Сёньня ва Ўкраіне і сьвеце адзначаюць 150-годзьдзе з дня нараджэньня былога кіраўніка Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы, мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага. Ушаноўваюць яго і адзінаверцы зь Беларусі.
«Постаць Андрэя Шаптыцкага важная ня толькі для царкоўнай, але і для культурнай гісторыі Беларусі», — перакананы айцец Яўген Усошын, грэка-каталіцкі сьвятар зь Менску.
Былы кіраўнік Украінскай грэка-каталіцкай царквы Андрэй Шаптыцкі зрабіў важны ўнёсак у справу адраджэньня грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі. Пра гэта заявіў у інтэрвію Радыё Свабода дэкан Цэнтральна-Заходняга дэканату Беларускай грэка-каталіцкай царквы айцец Яўген Усошын.
Сёньня ва Ўкраіне і сьвеце ўшаноўваюць 150-годзьдзе з дня нараджэньня былога кіраўніка Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы, мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага (1865–1944).
«Мы шануем памяць уладыкі Андрэя Шаптыцкага, але спэцыяльных мерапрыемстваў менавіта сёньня ня будзе, — кажа Ўсошын. — Кожны раз мы молімся за яго як за вялікую постаць гісторыі царквы ня толькі ва Ўкраіне, але і ва ўсёй Усходняй Эўропе. Гэтую постаць належным чынам таксама ацаніла і сусьветная царква. Напрыклад, нядаўна папа Рымскі Францішак падпісаў дэкрэт пра гераічнасьць цнотаў уладыкі Андрэя Шаптыцкага — гэта вельмі важны крок на шляху да яго бэатыфікацыі. Таму мы, вядома, молімся за праслаўленьне і шануем ягоную памяць».
Яўген Усошын асобна адзначыў важны ўнёсак Шаптыцкага ў справу адраджэньня грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі ў першай палове 20-га стагодзьдзя.
«Менавіта ён, як той, хто меў асаблівыя паўнамоцтвы ад папы Рымскага, прызначыў апостальскім экзархам для беларусаў грэка-католікаў Антонія Неманцэвіча, які потым загінуў у засьценках СД (Неманцэвіч быў прызначаны экзархам у 1940 годзе, загінуў у 1942-м. — РС). Гэта быў важны этап у аднаўленьні структуры грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі ў свой час», — кажа ён.
Шаптыцкі таксама адзначыўся ў культурніцкіх справах. Напрыклад, ён супрацоўнічаў з Іванам Луцкевічам наконт дапамогі царкоўнаму музэю ў Вільні.
«Таму ягоная постаць важная ня толькі для царкоўнай, але і для культурнай гісторыі Беларусі», — падкрэсьлівае Ўсошын.
«Прынамсі адзін раз ён быў у Беларусі. Ён сустракаўся зь беларускімі дзеячамі, як царкоўнымі, так і сьвецкімі. Быў у Вільні, сустракаўся з Аляксандрам Ельскім, братамі Луцкевічамі, маладой генэрацыяй беларускіх сьвятароў. Ён нават меў нейкія канкрэтныя праекты па аднаўленьні парафіяльнай сеткі на тэрыторыі Беларусі», — зазначыў дэкан Цэнтральна-Заходняга дэканату Беларускай грэка-каталіцкай царквы айцец Яўген Усошын.