Афіцыйнае беспрацоўе ў Беларусі вырасла больш як у два разы, але гэтыя лічбы ўсё роўна не адлюстроўваюць рэальнага стану рэчаў на працоўным рынку Беларусі. Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў экс-міністар працы і сацыяльнай абароны (1994–1996 гг.) Аляксандар Сасноў.
Паводле зьвестак Белстата, з чэрвеня 2014 году па чэрвень 2015-га колькасьць зарэгістраваных беспрацоўных у Беларусі павялічылася больш як у 2,2 раза, дасягнуўшы ўзроўню 46 800 чалавек. Цяпер узровень афіцыйнага беспрацоўя складае 1% ад эканамічна актыўнага насельніцтва (год таму — 0,5%).
Паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у органы па працы ў студзені-чэрвені бягучагу года зьвярнулася 136,5 тыс. чалавек, на ўлік у якасьці беспрацоўных паставілі 99,1 тыс. чалавек. Прычым у першым паўгодзьдзі 2015-га зарэгістравалі 24,8 тыс. беспрацоўных зь ліку тых, хто доўгі час не працаваў (амаль у 2 разы больш, чым у першым паўгодзьдзі 2014-га) — 25% ад агульнай колькасьці зарэгістраваных беспрацоўных, адзначае БЕЛТА.
Пры гэтым колькасьць вакансіяў, заяўленых у органы па працы на 1 ліпеня 2015 году, скарацілася да 27,6 тыс. (49,9% ад колькасьці вакансіяў на 1 ліпеня 2014 году).
Рост беспрацоўя супаў з уступленьнем у сілу дэкрэту «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» (так званы «дэкрэт пра дармаедаў»), які быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 2 красавіка.
Але Аляксандар Сасноў лічыць, што «дэкрэт пра дармаедаў» нават часткова стрымлівае рэальнае беспрацоўе, бо падштурхоўвае людзей не звальняцца з малааплатнай працы.
— За год афіцыйнае беспрацоўе вырасла больш як у два разы. Чым, на вашу думку, гэта абумоўлена?
— Думаю, тут чыньнікаў шмат. Па-першае, гэта тое, што фінансавае становішча ў краіне пагоршылася. У тым ліку пагоршылася ў дзяржаўных прадпрыемствах, на якіх трымалі нейкую залішнюю колькасьць людзей. Па-другое, улады не адмовіліся ад сваёй канцэпцыі забясьпечыць працоўнымі месцамі, няхай і неэфэктыўнымі і малааплатнымі, усіх. Але яны былі вымушаны даць дазвол на прадпрыемствах звальняць вось гэтую колькасьць людзей. Таму так і атрымалася. А што тычыцца «дэкрэту пра дармаедаў», то гэта, наадварот, зроблена дзеля таго, каб людзі не звальняліся і сядзелі як мага даўжэй на гэтых неэфэктыўных і малааплатных месцах.
— Тыя дадзеныя па беспрацоўі ў Беларусі, якія сёньня дае Белстат (каля 47 тысяч) — наколькі яны адпавядаюць рэальнасьці?
— Яны адпавядаюць той рэальнасьці, што яны проста падлічылі колькасьць тых, хто прыйшоў і зарэгістраваўся. На самой справе беспрацоўных лічаць зусім ня так, для гэтага ёсьць адпаведныя мэтодыкі Міжнароднай арганізацыі працы, яны дазваляюць выявіць рэальную колькасьць беспрацоўных. У нас гэтыя зьвесткі таксама існуюць, такія дасьледаваньні Белстат праводзіць, але яны закрытыя. Таму беспрацоўе значна большае, чым тыя лічбы, якія дае Белстат афіцыйна.
— А як вы ацэньваеце рэальны ўзровень беспрацоўя ў Беларусі?
— Мы раней лічылі, і выходзіла, што прыкладна да 10% беспрацоўных у краіне ёсьць. Хоць гэта вельмі прыблізныя лічбы, бо ў нас няма магчымасьці правесьці дакладнае дасьледаваньне.
— Праблема недахопу працоўных месцаў у Беларусі сапраўды існуе?
— Справа ў тым, пра якія месцы мы гаворым. Тыя, на якіх выпускаюць нікому не патрэбную прадукцыю? Тыя, на якіх робяць тое, што нікому ня трэба, і потым ня могуць самі гандляваць тым, што зрабілі? Такіх месцаў, можа, і хапае. Але не хапае менавіта тых месцаў, дзе можна павысіць эфэктыўнасьць, павысіць даходы. Вось такіх месцаў няма ў краіне. І чыноўнікі іх ніколі ня змогуць зрабіць. Улада ў асобе прэзыдэнта спадзяецца, што чыноўнікам даручыш, і калі іх моцна палохаць, то яны нешта зробяць. Нічога яны ня зробяць, што б ты зь імі ні рабіў, нават пад пагрозай расстрэлу яны ня здольныя гэта зрабіць. Гэта могуць зрабіць толькі свабодныя бізнэсоўцы.