У заяве канстатуецца, што ў выбарчай кампаніі Караткевіч застаецца апошнім дэмакратычным прэтэндэнтам і на яе «ўскладаецца вялікая адказнасьць», бо ў выпадку рэгістрацыі кандыдаткай у прэзыдэнты для значнай часткі прыхільнікаў пераменаў яна стане «голасам усіх дэмакратычных сілаў».
«Разам з тым у публічнай прасторы чуваць настойлівыя галасы недаверу датычна рэальнай колькасьці подпісаў, сабраных Вашай ініцыятыўнай групай.
З выбарчай кампаніі 2010 году ў грамадзкай думцы трывае перакананьне, што шмат хто з дэмакратычных кандыдатаў быў зарэгістраваны тады паводле жаданьня і сцэнару ўладаў, не здолеўшы сабраць 100 тысяч подпісаў. Гэта адназначна не дадало дэмакратычным сілам аўтарытэту і прызнаньня ў грамадзтве.
Вы самі выдатна памятаеце, наколькі складана і за які доўгі перыяд часу зьбіраліся чатырма структурамі больш за 100 тысяч подпісаў у падтрымку „Народнага рэфэрэндуму“.
Сумневы падмацоўваюцца тым фактам, што каманды прэтэндэнтаў Анатоля Лябедзькі і Сяргея Калякіна адкрыта заявілі, што не змаглі пераадолець подпісны парог.
У такіх умовах годным крокам маральнай палітыкі і спосабам паляпшэньня іміджу дэмакратычных сілаў можа стаць незалежная грамадзкая праверка сабраных подпісаў», — адзначаецца ў заяве.
Рух «За Свабоду» гатовы правесьці з удзелам іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці праверку копіяў падпісных аркушоў, якія каманда Караткевіч перадала ў выбарчыя камісіі.
Тацяну Караткевіч на прэзыдэнцкіх выбарах падтрымлівае грамадзкая кампанія «Гавары праўду» і Партыя БНФ. Цікава, што рух «За свабоду» зьяўляецца партнэрам гэтых дзьвюх структур па кааліцыі «Народны рэфэрэндум».