Машына з асобамі ў цывільным суправаджала сустракаючых цела Алеся Чаркашына ад беларуска-ўкраінскай мяжы да Берасьця. Сябры загінулага кажуць, што «пільнае вока» спэцслужбаў прысутнічала і на яго пахаваньні.
Білібуха: «Для іх Чаркашын — «здраднік радзімы», «найміт»
Ужо пасьля пахаваньня Чаркашына спэцслужбы зацікавіліся графікам працы апазыцыйнага дэпутата сельсавету Валера Білібухі. Іх цікавіла, ці не ў працоўны час ён быў на разьвітаньні з Алесем Чаркашыным 3 верасьня.
Сябра аргкамітэту БХД Валер Білібуха распавёў Свабодзе, што нехта тэлефанаваў ягонаму начальству, прадставіўшыся супрацоўнікам КДБ:
«Цікавіліся, дзе я павінен быць 3 верасьня. Але я, перад тым, як паехаць на пахаваньне Алеся Чаркашына ў Берасьце, напісаў заяву на адгул за свой кошт. Усё ўзгоднена — і загад адпаведны быў на працы. А ім было цікава, чаму я ў працоўны час знаходжуся ў Берасьці. На маю думку, яны перапісалі нумары машынаў, якія былі на пахаваньні Чаркашына, і так вылічылі мяне».
Валер Білібуха мяркуе, што яго асоба цікавіць спэцслужбы, бо ён «фактычна адзіны апазыцыйны дэпутат мясцовых саветаў у Беларусі»:
«Яны ведаюць, зь якімі асобамі я кантактую, адсочваюць гэта. Не выключаю, што званілі, каб знайсьці магчымасьць звольніць за прагул. Шукалі зачэпку. Але да пахаваньня Чаркашына мяне ніколі не чапалі. Думаю, цікавасьць КДБ зьвязаная менавіта зь яго асобай. Для іх Чаркашын — „здраднік радзімы“, „найміт“, а для нас — герой. Я ня мог не паехаць на разьвітаньне зь ім, хаця і ня быў зь ім знаёмы, толькі ведаў, што ён быў сябрам БХД, быў вельмі прынцыповым ды сумленным чалавекам,» — распавёў Валер Білібуха.
Дэпутат Першамайскага сельскага савету Бярозаўскага раёну Валер Білібуха працуе вальшчыкам лесу ў Кабакоўскім лясьніцтве Івацэвіцкага лясгасу.
Шурхай пра бацькоў Чаркашына: «Родзічы нічым не пагражаюць уладам»
Бацькам Алеся Чаркашына з КДБ тэлефанавалі ў дзень яго пахаваньня. Ім «прад’явілі», што пахаваньне пераўтварылася ў масавае несанкцыянаванае мерапрыемства, і пыталіся, хто даў дазвол пахаваць Алеся на могілках у Камяніцы Жыравецкай.
Сябар загінулага Алеся Чаркашына Зьміцер Шурхай распавёў Свабодзе, што толькі пасьля рэзанансу ў СМІ ад бацькоў Чаркашына адчапіліся:
«Мы нядаўна былі ў бацькоў Алеся. Пасьля таго, як інфармацыя прайшла пра гэты прэсінг, то болей бацькоў не турбавалі. Мы нават былі гатовыя наняць адваката, калі б там раптам да якой крымінальнай справы даводзілі па факту сьмерці. І праваабаронца ёсьць побач, калі што. А калі б ужо прыдзірацца паводле літары закону наконт могілак, то там можна было б палову могілак выкапаць. Таму што многія атрымліваюць месцы за грошы».
Спадар Шурхай мяркуе, што спэцслужбы ўсё ж ня будуць працягваць ціск на датычных да пахаваньня Алеся Чаркашына:
«Тут трэба проста разумець прынцып дзеяньня КДБ. Я думаю, што нічога ня будзе. Калі б гэта тычылася жывога Алеся — так, наступствы былі б. Ім трэба было фармальныя нейкія там пазнакі зрабіць, яны проста гэту справу закрыюць ды ўсё. Родзічы нічым не пагражаюць уладам. А Алесь ўжо таксама не пагражае».