Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы з алімэнтшчыкаў будуць спаганяць праз блякаваньне мабільнікаў, інтэрнэту, а іх саміх лёгка знойдуць у Расеі


Намесьнік міністра юстыцыі Беларусі Валер Кулакоўскі
Намесьнік міністра юстыцыі Беларусі Валер Кулакоўскі

У 2014 годзе судовыя выканаўцы спагналі і перадалі грамадзянам, арганізацыям і дзяржаве паводле судовых рашэньняў больш як 5 трыльёнаў рублёў, а за першыя 6 месяцаў 2015 году спагнана ўжо больш за 4 трыльёны рублёў.

Гэтыя лічбы назваў намесьнік міністра юстыцыі Валер Кулакоўскі. Рост спагнаньняў намесьнік міністра патлумачыў лепшай працай судовых выканаўцаў, якіх у краіне ўжо больш за 1300 чалавек, удасканаленьнем сыстэмы выкананьня судовых рашэньняў, зьменамі нарматыўнай базы. Паводле Валера Кулакоўскага, неўзабаве судовыя выканаўцы атрымаюць новыя магчымасьці, каб спаганяць даўгі з праблемных катэгорыяў грамадзянаў, у тым ліку з алімэнтшчыкаў, якія хаваюцца ў Расеі ад выкананьня сваіх грашовых абавязкаў перад дзецьмі ў Беларусі.

«Ужо ёсьць дамова, паводле якой судовыя рашэньні аб спагнаньні алімэнтаў, якія прынятыя ў Беларусі і Расеі, будуць дзейнічаць у іншай краіне наўпрост, без дубляваньня мясцовым судом, як цяпер. Цягам году чакаем ратыфікацыі гэтага пагадненьня, што дазволіць хутчэй спаганяць грошы зь беларускіх алімэнтшчыкаў, якія хаваюцца ў Расеі», — паведаміў Валер Кулакоўскі. Усяго ў Беларусі каля 150–170 тысяч мясцовых алімэнтшчыкаў. Колькі яшчэ хаваецца ў Расеі, чыноўнікі дакладна ня ведаюць, але лічаць, што такіх нямала.

Як беларусы ставяцца да сваіх даўгоў перад судамі?

Больш за 90% грамадзянаў, адносна якіх суды прызначылі спагнаньне грошай, усяляк ухіляюцца ад гэтых выплат. Як быць судовым выканаўцам, калі звычайныя захады — арышт і продаж маёмасьці — не дапамагаюць? Паводле Валера Кулакоўскага, ужо цяпер служба судовых выканаўцаў для спагнаньня грошай ужывае блякаваньне мабільных тэлефонаў ды сьпісваньне грошай з рахунку абанэнта. Тое самае хутка будзе і з даўжнікамі — карыстальнікамі інтэрнэту. Наперадзе таксама захады адносна тавараў, заказаных з-за мяжы праз інтэрнэт: судовыя выканаўцы будуць арыштоўваць такія пасылкі і абарочваць іх у пакрыцьцё даўгоў.

Судовыя выканаўцы будуць арыштоўваць у даўжнікоў пасылкі з-за мяжы

Як быць з тымі, хто ня плаціць даўгі не наўмысна, а таму, што ня ведае пра іх?

Паводле чыноўнікаў Мін’юсту, такіх досыць шмат, бо паведамленьні, прыкладам, пра дарожны штраф ці падобнае не заўсёды даходзяць да людзей. Сёлета, як абяцае намесьнік міністра юстыцыі, пачне «абкатку», а ў наступным годзе запрацуе адмысловы партал, на якім любы грамадзянін зможа спраўдзіць, ці ня мае ён якой завінавачанасьці. «Гэта асабліва важна для тых, хто сабраўся зьезьдзіць у іншую краіну, каб ня ўзьнікла праблемаў на мяжы», — патлумачыў Валер Кулакоўскі.

«Судовы выканаўца — не паштальён, які прыносіць пэнсію і яму ўсе рады ды гатовы напаіць чаем».

Аказваецца, абвастрылася праблема бясьпекі судовых выканаўцаў. Зусім сьвежы прыклад — 10 ліпеня ў Гародні на жанчыну — судовага выканаўцу пры выкананьні ёю службовых абавязкаў напаў з нажом даўжнік і нанёс ёй цялеснае пашкоджаньне. Каб затрымаць нападніка, яго давялося параніць у руку. Паводле Валера Кулакоўскага, інцыдэнты здараюцца рэгулярна і судовыя выканаўцы ўсё часьцей карыстаюцца паслугамі прафэсійных ахоўнікаў.

У беларусаў адмысловы мэнталітэт — не плаціць па даўгах?

Паводле Андрэя Аўдзеева, начальніка галоўнай управы прымусовага выкананьня Мін’юсту, «мэнталітэт некаторых беларусаў сапраўды такі, што плаціць па даўгах яны ня хочуць». Але ня толькі гэта — прычына нясплаты даўгоў. Да 40% своечасова не праінфармаваныя пра свае даўгі. Яшчэ 10–15% даўжнікоў — гэта асацыяльныя асобы, зь якіх «грошы спагнаць — вялікая праблема, бо іх проста няма», — падзяліўся аналізам сытуацыі Андрэй Аўдзееў. 11% спраў аб спагнаньні даўгоў вяртаюцца ў адпаведнасьці з актамі аб немагчымасьці спагнаньня. «Цяпер такі акт складаецца з абавязковай фота- і відэафіксацыяй маёмасьці даўжніка. Гэта выключае карупцыю сярод судовых выканаўцаў», — мяркуе Валер Кулакоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG