«Некаторыя палітычныя сілы ў Беларусі працуюць на адмоўную ацэнку выбараў з боку міжнародных назіральнікаў». Пра гэта на онлайн-канфэрэнцыі, арганізаванай дзяржаўным агенцтвам БелТА, заявіла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.
«Гэта, перш за ўсё, апазыцыйныя палітыкі, асабліва тыя, хто ня змог удзельнічаць у выбарах ці выбыў зь першага этапу выбарчай кампаніі, ня здолеўшы сабраць патрэбную колькасьць подпісаў, — удакладніла чыноўніца. — Для іх адмоўныя вынікі зьяўляюцца пазытыўным момантам. На гэта яны і будуць працаваць», — выказала меркаваньне Лідзія Ярмошына.
Адказваючы на пытаньне, ці ёсьць шанцы, што па выніках гэтай выбарчай кампаніі будзе зламаная «шаблённасьць падыходаў у дачыненьні да Беларусі з боку міжнародных арганізацыяў», старшыня ЦВК адказала:
«Цэнтравыбаркам працаваў і будзе працаваць, як звычайна, на тое, каб ацэнка выбараў была са знакам „плюс“. Але я не магу рабіць ацэнкі за абсалютна іншых людзей, у якіх задачы адрозныя ад маіх».
Між тым, як выявілася, сваёй увагай Лідзія Ярмошына ахапіла далёка ня ўсіх. Так, застаўся без увагі электронны ліст ад Радыё Свабода — пры тым, што яго пападаньне да адрасата было пацьверджанае. Вось сутнасьць пытаньня, якое нас цікавіла, але засталося без адказу:
«Лідзія Міхайлаўна, зыходзячы з 8 артыкула Канстытуцыі РБ, Беларусь прызнае прыярытэт міжнароднага заканадаўства.
Хто ў Беларусі, на вашу думку, можа быць прыцягнуты да адказнасьці за перашкоду свабоднаму ажыцьцяўленьню грамадзянінам ягоных выбарчых правоў і свабодаў, у тым ліку ў форме байкоту ці заклікаў да байкоту выбараў?».