Аб гэтым Свабодзе распавяла берасьцейская прафсаюзная лідэрка Зінаіда Міхнюк. Спадарыня Міхнюк разам зь берасьцейскімі актывістамі наведала маці Алеся Чаркашына ды паведаміла пра сьмерць яе сына.
«Дома мы засталі маці — такая меньшанькая за мяне, худзенькая жанчына. Яна сказала, што ўжо не працуе, я так зразумела, што яна на пэнсіі... Яна, вядома, адразу не паверыла, кажа, маўляў, мы нешта наблыталі. Я патлумачыла, што мы шмат разоў праверылі, перад тым, чым прыйсьці да яе. Яна пачала плакаць, а потым сказала, што хоча пабыць адна... Ён, вядома, не гаварыў праўду маці, нядаўна тэлефанаваў, казаў, што ўсё добра, што ён не ваюе», — распавяла Зінаіда Міхнюк.
Спадарыня Міхнюк кажа, што маці настаяла, каб Алеся прывезьлі хаваць у Берасьце, каб мець магчымасьць наведваць магілу сына.
Сябра БХД Зьміцер Шурхай распавёў Свабодзе, што цела Алеся Чаркашына мяркуюць прывезьці ў Берасьце ў панядзелак:
«Недзе ў панядзелак будзе рэфрыжэратар у Берасьці. Раніцай, уначы будзем чакаць. Сёньня-заўтра будзе дакладна вядома, у панядзелак, ці ў аўторак будзе пахаваньне. Я мяркую, што ў панядзелак.»
Спадар Шурхай быў сябрам Алеся Чаркашына:
«Я ведаў, што ён навучаўся ва Ўкраіне. Там ён, будучы студэнтам, езьдзіў у зону АТА, наведваў у якасьці місіянэра. Раздавалі там „Новы Запавет“. Ужо потым, недзе праз паўгоду ён паехаў туды...»
Пахаваньне Алеся Чаркашына можа адбыцца у панядзелак 31 жніўня альбо ў аўторак 1 верасьня.