Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр беларускі Далі, мастак-сюррэаліст Георгі Скрыпнічэнка


Георгі Скрыпнічэнка, мастак
Георгі Скрыпнічэнка, мастак

Пасьля цяжкой хваробы ў Менску пайшоў з жыцьця беларускі мастак Георгі Скрыпнічэнка, які ўваходзіў у творчую суполку «Пагоня» пры Саюзе мастакоў.

Пра гэта Радыё Свабода паведаміў старшыня Саюзу мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца.

Рыгор Сітніца зазначыў, што адыход знанага мастака-сюррэаліста з выразнай нацыянальнай пазыцыяй — вялізная страта для беларускага мастацтва:

Рыгор Сітніца
Рыгор Сітніца

«Сьмерць Георгія Скрыпнічэнкі — найвялікшая страта нашага выяўленчага мастацтва. Георгі Сяргеевіч быў надзіва адметнай асобаю ў асяродзьдзі беларускіх мастакоў, чалавек зь вельмі выразным нацыянальным сьветапоглядам, чалавек з абвостраным пачуцьцём нацыянальнай і грамадзянскай годнасьці, чалавек, які прытрымліваўся нацыянальных каштоўнасьцяў і ўсяляк іх умацоўваў і адстойваў, хоць і працаваў у, здавалася б, даволі нязвыклым жанры сюррэалізму. Ён і зьнешне быў трохі падобны да Сальвадора Далі. Вельмі выкшталцоны майстар, якіх у нас мала.

Ён быў вельмі добрым чалавекам, шчырым сябрам, добразычлівы да ўсіх калегаў. Я нават уявіць ня мог, што ў яго маглі быць нейкія нядобразычліўцы. З усімі быў вельмі карэктны, жартаўлівы. Вельмі нечаканы адыход, але ніхто і не паверыць, што яму было амаль 75 год, — настолькі шляхетна і імпазантна ён заўсёды выглядаў. Гэткім ён нам і запомніцца. Яго ніхто не запомніць старым, таму што ён не пасьпеў пастарэць», — сказаў Рыгор Сітніца.

Разьвітаньне з Георгіем Скрыпнічэнкам адбудзецца 14 жніўня а 12.20 у крэматорыі на Ўсходніх могілках.

____________________________________________

Георгі Скрыпнічэнка нарадзіўся ў 1940 годзе ва ўкраінскім горадзе Мікалаеве. Скончыў Менскую мастацкую вучэльню, працаваў ва Ўсесаюзным НДІ тэхнічнай эстэтыкі.

Самыя вядомыя працы: сэрыя «Выдатныя дзеячы беларускай культуры», сэрыя «Мастакі Айчыне», карціны «Мірная зямля», «Вобразы мілыя роднага краю», «Адчуваньне Радзімы», «Жакей», «Алегорыя сьвету», «Прысьвячэньне М. Селяшчуку», «Экалягічная раўнавага», «Скарына на Радзіме», «Як справы ў Чарнобылі?», «Страчаныя мары», «Смутак», «Апошнія гульні», «Памяркоўны», «Час майго жыцьця», «Забруджаная зямля», «Да 200-годзьдзя А. Міцкевіча», «Суіснаваньне», «Ланцуг жорсткасьці», «Гальшаны».

Творы Сяргея Скрыпнічэнкі з сайтаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музэю-запаведніка і Музэю сучаснага выяўленчага мастацтва

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG