Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы толькі рыпніцеся — і мы вас усіх перасаджаем»: што меў на ўвазе міністар Шуневіч?


Ігар Шуневіч, міністар унутраных справаў
Ігар Шуневіч, міністар унутраных справаў

800 затрыманых, дзясяткі палітвязьняў, пераламаная міліцэйскай дубінкай нага студэнткі Маі Абромчык — такія вынік дзеяньняў праваахоўных органаў падчас папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

«Мы гатовыя да адэкватнага адказу на любы выклік, любую пагрозу, — заяўляе ў эфіры тэлеканалу Беларусь-1 міністр Ігар Шуневіч, камэнтуючы гатовасьць свайго ведамства да дня новых выбараў прэзыдэнта. — «Мы гатовыя спрацаваць трошкі раней, калі ў гэтым будзе неабходнасьць».

Сярод найбольш яскравых прыкладаў апераджальных дзеяньняў МУС варта згадаць крымінальныя справы Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава. Яны былі затрыманыя 18 сьнежня 2010 году, за дзень да папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў, абвінавачаныя ў бойцы і асуджаныя адпаведна да двух і чатырох гадоў пазбаўленьня волі. Абодвух прызналі вязьнямі сумленьня.

Практыка прэвэнтыўных затрыманьняў настолькі ўкаранілася, што напярэдадні Чэмпіяната Сьвету па хакеі 2014 году каля чатырох дзясяткаў актывістаў былі затрыманыя і асуджаныя да значных адміністрацыйных тэрмінаў.

Павал Вінаградаў. Выхад з турмы на Акрэсьціна пасьля чарговых "сутак"
Павал Вінаградаў. Выхад з турмы на Акрэсьціна пасьля чарговых "сутак"

Адзін з рэкардсмэнаў па прэвэнтыўных затрыманьнях і арыштах — былы палітзьняволены Павал Вінаградаў. Прэвэнтыўна затрымлівалі яго больш за два дзясяткі разоў, ня менш за 10 зь іх сканчваліся арыштам.

«Досыць забаўна чытаць, што «МУС гатовы да адэкватнага адказу на любы выклік падчас кампаніі па выбарах», таму што зразумела, што маецца на ўвазе не пакараньне сябраў выбарчых камісій за фальсыфікацыі, не забесьпячэньне бясьпекі людзей на магчымых мітынгах і не абарона канстытуцыйных правоў і свабодаў. Маецца на ўвазе, што «вы толькі рыпніцеся — і мы перасаджаем вас, як на выбарах у 2010-м», — камэнтуе Павал словы міністра Шуневіча.

«Гэта даклад «вярхоўнаму», што ён па-ранейшаму яго моцна любіць, — кажа падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў. У 2008 Казлоў распавёў пра фальсыфікацыі вынікаў датэрміновага галасаваньня на менскім участку № 463 Старавіленскай акругі № 105. Тады сябры выбарчай камісіі ўкідвалі бюлетэні ў скрыні, калі ўчастак быў зачынены.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

«Мне не зразумела, чаму Шуневіч публічна не аддае загад сачыць за тым, каб не было фальсыфікацыяў на выбарах, сачыць за тым, каб сябры камісій ня ўкідвалі бюлетэні ў скрыні. Чаму ён не тлумачыць сябрам выбарчых камісій, што фальсыфікацыя — гэта крымінальнае дзеяньне, што можна сесьці за гэта ў турму? Яны мусяць пра гэта думаць, а яны ўсё чакаюць нейкіх „майданаў“, пазбаўляючы людзей права мірна выказаць сваё меркаваньне. Пляскаць нельга, зьбірацца нельга, размаўляць нельга, і ён (Шуневіч — РС) нешта яшчэ шукае — такі сьледапыт», — кажа Мікалай Казлоў.

Міністар Ігар Шуневіч упэўнена заяўляе, што міліцыя ніколі не ўжывала жорсткіх захадаў падчас акцый пратэсту і не выкарыстоўвала «вадамётаў, сабачкі, гумовыя кулі, гранаты і іншае». Паводле міністра, міліцыя карыстаецца толькі дубінкамі і шчытамі як «сродкамі актыўнай абароны».

Кадры брутальнага разгону Плошчы-2010 і нападу на каманду кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, у выніку якога ён апынуўся ў шпіталі, наўпрост фіксуюць жорсткія дзеяньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Шматлікія журналісцкія матэрыялы і сьведчаньні ўдзельнікаў акцый пратэсту абвяргаюць словы міністра і сьведчаць пра выкарыстаньне сьвятла-шумавых гранат, гумовых і плястыкавых куляў, электрашокераў.

«Я выдатна памятаю сьвятла-шумавыя гранаты, аскепкі якіх прашываюць наскрозь зімовае адзеньне і пакідаюць парэзы на целе, — кажа ўдзельнік Плошчы-2010 і былы палітвязень Павал Вінаградаў — І зусім ня горш даюць рады дубінкі, шчыты і берцы, пры дапамозе якіх ня раз абаранялі ад людзей сьвятарны грааль стабільнасьці ў Беларусі».

Алена Танкачова
Алена Танкачова

Праваабаронца Алена Танкачова лічыць, што МУС не зрабіў аніякіх высноваў з падзеяў 2010 году.

«Гэта мусіла быць цэлая сэрыя адукацыйных мерапрыемстваў для супрацоўнікаў МУС у сувязі са стандартамі дзейнасьці паліцыі і сыходзячы з прынцыпаў павагі і выкананьня правоў чалавека, у тым ліку тое, што тычыцца свабоды сходаў і дзеяньня незалежных СМІ, — кажа юрыстка. — Нічога падобнага з праваахоўнымі органамі за апошнія 5 год ня здарылася».

Цэнтар праўнай трансфармацыі Lawtrend, старшынём управы якога зьяўляецца Танкачова, сабраў тысячы старонак дакумэнтаў і сотні гадзінаў аўдыёзапісаў судовых паседжаньняў па справах апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Міліцыянты і судзьдзі, якія былі задзейнічаныя ў незаконных дзеяньнях, названыя пайменна.

Паводле Танкачовай, ніхто з супрацоўнікаў праваахоўных органаў ня быў прыцягнуты да адкзанасьці за дзеяньні на Плошчы-2010 зь непрапарцыйным, незаконным ужываньнем сілы.

«Мы ня бачым аніякіх дзеяньняў праваахоўных органаў, у якіх асуджаліся б і прыцягваліся б да адкзанасьці супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія масава ілжэсьведчылі пасьля падзеяў Плошчы-2010 у судах і працягнулі ілжэсьведчыць па адміністрацыйных справах далей, — працягвае Алена Танкачова.

Няма аніводнай падставы меркаваць, што праваахоўныя органы ў 2015 годзе гатовыя дзейнічаць цалкам у інтарэсах абароны грамадзкага парадку і ў адпаведнасьці з канстытуцыйнымі прынцыпамі, — робіць выснову Танкачова.

«Калі народ захоча выйсьці на плошчу, усё паўторыцца, — лічыць падпалкоўнік Мікалай Казлоў. — Па-іншаму яны проста ня ўмеюць, і па-іншаму ў іх проста ня ўкладваецца ў галаве, што чалавек можа выйсьці на плошчу і выказаць сваё меркаваньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG