У Горадні адбыўся ўстаноўчы сход «Руху маці 328». У ім удзельнічалі паўтара дзясятка жанчын, сыны якіх сядзяць за наркотыкі — паводле артыкула 328 Крымінальнага кодэксу. Яны хочуць разам змагацца за паляпшэньне лёсу сваіх дзяцей, якія сядзяць пераважна ў 22-й калёніі, а таксама ў 2-й. За старшыню руху абраная Ларыса Жыгар.
Жанчыны лічаць, што іхнія сыны, асуджаныя паводле часткі ІІІ 328 артыкула, ня могуць быць «наркабаронамі», бо ў іх не было грошай і сувязяў, каб стаць імі. А яны тым часам сядзяць за «выраб, перапрацоўку, набыцьцё, захаваньне, перавозку ці перасылку альбо незаконны збыт наркатычных сродкаў».
Сабраныя называлі тэрміны, якія атрымалі сыны: 8 год, 11, 15. Яны кажуць, што паказаньні выбіваліся гвалтам. «Цэлую ноч зьбівалі, надзявалі адгазьнік», — расказвае адна. «24 гадзіны трымалі прывязаным да крэсла, зьбівалі, не давалі піць, у туалет, нікуды», — кажа маці другога. «Пісала ўва ўсе інстанцыі і спыняцца ня буду». Адна з жанчын ужо атрымала 86 адпісак і кажа, што напіша яшчэ «хоць 126». Іншая прызналася, што ўнука трымалі ў карцэры чатыры месяцы і ён пасівеў. Няхай ён вінаваты, але «ён чалавек, грамадзянін, і мучыць яго нельга», — кажа яна.
Гарадзенскія жанчыны вырашылі даслаць ліст Аляксандру Лукашэнку, зьвярнуць ягоную ўвагу на тое, што ў Год моладзі сьледчыя органы і суды стараюцца даць паказчыкі выкананьня дэкрэту № 6 (ад 28.12.2014) «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеяньні незаконнаму абарачэньню наркотыкаў».
«Калёніі перапоўненыя моладзьдзю ад 14 да 25 год», — зазначаюць жанчыны.
Прысуды выносяцца ад 8 да 15 і болей гадоў: «Атрымаўшы такія тэрміны, трэба сапраўды быць „наркабаронамі“. Напрошваецца пытаньне: адкуль столькі наркабаронаў? Выходзіць, калі дадзена ўказаньне „працаваць“ па ІІІ-й частцы артыкула 328, то дзе браць збытчыкаў, каб праца была прызнаная эфэктыўнай?»
Маці лічаць, што таму, хто папаўся з наркотыкам, «прапануюць» здаць «пару-тройку сабе падобных». Ён просіць кагосьці «падзяліцца наркотыкам», а прыяцель дае, не здагадваючыся, што той ужо на кручку ў сьледчых і правакуе яго на больш цяжкае злачынства — «збыт».
«Чаму нехта з чалавечай бяды робіць паказчыкі па затрыманьні?» — кажуць гарадзенкі. У афіцыйных сродках усё — пра гераічную барацьбу з наркаманіяй. А дзе зьвесткі пра «парушэньні, падтасоўкі і правакацыі»?
«Пры расьсьледаваньні крымінальных спраў не зьвяртаюць увагі на ўзрост падазраваных, а ў іх жа толькі пачынаецца жыцьцё. Па сваім глупстве купляюць, пакураць — і атрымліваюць аграмадны тэрмін», — мяркуюць маці пакараных наркаманаў.
Згадзіцеся з намі, зьвяртаюцца жанчыны да прэзыдэнта: «Ёсьць жа вялікая розьніца — за што і на колькі. Нашы дзеці — не гандляры і не распаўсюднікі, а на гэты факт ніхто не зьвяртае ўвагі. Галоўнае — лічба, плян!».
«Просім зьвярнуць увагу на татальную залежнасьць судоў ад міліцыі, пратаколы фальсіфікуюцца. З ініцыятывы міліцыі адбываюцца правакацыі, прымусам выбіваюцца «чыстасардэчныя прызнаньні», — зазначаюць гарадзенскія жанчыны.
«Узьнікаюць пытаньні: чаму за жыцьцё алькаголікаў змагаюцца, а наркаманаў караюць і ня лечаць? "Моладзь проста ламаюць, ізалююць ад грамадзтва. Навошта закон, калі ён ня мае на мэце справядлівасьць? Беларускай міліцыі больш ня верым і баімся: невядома, што можа здарыцца»,— прызнаюцца маці асуджаных паводле артыкула 328.
Чаго рэальна спадзяюцца дамагчыся гэтыя жанчыны, на што разьлічваюць? На аб’ектыўнае расьсьледаваньне, на перагляд санкцыяў і парадку прымяненьня артыкула 328. Каб пакараньне, калі маладзён купіў наркотык і больш рэальна нічога злачыннага не зрабіў, было больш мяккае. Каб тым, хто заслугоўвае, зьмяншалі тэрміны зьняволеньня, давалі права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, на амністыю. Цяпер асуджаныя паводле артыкула 328 на ўсё гэта разьлічваць ня могуць.