Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч: «Трэба спыняць прадпрыемствы, якія працуюць на склад»


Ці патрэбныя Беларусі новыя крэдыты, калі яны ідуць не на рэформы, а толькі на пагашэньне старых даўгоў?

Чаму Беларусь просіць новыя крэдыты ў Расеі і МВФ? Ці прыносяць карысьць эканоміцы новыя запазычваньні, якія ідуць толькі на пагашэньне старых даўгоў? Па якіх прычынах правалілася мадэрнізацыя дрэваапрацоўчай галіны, на якую пайшлі шматлікія валютныя крэдыты?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч і эканаміст Барыс Жаліба.

Наўпроставы лінк

Цыганкоў: Беларусь чарговы раз папрасіла крэдыт у Расеі, цяпер — 3 мільярды даляраў. І паводле першай рэакцыі расейскіх афіцыйных асобаў, выглядае, што гэтыя грошы будуць дадзеныя. Таксама афіцыйны Менск вядзе перамовы і з МВФ, спадзеючыся атрымаць грошы і там. Наколькі неабходна цяпер для Беларусі браць крэдыты? Няўжо іншага выйсьця для беларускай эканомікі няма?

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

Багданкевіч: Гэтыя крэдыты неабходныя, бо трэба пагашаць раней атрыманыя. Новыя пазыкі ня пойдуць на рэформы ў эканоміцы. Калі ж казаць глыбей, я мяркую, было б правільна, каб нашы кампаніі распрацавалі праграмы мадэрнізацыі сваіх вытворчасьцяў, і атрымлівалі рэсурсы напраўсткі праз выпуск сваіх акцыяў, адначасова з выхадам на новыя рынкі. А дзяржава атрымлівае новыя крэдыты, каб іх праесьці ці аддаць старыя даўгі.

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Жаліба: У нас такая эканамічная мадэль, якая ня ў стане існаваць без рэфінансаваньня. Калі мы ня возьмем новыя крэдыты, мы ня можам аддаць старыя. Ужо тры гады ў Беларусі пік выплатаў па замежных крэдытах — каля 4 мільярдаў даляраў штогод. Нічога не застаецца, як стаяць з працягнутай рукой, і на вышэйшым узроўні прасіць грошы ў Расеі. Гэта ненармальна. Эканамічная мадэль павінна быць самадастатковай. Калі браць валютныя крэдыты, то трэба іх браць на мадэрнізацыю, інвэстыцыі.

Цыганкоў: Папярэднія гады якраз і былі ў Беларусі гадамі мадэрнізацыі ў адной галіне — дрэваапрацоўцы. Але яна правалілася — і гэта ня толькі меркаваньне незалежных эканамістаў, а канстатацыя з боку беларускага кіраўніцтва. І гэта ставіць пытаньне — ці ёсьць увогуле пэрспэктыва ў мадэрнізацыі пры цяперашніх эканамічных парадках? Можа, і няма сэнсу яе праводзіць у такіх эканамічных умовах?

Багданкевіч: У незалежных эканамістаў існуе пэўнае аднадушша ў гэтых пытаньнях — пачынаць трэба са структурных рэформаў. Навошта атрымліваць новыя крэдыты, калі няма праграмы, на што іх траціць? На мой погляд, пачынаць рэформы трэба перш за ўсё з таго, што трэба спыняць прадпрыемствы, якія працуюць на склад. На МАЗе шматмесячны запас непрададзеных машын, а яны выпускаюць новыя, якія не знаходзяць збыту на рынках. Трэба спыніць такія вытворчасьці месяцаў на 6 і прымусіць віп-пэрсанал рыхтаваць праграмы перабудовы прадпрыемства. Трэба неадкладна павялічыць дапамогу па беспрацоўі хаця б да 200 даляраў.

Цыганкоў: Скарачэньні на прадпрыемствах ужо адбываюцца. Можа, гэта можна назваць пачаткам рэформаў?

Багданкевіч: Не. Гэта не рэформы. Для пачатку ўладам трэба прызнаць, што адміністратыўна-камандная мадэль прывяла да краху эканоміку Беларусі, накіраваць шмат каго ў адстаўку і пачынаць сапраўдныя рэформы рэальнага сэктару. Калісьці замежнікі гатовыя былі інвэставаць ці набываць нашы заводы, але Лукашэнка быў супраць.

Жаліба: Сам працэс валютных пазык, нават на патрэбныя мэты, у нас занадта цэнтралізаваны. Напрыклад, цэмэнтныя заводы пасьля мадэрнізацыі кітайскім абсталяваньнем застаюцца стратнымі, бо тэхналёгіі гэтыя не сучасныя. МВФ патрабуе прыватызацыі. У Беларусі фармальна тысячы адкрытых акцыянэрных таварыстваў. Але іхні дырэктар — не гаспадар, а наёмны мэнэджэр, і дае справаздачу прэзыдэнту, як ён выкарыстаў валютныя сродкі. Гэта ж ненармальна. Прадпрыемствы павінны быць цалкам самастойнымі, браць пазыкі праз прыватныя банкі, і самастойна адказваць за іх выкарыстаньне.

МВФ кажа — адсуньце дзяржаву ад эканомікі, надта моцны яе ўдзел у эканамічных справах. Трэба, каб былі роўныя ўмовы, справядлівая канкурэнцыя, а нашы прыватныя прадпрыемствы ўвесь час знаходзяцца пад палітычным кантролем улады. Гэта ўсё вынікі той аўтарытарнай эканамічнай мадэлі, якая не ўспрымае нават тэхнічны бок мадэрнізацыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG