1 верасьня сьмелыя і вясёлыя беларускія дзеткі распачнуць новы навучальны год. Радыё Свабода пагаварыла са школьнікамі ў розных гарадах, каб даведацца, як у іх прайшло лета і чаго чакаюць ад будучых заняткаў.
Сьвета, Янка і Васілёк Астроўскія з Горадні
У сям’і Астроўскіх дзеткі навучаюцца ў розных школах і розных клясах.
Сьвета — самая старэйшая, яна пойдзе ў шостую клясу гімназіі № 10. Вучоба ёй даецца лёгка, яна старанная, шмат чытае кніжак, мае добрыя адзнакі і вельмі любіць займацца спортам. Распавяла, што цікава правяла канікулы ў бабулі ў Сьвіслачы: шмат гуляла, каталася на ровары. Але па сваёй школе і аднаклясьніках засумавала.
Сьвета ўзгадвае, што ў першай і другой клясе яна навучалася на беларускай мове адна, толькі на фізкультуру і сьпевы хадзіла зь іншымі дзеткамі, а цяпер ёсьць яшчэ адзін хлопчык, зь якім яны ўдваіх у беларускамоўнай клясе. А яшчэ зьявілася сяброўка, якую асабліва хочацца хутчэй пабачыць.
«У мяне ўжо пасьля другой клясы зьявіліся аднаклясьнікі, таму мне стала значна весялей. Сяброўка мая Юля — стараста нашай клясы. Мы вельмі падобныя і характарамі, і паводзінамі, і адзнакамі. А сябар — гэта хлопчык, які вучыць са мной усе прадметы па-беларуску. Мы зь ім таксама вельмі добра ладзім», — кажа Сьвета
Янка ідзе ў 5-ю клясу. Распавядае, што з гэтага году пачне навучацца ў новай гімназіі. Ён таксама добра адпачыў і зь нецярплівасьцю чакае першага дня заняткаў. Мае надзею, што ў новай школе зьявіцца шмат новых сяброў. Янка кажа, што найцяжэй яму пакуль даецца матэматыка і расейская мова, але ён стараецца і думае, што ўсё зьменіцца, бо з заняткамі яму дапамагаюць тата і мама.
Гэтым летам Янка прачытаў шмат кніжак, быў у спартовым лягеры, шмат купаўся, гуляў у футбол, наведваў бабулю.
«Я маю надзею, што мяне ў новай школе добра сустрэнуць, бо я першы раз іду ў 7-ю гімназію. Думаю, што вучыцца будзе нашмат цяжэй, бо гэта ўжо 5-я кляса. Маю вялікую надзею, што мне спадабаюцца ўсе хлопчыкі і дзяўчаткі, якія там вучацца», — распавядае Янка.
Васілёк пойдзе ў другую клясу. Яму найбольш падабаецца фізкультура. Ён дадаткова ходзіць на спартовыя сэкцыі. Асабліва засумаваў Васілёк па адным з сваіх сяброў, якога вельмі хоча пабачыць.
«Я сябрую з адным хлопчыкам, ён ніжэйшы за мяне ростам, і яго называюць — Захар. Я хачу яму што-небудзь падараваць, і ён мне таксама нешта падаруе...» — кажа Васілёк.
Ялінка Салаўёва з Магілёва
Адзіная ў Магілёве школьніца, якая вучыцца на беларускай мове, Ялінка Салаўёва пайшла ў шостую клясу. Як і ў папярэднія вучнёўскія гады, ёй і сёлета не знайшлося аднаклясьнікаў. Бацькі Ялінкі прэтэнзіяў да пэдагогаў ня маюць. Кажуць, што ў дачкі ёсьць усё неабходнае для вучобы.
Пятую клясу Ялінка скончыла добра. Кажа, што ёй падабаюцца матэматыка, інфарматыка, беларуская мова і літаратура.
«Мне падабаецца розныя лічбы складаць, рашаць задачы на лёгіку», — тлумачыць Ялінка сваю прыхільнасьць да матэматычнай навукі. Вучыць матэматыку па-беларуску не складана, запэўнівае дзяўчынка.
За лета Ялінка прачытала некалькі тоўстых кніг. Па-расейску адолела Пушкіна «Дуброўскага» і Гогаля «Ночь перед рождеством». Па-беларуску па-за школьнай праграмай прачытала «Сем камянёў» Аляксея Шэіна. Кніга, кажа, падобная да сэрыі кніг пра Гары Потэра.
«Я наагул люблю чытаць фантастыку і прыгоды. Чытаю на беларускай і расейскай мове. Троху чытаю і па-ангельску», — кажа Ялінка.
Улетку сям’я Салаўёвых пабывала ў Літве. Ялінцы спадабалася, як выглядаюць вуліцы ў Вільні. «У іх ёсьць нешта старажытнае», — кажа яна.
«Мы бачылі Вострую браму. Залазілі на вежу Гедыміна. Былі каля будынка, дзе працаваў Францыск Скарына. Былі ў Друскеніках у аквапарку», — каротка пераказала маршрут падарожжа Ялінка.
Да новага навучальнага году беларусы, якія жывуць у Чэхіі, даслалі Ялінцы свае прэзэнты: заплечнік, фламастары і вялікую ляльку. Пахвалілася Ялінка і дзьвюма кнігамі. Першую кнігу ёй уручыў Ніл Гілевіч.
«Мы езьдзілі да яго ў Менск, і ён падарыў мне вось гэтую кнігу. І яшчэ падпісаў яе. Тут напісана: «Ялінцы Салаўёвай у вялікую шчасьлівую дарогу з родным словам у сэрцы. Памятай, на цябе глядзіць Беларусь», — кажа магілёўская школьніца.
Другую кнігу, «Дажыць да зялёнай травы», даслаў у 2008 годзе сам Рыгор Барадулін. Школьніца кажа: «Кніга таксама падпісаная: „Ялінцы — расьці шчасьлівай“».
Мікіта Кузьмініч з Горадні
Мікіта Кузьмініч перайшоў у шостую клясу. Вучыцца ў 10-й гарадзенскай гімназіі. У клясе толькі два вучні: ён ды Сьвета Астроўская. А ці праўда, што ў вучняў беларускіх клясаў з расейскай мовай горш? Не, адказвае Мікіта, па-расейску ён размаўляе свабодна, вывучае ангельскую. Але вучыцца на беларускай мове адразу было няцяжка. У яго добрыя настаўнікі, кажа ён. І шмат сяброў у іншых клясах.
А што па-за вучобай? Спачатку займаўся плаваньнем, затым стральбой з лука, сёлета хоча пайсьці на каратэ. Вучню беларускай клясы трэба быць разьвітым усебакова. А што са спаборніцтвамі? Пакуль рана, трэба два гады вучыцца трапляць з лука ў мішэнь. Але быць першым ня ў кожнага выйдзе. Сябар езьдзіў на спаборніцтвы, але заняў апошняе месца, кажа Мікіта.
Францішак Вялічкін зь Берасьця
Францішак Вялічкін будзе навучацца ў пятай клясе школы № 29. Улетку, кажуць яго бацькі, Уладзімер і Маргарыта Вялічкіны, яны шукалі магчымасьці працягнуць навучаньне менавіта ў беларускамоўнай клясе. Разглядалі нават варыянт навучаньня ў вёсцы, галоўнае — на роднай мове. Аднак калі пачалі шукаць, то выявілася, што бліжэйшая беларускамоўная школа — за 60 кілямэтраў ад Берасьця, у Камянецкім раёне.
У выніку цягам лета пяцёра берасьцейцаў дабіліся адкрыцьця пятай беларускамоўнай клясы ў абласным цэнтры.
Вучань пятай клясы Францішак Вялічкін кажа, што сумуе па школе, хоць яшчэ б і пагуляўся. Хлопчык перакананы, што каб быць сапраўдным беларусам, вучыцца трэба на роднай мове. Зь сябрамі Францішак вольна гутарыць і па-беларуску, і па-расейску.