Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму на тле крызісу расьце рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі?


Паводле дасьледаваньняў НІСЭПД, электаральны рэйтынг кіраўніка Беларусі вырас з сакавіка на 4%. Чым гэта можна патлумачыць? Чаму ў Беларусі такая высокая падтрымка ідэі «рускага сьвету»?

Удзельнікі: палітоляг Сяргей Нікалюк і навуковы супрацоўнік інстытуту «Палітычная сфэра» Аляксей Ластоўскі.

Чым можна патлумачыць рост рэйтынгу Лукашэнкі?

Валер Карбалевіч: «Доўгі час у беларускім грамадзтве існавала заканамернасьць: давер да ўлады моцна залежаў ад сацыяльна-эканамічнага стану ў краіне. Чым лепшая была сытуацыя ў эканоміцы, тым большы рэйтынг Лукашэнкі.

Цяпер гэты трэнд паламаўся, зьмяніўся на процілеглы. Ва ўмовах ня проста эканамічнага крызісу, а крызісу самой беларускай мадэлі раптам давер да архітэктара гэтай мадэлі расьце. Чым можна патлумачыць такі фэномэн?»

Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк

Сяргей Нікалюк: «Выключэньне з гэтага правіла было ў нас у 2009 годзе, падчас усясьветнага фінансавага крызісу. Тады дабрабыт упаў, але рэйтынг Лукашэнкі ня зьменшыўся, бо ўлады ўпэўнілі народ, што яны не вінаватыя ў крызісе.

Цяперашняя анамалія выкліканая ўкраінскімі падзеямі, анэксіяй Крыму Расеяй. Большасьць беларусаў успрынялі гэта як гістарычную справядлівасьць. Прадстаўнік беларускай большасьці — гэта чалавек савецкі. Ён лёгка ўспрыняў расейскую прапаганду. На гэтым тле паляпшаецца ўспрыняцьце ўласнага жыцьця і ўлады».

Аляксей Ластоўскі
Аляксей Ластоўскі

Ластоўскі: «Акрамя ўкраінскага фактару, тут уплывае яшчэ адзін. Прымат матэрыяльнага бывае ва ўмовах стабільнасьці і адчуваньня бясьпекі. А цяпер, пад уплывам украінскіх падзеяў, буфэр бясьпекі імкліва разбураецца. І Лукашэнка ўспрымаецца як гарант бясьпекі, які імкнецца захаваць нэўтралітэт Беларусі, не дазваляе ўцягваць краіну ў вонкавы канфлікт».

Карбалевіч: «Але ж эканамічная сытуацыя пагаршаецца. Расьце беспрацоўе, пачалася барацьба з дармаедамі. А вайна ва Ўкраіне прыпынілася».

Нікалюк: «Рэйтынг даверу не зьмяніўся. А электаральны рэйтынг (гэта адказ на пытаньне, за каго вы будзеце галасаваць, калі выбары адбудуцца заўтра) вырас на 4%. Але гэты рэйтынг у мінулым квартале зьнізіўся. Таму мы можам, хутчэй, казаць пра стабільнасьць рэйтынгу. Станоўча на сацыяльнае самаадчуваньне людзей паўплываў стабільны абменны курс беларускага рубля».

Ластоўскі: «У патэрналісцкім грамадзтве спадзяваньне ва ўмовах крызісу людзі ўскладаюць на ўладу».

Чаму такая высокая падтрымка ў Беларусі ідэі «рускага сьвету»?

Карбалевіч: «Яшчэ адзін цікавы фэномэн. Ва ўмовах абвастрэньня канфрантацыі Расеі з Захадам расьце давер да ідэі „рускага сьвету“. Станоўчае стаўленьне да Пуціна — каля 60%, гэта значна больш, чым да Лукашэнкі. А прэзыдэнта Ўкраіны Парашэнку станоўча ацэньваюць толькі 10%. Калі афіцыйны Менск спрабуе неяк балянсаваць, захоўваць нэўтралітэт у гэтым канфлікце, то вялікая большасьць насельніцтва — за „рускі сьвет“. Чым гэта патлумачыць? І чым гэта пагражае Беларусі?»

Нікалюк: «60% падтрымкі Пуціна — гэта якраз памер той беларускай большасьці, гэта колькасьць катэгорыі „савецкага чалавека“. Гэтая колькасьць была прыкладна такая самая і 5, і 10 гадоў таму. У Расеі апошняе апытаньне Левада-цэнтру паказала, што там дзейнасьць Пуціна падтрымлівае 89%. Рэкорд. А пагроза Беларусі, хутчэй, паходзіць ад неэфэктыўнасьці беларускай сацыяльнай мадэлі, ад той самай „стабільнасьці“».

Падтрымка беларусамі «рускага сьвету» пасіўная

Ластоўскі: «Хачу ўдакладніць. Паводле НІСЭПД, ідэю „рускага сьвету“ падтрымлівае толькі 40%. Гэта ня большасьць. Але існуе пытаньне інфармацыйнай бясьпекі Беларусі, бо тут дамінуюць расейскія мэдыі. І гэта больш небясьпечна ва ўмовах крызісу. Думаю, беларускія ўлады гэта адчуваюць.

Постаць Пуціна, якая апошнім часам у вачах „рускага сьвету“ вырасла, адсунула фігуру Лукашэнкі. Але гэтая падтрымка беларусамі „рускага сьвету“ пасіўная».

Карбалевіч: «А калі расейскія мэдыі раптам абвесьцяць Лукашэнку здраднікам, які не падтрымаў канцэпцыю „рускага сьвету“, а спрабуе гуляць на супярэчнасьцях паміж Расеяй і Захадам, то тыя 60% падтрымкі РФ, Пуціна ня могуць адыграць вырашальную ролю?»

Нікалюк: «Трэба разумець, што насамрэч сабой уяўляюць сацыялягічныя апытаньні. Для беларуса Пуцін — гэта чалавек з тэлеэкрана, які мала ўплывае на ягонае непасрэднае жыцьцё. А вось Лукашэнка — іншая справа, ён аказвае ўплыў на жыцьцё беларусаў.

Але большасьць беларусаў — гэта фэномэн катэгорыі «савецкі чалавек». Ён чакае ад дзяржавы патэрналісцкай дапамогі. І хто гэтую дапамогу акажа, таго і падтрымаюць, там і радзіма. Трэба дакладна разумець, што чалавек савецкі — гэта не грамадзянін. Але цяпер і ў будучым Расея для Беларусі — гэта ня столькі крыніца дапамогі, колькі крыніца праблемаў, найперш эканамічных.

Шмат разоў НІСЭПД задавала пытаньне: што для вас важнейшае — эканамічны дабрабыт ці незалежнасьць? І заўсёды зь вялікай перавагай дамінавала опцыя «эканамічны дабрабыт».

Карбалевіч: «Бо людзі не адчувалі непасрэднай пагрозы незалежнасьці, а з эканамічным дабрабытам часта ёсьць праблемы. Таму і такія адказы. Людзі выбіраюць тое, што іх хвалюе».

Ластоўскі: «Таксама лічу, што калі б людзі адчулі пагрозу незалежнасьці, іхнія настроі зьмяніліся б. Хачу зьвярнуць увагу, што ў Беларусі шмат прыхільнікаў эўраінтэграцыі і эўрапейскіх каштоўнасьцяў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG