Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cьледчы камітэт выставіў абвінавачаньні фігурантам па «справе графіцістаў»


20 жніўня Ўпраўленьне Сьледчага камітэту па горадзе Менску выставіла абвінавачаньні Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жаромскаму па частцы 2 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу — «Хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў» за нанясеньне беларускамоўных графіці і пэцканьне бігборду, паведамляе праваабарончы сайт «Вясна».

Дарэчы, 20 жніўня ў Максіма Пякарскага дзень нараджэньня — яму спаўняецца 24 гады.

Ці выстаўленыя абвінавачаньні Вячаславу Касінераву, які знаходзіцца ў шпіталі з двайным пераломам сківіцы, невядома. Яраслаў Ульяненкаў застаецца ў статусе падазраванага.

Тры пастановы аб завядзеньні крымінальных справаў былі аб’яднаныя ў адно справаводства. Пры гэтым адна са справаў, заведзеная па факце пэцканьня фарбай бігборду з выявамі супрацоўнікаў МУС і спачатку кваліфікаваная па артыкуле 341 КК «Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці», была перакваліфікаваная таксама на ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу.

Цяпер хлопцам пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да трох гадоў альбо пазбаўленьне волі на тэрмін ад аднаго да шасьці гадоў.

Ці будзе зьменена мера ўтрыманьня ў дачыненьні да В. Жаромскага і М. Пякарскага на час сьледзтва, стане вядома пазьней.

Як раней адзначаў юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка, нанясеньне малюнкаў на сьцены нельга ў дадзеным выпадку расцэньваць як хуліганства, бо гэтыя дзеяньні ня носяць фактаў грубага парушэньня грамадзкага парадку з выразам яўнай непавагі да грамадзтва:

«Магу сьмела сьцьвярджаць, што паказаныя надпісы з выявамі не парушаюць груба грамадзкі парадак і не выказваюць відавочнай непавагі да грамадзтва: у іх няма абразьлівага зьместу, табуяваных выразаў і азначэньняў.

Матыў нанясеньня падобных надпісаў пры названых абставінах ня можа быць хуліганскі, такія дзеяньні зьяўляюцца спосабам выказваньня меркаваньняў.

Канстытуцыя Беларусі і абавязковы для яе Пакт „Аб грамадзянскіх і палітычных правах“ абавязвае дзяржаву паважаць права на выказваньне меркаваньняў, калі яны маюць мірны характар, не маюць замаху на дзяржаўную або грамадзкую бясьпеку і маральнасьць.

Безумоўна, гэтыя графіці таксама праява выказваньня меркаваньняў, якая не суправаджаецца прамымі заклікамі да зьдзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў. Гэтыя надпісы, як і малюнкі, наогул ня заклік. І менавіта з такога пункту гледжаньня яны павінны быць ацэненыя органам, які вядзе крымінальны працэс. Усякага роду здагадкі, „дадумваньні“ за аўтараў сэнс надпісаў і малюнкаў пры разглядзе крымінальнай справы недапушчальныя, паколькі парушаюць прэзумпцыю невінаватасьці», — кажа Павал Сапелка.

11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя па падазрэньні ва ўдзеле па трох крымінальных справах: нанясеньні беларускамоўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...», а таксама пэцканьні фарбай сацыяльнага бігборду з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» ужо выступіў з заявай на конт сытуацыі, якая склалася, і патрабуе неадкладнага вызваленьня з-пад варты Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага і Вадзіма Жаромскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG