Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя вакол Сырыі: Пуцін жадае застацца ў гульні


Калі Ўладзімір Пуцін спадзяваўся на тое, што яму ўдасца прадставіць сырыйскае ўрадавае войска ў ролі адзінай сілы, здольнай адолець радыкальных ісламскіх баевікоў, а Маскву як яе важнага сумленнага хаўрусьніка ў барацьбе з ІД («Ісламскай дзяржавай»), дык гэтыя надзеі не ажыцьцявіліся.

Падчас брыфінгу прэс-сакратар дзярждэпартамэнту ЗША Джош Эрнэст адхіліў адзін з галоўных тэзісаў Уладзіміра Пуціна, яго прапанову усім жадаючым далучыцца да расейскіх намаганьняў у барацьбе з «Ісламскай дзяржавай».

Прадстаўнік дзярждэпартамэнту заявіў, што ЗША не прымаюць ідэі ўдзелу Асада ў намаганьнях па стабілізацыі сытуацыі ў Сырыі і тым больш у барацьбе з ІД:

«Няма ніякай патрэбы ў стварэньні яшчэ адной міжнароднай кааліцыі, калі больш як шэсьцьдзесят краінаў ужо, па сутнасьці, аб’ядналіся ў барацьбе з ІД. І ня толькі ў Сырыі, але і ў Іраку. Мы б віталі канструктыўную ролю Расеі ў гэтых намаганьнях. Але Башар Асад і яго рэжым ня можа быць часткай гэтай кааліцыі».

Для расейскага прэзыдэнта Сырыя, перш за ўсё, уяўляе сабой поле супрацьстаяньня з Захадам, — кажа амэрыканскі ваенны экспэрт віцэ-прэзыдэнт Лексынгтанскага інстытуту ў Віргініі Дэніэл Гурэ:

— Ён разглядае тое, што адбываецца, праз прызму барацьбы з Захадам. У Лібіі, дзе Масква не аказала ніякага супраціву, быў скінуты прыязны Крамлю рэжым Кадафі. Сытуацыя ў Сырыі ўсё больш нагадвае, што адбывалася ў Лібіі, і Пуцін, хутчэй за ўсё, ня верачы ў здольнасьць рэжыму Асада ўтрымацца ва ўладзе, вырашыў умяшацца ў гэты канфлікт, каб урэшце апынуцца ля стала перамоваў, калі будзе вызначацца лёс Сырыі. Я зусім ня ўпэўнены, што Ўладзімір Пуцін уяўляе сабе, якой будзе роля расейскіх вайскоўцаў у Сырыі ў будучыні, што яны будуць там рабіць. Аўганскі досьвед Масквы, як і аўганскі і ірацкі досьвед Злучаных Штатаў, паказвае небясьпеку ўключэньня ў канфлікты ў гэтай частцы сьвету. Я мяркую, што Крэмль папросту зыходзіць з таго, што яму неабходна любымі спосабамі заставацца, так бы мовіць, у гульні.

— Зусім нядаўна, як заўважае амэрыканская прэса, Белы дом, здавалася, быў ня супраць больш цеснага супрацоўніцтва з Масквой. Крэмль нават вёў перамовы з сырыйскай апазыцыяй, ішлі размовы пра магчымасьць аднаўленьня працэсу палітычнага ўрэгуляваньня. Чаму Вашынгтон гэтак рэзка зьмяніў тон, як вы думаеце?

— Я б сказаў, што гэта адлюстраваньне, мякка кажучы, смуты ў Вашынгтоне адносна расейскай зьнешняй палітыкі. З вуснаў людзей найбліжэйшага атачэньня Барака Абамы я чуў, што яны ня бачаць падмурку, на якім можна было будаваць адносіны з Крамлём, яны ня вераць у тое, што з расейскім бокам дасягальныя нейкія пагадненьні, дамоўленасьці. У іх ёсьць поўнае адчуваньне таго, што Пуцін павярнуўся сьпіной да Захаду, ён настроены на антаганістычныя адносіны, у адказ Белы дом гатовы павярнуцца сьпінай да яго. Усё гэта вельмі падобна на пачатковую стадыю новай «халоднай вайны».

Прафэсар унівэрсытэту імя Джорджа Мэйсана Марк Кац, як і многія іншыя амэрыканскія камэнтатары, ня верыць ні ў шчырасьць Уладзіміра Пуціна, які абвясьціў аб барацьбе з ІД у Сырыі, ні ў посьпех расейскай місіі ў Сырыі:

— Ваеннае ўмяшаньне ў Сырыі выглядае заведама пройгрышнай справай для Масквы. Яны пачалі адпраўку туды войскаў, але што прымушае іх думаць, што яны атрымаюць вынік іншы, чым быў вынік савецкага ўварваньня ў Аўганістан альбо амэрыканскіх кампаній у Іраку і Аўганістане? Цалкам ясна, што чым больш расейскіх вайскоўцаў апынецца ў Сырыі, тым з большай верагоднасьцю яны стануць аб’ектам нападаў ісламскіх баевікоў, асабліва тых, хто прыбыў туды з Чачні і іншых рэгіёнаў Паўночнага Каўказу, якія ненавідзяць Уладзіміра Пуціна ў значна большай меры, чым яны ненавідзяць Башара Асада. Мала таго, зь цяжкасьцю верыцца ў тое, што рэальная мэта расейскіх вайскоўцаў у Сырыі — барацьба з ІД. Я бачыў нямала артыкулаў, у якіх сьцьвярджаецца, што Асад і групоўка «Ісламская дзяржава» ў рэчаіснасьці не ваююць паміж сабой. Іх рэальным ворагам у дадзены момант зьяўляюцца сілы так званай памяркоўнай апазыцыі. Вядома, што галоўную небясьпеку для рэжыму Асада ўяўляюць апазыцыйныя групы, якія падтрымліваюцца Савудаўскай Арабіяй і Турэччынай. Калі гэта сапраўды так, то вельмі цяжка паверыць у тое, што Пуцін раптам вырашыў змагацца з ІД шляхам падтрымкі Асада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG