Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З кім вы, Кустурыца і Брэгавіч?


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Ну вось: забаранілі ў Кіеве спачатку канцэрт Брэгавіча, цяпер — Кустурыцы, вядомых балканскіх зорак.

Брэгавіч пасьпеў ужо выступіць сёлета ў захопленым Расеяй Крыме. Ён быў некалі патрыётам СФРЮ, нічога дзіўнага, бацька служыў у югаслаўскай арміі, праўда так піў, што разышоўся з маці. Але песьня Горана пра Югаславію, якую ён выконваў са сваім вядомым гуртом «Bijelo dugme» сапраўды выдатная. Аднак Югаславіі больш няма, засталіся толькі ўрокі яе распаду. Але ўрокаў ніхто ня любіць, ні ў школе, ні пасьля яе.

Кустурыца ў сьвеце вядомы яшчэ больш за Брэгавіча. Летась мне так часта траплялася ў навінах прозьвішча Кустурыцы, што я міжволі пачаў задумвацца — а кім ён насамрэч ёсьць? Так, вядомым рэжысёрам, фільмы якога я сам з цікавасьцю глядзеў і часамі рагатаў. І наконт фільмаў мне вядома, што гэта часьцей выдатнае мастацтва, але на мяжы кітчу. І ў гэты кітч Кустурыца рэгулярна ўпадае. Словам, гэта кіно кантрасту.

І яшчэ вядома, што яму ўласьцівае балканскае шалапуцтва, якога, зрэшты, шмат менавіта ў ягоных фільмах. І ўсяежнасьць. Чытаем: Эмір Кустурыца зьбіраецца зрабіць фільм «аб гандлі чалавечымі органамі ў Косаве». Наступнае паведамленьне: ён хоча здымаць зь «Беларусьфільмам» пра габрэйскіх партызанаў. На падставе італьянскага раману. Але перад тым ён заяўляў, што будзе экранізаваць ажно Дастаеўскага, «Братоў Карамазавых». Як кажуць: хацець ня шкодна.

Аднак гэта яшчэ ня ўсё. Калі яшчэ толькі з Крымам зачыналася заваруха, наш Эмір затурбаваўся аб жыхарах будучых ДНР і ЛНР. Ён заявіў, што «Расея павінна бараніць расейцаў, якія жывуць ва Ўкраіне, і ўратаваць Украіну ад катастрофы». Зразумела, што ён зьвяртаўся не да Расеі як абстракцыі, а да яе ўвасабленьня, яму хацелася, каб яго пачуў сам Пуцін. Кустурыца якраз гастраляваў па Расеі і сказаў на канцэрце, што прысьвячае песьню расейцам з Украіны. І ў яго тут жа ўзьнік плян правесьці гастролі ў самой Украіне «у падтрымку рускамоўнага насельніцтва ды іншых нашых братоў».

Што ж, і Пуцін пачуў, і землякі. У Данбас пазьней прыбыў, як паведамлялася, батальён з двухсот сэрбскіх байцоў для падтрымкі мясцовых сэпаратыстаў. Праўда, як буйны дзяяч мастацтва, Кустурыца хацеў нібы паказаць чалавекалюбства, сказаўшы ИТАР-ТАСС: «На жаль, Украіна цяпер ідзе па тым жа шляху, што й некалі Югаславія. І мне вельмі шкада, што гэта так. Сёньня адбываецца такая ж катастрофа. Я лічу, што Расея павінна абараніць расейцаў, якія жывуць ва Украіне». І Расея ў асобе Пуціна паслухалася Кустурыцу, і Данбас неўзабаве быў зруйнаваны, а жыцьцё мільёнаў людзей разбурана. І былі тысячы забітых. І вайна ня вычарпалася да сёньняшняга дня.

Ня кажучы, што Ўкраіна і Югаславія — зусім розныя прыклады. Удзельнікі югаслаўскай фэдэрацыі вырашылі жыць самастойна, кожная рэспубліка асобна. У нашым выпадку Крым і Данбас Расея вырашыла адарваць і далучыць да сябе, што атрымалася ў першым разе, але ператварылася ў крывавую вайну ў другім. Дык можа Кустурыцу варта заставацца буйным рэжысэрам і ня ўвязвацца, хай толькі сваімі заявамі, у такія крывавыя справы? Можна было б яму параіць гэта. Але ён не паслухаецца. Бо любіць жалезную руку, гэта раз. Па-другое, любіць начальства. Перш за ўсё, якое паводзіцца так, як ён сам. Вось у гэтым яго асаблівасьць, калі не ўспамінаць кінамастацтва.

Кустурыцу напэўна хочацца бываць пры начальніках. І напэўна падабаюцца скандалы з палітычным прысмакам — з уласным удзелам. Аднойчы ён вырашыў пляснуць дзьвярыма на кінафэсьце ў Турцыі, калі яму нагадалі пра сяброўства са Слабаданам Мілошавічам і сэрбскім камандзірам, вядомым па мянушцы Аркан, абодва былі абвінавачаныя Гаагскім трыбуналам. Кустурыца на розьвіт падзякаваў арганізатарам кінафэсту за запрашэньне ў журы, «але я абвяшчаю міністра культуры гэтай краіны ворагам», сказаў ён журналістам.

Цяпер ён напэўна можа абвесьціць міністра культуры Ўкраіны асабістым ворагам, бо менавіта мінкульт зьвярнуўся ў МУС і СБУ: ці варта, каб у Кіеве выступаў такі чалавек, як Эмір Кустурыца? Палітычна блізарукі чалавек, які не зразумеў, што вайна ва Ўкраіне гэта помста Масквы Кіеву за былую крыўду, за распад СССР, як крывавая вайна на тэрыторыі былой Югаславіі была помстай Бялграду сваім былым братам за распад СФРЮ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG