Ідэальны беларускі палітык — той, хто прывядзе краіну да поступу і перамен. А гэта, у сваю чаргу, залежыць ад матывацыі — хто чым кіруецца.
Ідэальны беларускі палітык кіруецца каштоўнасьцямі. Тутэйшая ідэнтычнасьць, родная мова, незалежнасьць краіны, свабода і правы чалавека, эўрапейская арыентацыя ня маюць для яго альтэрнатывы. Яны ў прынцыпе ня маюць альтэрнатывы, калі глядзець на прыклады пасьпяховых краінаў, дзе чалавеку жывецца камфортна ва ўсіх сэнсах.
Сёньня такога палітыка ў Беларусі няма, бо ўсё, што я пералічыў, у тутэйшых палітычных актывістаў калі й прысутнічае, дык на дзясятых месцах. Каштоўнасьцямі — як прыярытэтам — не кіруецца ніхто.
Для кіраўніка краіны на першым месцы асабістая ўлада. Для ягонага атачэньня — таксама ягоная ўлада, якая дазваляе рабіць кар’еру і дасягаць матэрыяльнага камфорту. Каштоўнасьці? Якія каштоўнасьці?
Для так званай апазыцыі на першым месцы — імітацыя дзейнасьці, якая дазваляе па інэрцыі трымацца на плыву, у тым ліку і ў пляне адноснага матэрыяльнага дастатку. Яны, вядома, за перамены, але настолькі зжыліся з роляй палітычных аўтсайдэраў, што з уласнае волі ніколі не прамяняюць гэтую ролю на нейкія там каштоўнасьці, за якімі нічога матэрыяльнага не стаіць, а сям’ю карміць трэба. Адзіная карысьць ад такіх груп — пашырэньне грамадзянскай супольнасьці, нетаталітарнага чалавека. Калі, вядома, такое пашырэньне мае месца.
Трэцяя катэгорыя — «упёртыя нацыяналісты». Гэтыя нібыта ня маюць матэрыяльнага прыярытэту, выступаюць за родную мову і шмат кажуць пра пагрозы незалежнасьці, але настойліва пазьбягаюць слова «каштоўнасьці». Думаю, таму, што гэтае слова часта ўжывае «гнілы Захад», ад якога іх карабаціць. У сваім адмаўленьні свабоды і правоў чалавека яны нагадваюць эрпэцэшных харугваносцаў. Насамрэч замест каштоўнасьцяў яны карыстаюцца пастулятамі, ад чаго так часта іхныя заклікі гучаць неадэкватна і для тутэйшай публікі незразумела: «змагацца супраць расейскай агрэсіі», «кожны, хто гаворыць па-расейску, страляе ў свой народ», «беларусы, назапашвайце зброю»... Пастулянты заўсёды маюць рацыю і ня маюць дачыненьня да рэальнасьці. Затое галоўны папуліст краіны камізаваў іхнае самавызначэньне — змагары. Думаю, яны проста ўнутрана несвабодныя людзі, таму дазваляюць сабе пастуляваць, не несучы за словы ніякай адказнасьці.
Бадай, гэта і ўвесь спэктар тутэйшых палітыкаў і палітычных актывістаў, якіх каротка можна разьмеркаваць па жанрах як уладаімцы, грантасмокі і пастулянты. У сучасным разуменьні яны і не палітыкі ніякія, бо за дваццаць гадоў ні на крок не наблізіліся да перамен. Бо па вялікім рахунку ня ставілі перад сабой такіх мэтаў. Адныя царавалі, другія выжывалі, трэція пастулявалі. Кожны дасягнуў сваёй столі.
Ілюзія таго, што ад іх можна чакаць перамен, — толькі ілюзія, клейкая, як ліпучка ад мух, таму столькі гадоў не адліпае, бо адлепіш — застаецца пустата, расчараваньне і безнадзёга.
Перамены, калі гэта не інсьпірацыя ўладаў ці нейкае зьнешняе сілы, у аўтарытарнай дзяржаве могуць пачацца толькі і выключна палітыкамі, якія маюць каштоўнасны прыярытэт. У нашым выпадку гэта хутчэй за ўсё адбудзецца са зьменаю пакаленьня, калі сярод актывістаў зьявяцца не ўладаборцы (якім або нічога ня сьвеціць, альбо гэта ня будуць перамены), не грантасмокі і не дагматыкі, а жывыя людзі, арыентаваныя перад усім на патрэбы сучаснага грамадзтва.
І тут застаецца толькі паўтарыць, што прыйдуць гэтыя людзі ня зь сёньняшніх палітычных гурткоў, якія плодзяць хіба што сабе падобных, а з асяродкаў асьветы, навукі і культуры. Бо толькі там фармуецца каштоўнасны патэнцыял чалавека і толькі там нараджаецца ідэальны беларускі палітык. Так у Беларусі заўсёды было, а значыць, так і будзе.