Як перадае карэспандэнт расейскай службы Радыё Свабода Пётр Чаромушкін, жыхары Валбжыху ўпэўненыя, што каля гораду знойдзены бронецягнік часоў другой Сусьветнай вайны з золатам, нарабаваным нацыстамі.
Паводле ранейшых паведамленьняў у польскай прэсе, бронецягнік знайшлі паляк і немец, якія не паведамляюць сваіх імёнаў і маюць зносіны з уладамі праз адваката, патрабуючы гарантый выплаты належных па законе 10 працэнтаў ад кошту знойдзенага. Што менавіта знаходзіцца ў цягніку, невядома.
Віцэ-міністар культуры Польшчы Пётр Жухоўскі заявіў у суботу ў эфіры польскага радыё, што ацэнкі экспэртаў адназначныя — цягнік і тое, што ў ім знаходзіцца, гэта ўласнасьць дзяржавы.
«Калі, вядома, ня зьявяцца асобы, якія будуць у стане даказаць сваё права ўласнасьці на гэтую знаходку», — сказаў Жухоўскі і дадаў, што раскопкі пачнуцца, хутчэй за ўсё, вясной наступнага году.
Між тым у польскай прэсе зьявілася інфармацыя аб тым, што на знаходку могуць прэтэндаваць спадчыньнікі габрэяў, якія жылі ў рэгіёне да вайны, і нават Расея, як афіцыйны правапераемнік СССР.