Выпраўляць дзіцятка ў першую клясу – тое яшчэ хваляваньне. Што там будзе, як яго ўспрымуць?
Кветкі, музыка, заплечнікі, рамантыка верасьня. І школа – паўзабытая ўстанова, ад якой шмат чаго чакаеш.
Зрэшты, нешта памятаецца й ад сваіх «лінеек»: знаёмства, рассаджваньне, урок «пра родную зямлю» ці накшталт таго.
Але ў школе майго першаклясьніка ўрок пачаўся з пытаньня: «Ці ведаеце, дзеці, як завуць нашага прэзыдэнта?»
На другі дзень сытуацыя паўтарылася: замацоўвалі пройдзены матэрыял.
Калі жывеш па-за дзяржаўнымі клопатамі, прысутнасьць Лукашэнкі амаль незаўважная. Тэлевізію не глядзіш, на парады і ў высокія габінэты хадзіць няма ахвоты. Зрэдчасу замаячыць недзе ў кнігарні знаёмы фотапартрэт ды прачытаеш у загалоўках навінаў незалежных СМІ сьвежыя выказваньні. Але ўсё гэта зусім не азначае, што праца па культываваньні асобы стаіць на месцы.
Наагул культ у нас як быццам забаронены. Пра гэта паведамлялася адмыслова самім патэнцыйным культаўтваральнікам. Праўда, калі я зазірнуў у кнігу, якую прынёс зь лінейкі мой сын, то дазволіў сабе назваць гэтую забарону сумнеўнай.
Кніга называецца «Беларусь – наша Радзіма. Падарунак Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі першаклясьніку». На вокладцы – ад узьнёсьлага ромбакубаактаэдра Нацыянальнай бібліятэкі весела бягуць са званком дзеці – ці то на крайнюю паласу праспэкту, ці то проста ў катлаван, выкапаны ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» на месцы былога Маскоўскага аўтавакзалу.
Карціна сьвету беларуса прадстаўленая першаклясьнікам у выглядзе фотаальбому з шасьцідзесяці трох старонак, па якім давядзецца вучыцца, прывыкаючы да падручнікаў. Афіцыйная гістарычная палітыка простая, як школьны калідор: старажытнасьць, ВКЛ, Расейская імпэрыя, «нашаніўства», ВАВ, сучасны этап. Апошні якраз займае найбольшую колькасьць старонак. Сярод усяго разнатраўя прыкметную ролю адыгрывае першы і адзіны прэзыдэнт.
Вось 1994-ты, прысяга на Канстытуцыі – што праўда, чамусьці на выяве кнігі нейкі іншы герб, зусім ня той, што быў у 1994-м. Вось ён катаецца на каньках і гуляе ў хакей. Вось абдымае дзяцей у чырвона-зялёных гальштуках БРПА, цісьне руку прадстаўнікам вэтэранскіх арганізацыяў – аснове грамадзянскай супольнасьці. З лагоднай усьмешкай прышпільвае зорку Героя Беларусі Дар’і Домрачавай і ўручае нейкія граматы алімпіяднікам. Стаіць на шырачэзнай трыбуне зьезду БРСМ.
Усяго ў танюткім альбоме восем (!) паясных і паўнароставых фотаздымкаў «любімага кіраўніка і сябра дзяцей» з тлумачальнымі камэнтарамі. Плюс ягоная ж чулая прадмова з подпісам-факсіміле. Калі ўлічыць тыраж 113 700 паасобнікаў і тое, што гэта ўжо «12-е, перагледжанае» выданьне, то шляхам простай арытмэтыкі можна высьветліць, колькі кніжак трапіла ў стракатыя заплечнікі мілых першаклясьнікаў і першаклясьніц. Прыкладна такія наклады былі ў кнігі «І.В. Сталін. Кароткая біяграфія», выпушчанай неўзабаве пасьля вайны. Тая, што праўда, ня мела аўтара, у адрозьненьне ад «Падарунку...»
Калі гэта ня культ асобы, то што тады? Якія забароны – з такімі фоткамі і тым больш прадмовамі, кожная літара якіх павінна ўзгадняцца на самым версе. Зрэшты, і сам праект мусіў атрымаць манаршае блаславеньне, яшчэ на стадыі задумы, ня тое што 12-га выданьня. Значыць, больш за дзясятак гадоў шасьцігадовым дзецям мэтаскіравана ўцюхваюць культ, прычым нават не вэрбальным шляхам, а візуальным, найбольш зручным, бо ён дзейнічае нават калі ты яшчэ не навучыўся чытаць. А ўладальнікі першага выданьня падыходзяць ужо да атрыманьня выбарчага права.
Відавочна, нахабна хлусіць вучэбная праграма, дзе слова «прэзыдэнт» узьнікае толькі ў чацьвертай клясе і на вывучэньне тэмы аддаецца адна гадзіна. Культ асобы, як тая служба, што на першы погляд быццам і нябачная, існуе ў дзьвюх вымярэньнях: забароны дэ-юрэ і прапаганды дэ-факта.
І ўжо цяпер ясна: разграбаць яго наступствы давядзецца вельмі доўга.