя тарыфы на сваю Wi-Fi-сетку "Beltelecom"/"byfly" і прадставіла новы партал аўтарызацыі http://ciscowifi.beltelecom.by/, што дазваляе плаціць за Wi-Fi банкаўскай карткай. На момант публікацыі партал «ляжыць»: магчыма, ён перагружаны праз наплыў цікаўных.
Скарыстацца Wi-Fi-злучэньнямі пад назвамі «Beltelecom Wi-Fi» ці «byfly WIFI» пры іх наяўнасьці (а знайсьці іх можна па ўсёй Беларусі — глядзіце мапу) можна бясплатна цягам 15 хвілінаў раз на 24 гадзіны. Пасьля бясплатных 15 хвілінаў за гадзіну інтэрнэта давядзецца заплаціць 2 700 рублёў, за тры — 4 800, за 10 — 11 400, за поўны дзень — 15 тысяч, за тры дні — 30 тысяч, за пяць дзён — 42 тысячы.
Сетка не адкрытая, правайдэр павінен ведаць пашпартныя зьвесткі карыстальніка. Свой нумар тэлефона (па ім можна вызначыць нумар пашпарта і іншыя зьвесткі) трэба самастойна ўводзіць на партале аўтарызацыі, на які карыстальніка перанакіруюць пры падключэньні да сеткі. Там жа можна ўвесьці зьвесткі банкаўскай карткі, калі хочаце карыстацца Wi-Fi дольш за 15 хвілінаў. На названы нумар цягам максымум пары хвілінаў прыйдзе бясплатнае SMS з лагінам і паролем, якія трэба ўвесьці для падключэньня да сеткі.
Акрамя банкаўскай карткі, аплаціць Wi-Fi «Белтэлекама» можна і наяўнымі: карткі з паролямі прадаюцца, напрыклад, ў газэтных шапіках. Паводле ўказу Лукашэнкі нумар 60 ад 2010 году, іх могуць прадаваць толькі па пашпарце.
Калі баіцеся, што правайдэр даведаецца, якія сайты вы наведвалі, альбо пажаданы сайт заблякаваны, можна скарыстацца разнастайнымі сродкамі ананімнасьці. Не забывайце таксама выконваць базавыя правілы бясьпечных паводзінаў у інтэрнэце і не здаваць сваю перапіску злодзеям і спэцслужбам.