Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфановіч: Перасьлед за заклікі да байкоту незаконны

абноўлена

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Грамадзкая кампанія назіраньня за выбарамі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» па выніках першага тыдня прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі адзначыла, што палажэньні Выбарчага кодэксу ў частцы забароны закліку да байкоту выбараў супярэчаць Канвэнцыі СНД «Аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабодаў».

Як піша на сайце Праваабарончага цэнтру «Вясна» юрыст Валянцін Стэфановіч, ідэя забараніць публічныя заклікі да байкоту выбараў і вывесьці іх па-за межы перадвыбарчай агітацыі зьявілася яшчэ падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у верасьні 2012 году.

«Менавіта тады ў якасьці своеасаблівага адказу на тактыку байкоту выбараў, якую праводзіў шэраг апазыцыйных партыяў, 29 жніўня 2012 году ЦВК выдала пастанову, згодна зь якой заклікі да байкоту выбараў выводзіліся за межы перадвыбарчай агітацыі. Вынікам адвольна ўведзенай практыкі сталіся шматлікія факты затрыманьняў і арыштаў грамадзянаў, якія публічна заклікалі выбарцаў байкатаваць выбары».

Праз год, 25 лістапада 2013 году, у Выбарчы кодэкс унесьлі зьмены, якія забаранілі публічныя заклікі да «зрыву, адмены ці пераносу выбараў». За такія заклікі ўвялі адміністрацыйную адказнасьць у выглядзе папярэджаньня альбо штрафу ў памеры да 15 базавых велічынь.

«Пікантнасьць сытуацыі заключаецца ў тым, што згодна з Канвэнцыяй краінаў-удзельніц СНД „Аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабодаў“ прадугледжана, што грамадзяне могуць свабодна ажыцьцяўляць свае выбарчыя правы і свабоды, у тым ліку ў форме байкоту ці заклікаў да байкоту выбараў, адмовы ад выкананьня выбарчых працэдураў ці выбарчых дзеяньняў, а асобы і органы, дзейнасьць якіх скіраваная на перашкоды свабоднаму ажыцьцяўленьню грамадзянінам ягоных выбарчых правоў і свабодаў, павінна перасьледавацца паводле закону», — сьцьвярджае Валянцін Стэфановіч.

Паводле юрыста, паколькі Беларусь добраахвотна ўзяла на сябе абавязаньні выконваць палажэньні Канвэнцыі, гэта патрабуе, каб улады краіны прывялі ў адпаведнасьць з Канвэнцыяй нормы нацыянальнага заканадаўства. Пра гэта гаворыцца ў Канстытуцыі Беларусі, згодна зь якой Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрынятых прынцыпаў міжнароднага права і забясьпечвае, каб заканадаўства ім адпавядала.

Канвэнцыя забараняе дзеяньні, скіраваныя на перанос, зрыў выбараў і выбарчых працэдураў і нічога ня кажа пра забарону заклікаў да добраахвотнай адмовы ад выбарчых працэдураў. Такім чынам, грамадзянін мае права рэалізоўваць свае выбарчыя правы як праз удзел у выбарах, так і шляхам адмовы ад удзелу ў іх, а таксама заклікаць да такіх дзеяньняў іншых. Такім чынам, Канвэнцыя прадугледжвае забарону дзеяньняў, якія ствараюць перашкоды ці змушаюць выбарцаў адмовіцца ад рэалізацыі сваіх выбарчых правоў. Такімі дзеяньнямі могуць быць блякада выбарчых участкаў, зьнішчэньне выбарчай дакумэнтацыі, стварэньне фізычных перашкодаў зьяўленьню выбарцаў на ўчасткі і г.д.

«Такім чынам, грамадзяне нашай краіны маюць поўнае права бесьперашкодна ажыцьцяўляць свае выбарчыя правы, у тым ліку ў форме байкоту выбараў і заклікаў да яго. Дзейнасьць асобаў і органаў, якія будуць чыніць перашкоды ў свабодным ажыцьцяўленьні такіх правоў, у тым ліку шляхам затрыманьняў, запалохваньняў, аказаньня іншых формаў ціску, будзе супярэчыць дзейнаму заканадаўству і павінна цягнуць за сабой устаноўленую законам адказнасьць», — падсумоўвае юрыст Стэфановіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG