Каля Сьледчага ізалятара на вуліцы Валадарскага адбыўся пікет з патрабаваньнямі вызваліць графіцістаў Максіма Пякарскага і Вадзіма Жаромскага, якім 20 жніўня Сьледчы камітэт выставіў абвінавачваньні па частцы 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу — «Хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў» за нанясеньне беларускамоўных графіці і запэцканьне білборду з выявай міліцыянтаў. З 11 жніўня Пякарскі і Жаромскі ўтрымліваюцца ў СІЗА на Валадарцы.
На пікет прыйшлі больш за 20 чалавек. Сярод пікетоўцаў быў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, сустаршыня БХД Павал Севярынец, прадстаўнікі моладзевых арганізацый — «Маладых дэмакратаў», «Маладой Беларусі», МХД, Камітэту салідарнасьці з Украінай, руху «Разам» ды іншых.
Моладзь трымала плякаты «Свабоду Максіму Пякарскаму», «Свабоду Масіму Жаромскаму», а таксама выявы графіці «Беларусь мае быць беларускай». Некаторыя былі ў цішотках з надпісам «Свабоду палітвязьнямі».
Над удзельнікамі пікету луналі тры бел-чырвона-белыя сьцягі.
Спачатку пікетоўцы стаялі каля будынку Рускага тэатру, а потым перайшлі на іншы бок вуліцы да СІЗА. Міліцыя назірала за пікетам з другога боку вуліцы. Прыехала Беларускае тэлебачаньне, разгарнула камэры і здымала пікет цягам 30 хвілін. Пікетоўцы стаялі з плякатамі і сьцягамі на працягу гадзіны.