Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мукачава альбо новыя прыгоды Робін Гуда


Значэньне канфлікту ў гэтым закарпацкім горадзе выходзіць далёка за лякальныя межы, насамрэч ён — пра лёс украінскай дзяржаўнасьці.

Безумоўна, для ўкраінцаў гэта свая краіна, ім відней, як вырашаць падобныя канфлікты, хто ў іх мае рацыю, а хто не. Тым ня менш, некаторыя ацэнкі, пераважна ў сэнсе міжнародных і гістарычных параўнаньняў, дазволена, напэўна, выказаць і замежніку.

Спрэчкі ў сувязі з інцыдэнтам пра тое, ці крышаваў былы рэгіянал Ланё кантрабанду цыгарэт праз Мукачава, а «Правы сэктар» змагаўся за справядлівасьць з карумпаванымі «мянтамі» — памагатымі кантрабандыста, ці то мела месца проста разборка прэтэндэнтаў на кантроль за кантрабандай, кепскі ці добры прэзыдэнт Парашэнка і наколькі ён здолеў перамагчы карупцыю — усё гэта надзвычай цікавыя дыскусіі, якім, аднак, на мой погляд, бракуе шырыні погляду.

У часы фэадальнай «квітнеючай складанасьці» прыкладна такая была хіба што ня ўся Эўропа: кароль быў адно першым сярод роўных, разьлічваць па вялікім рахунку мог толькі на ўласную дружыну, а кожны паважаючы сябе сэньёр меў ладную каманду байцоў і наводзіў іх мячамі парадак на падкантрольнай яму тэрыторыі па сваім разуменьні. Хто там быў карупцыянэрам, хто каго крышаваў — цяпер ужо не прыгадаеш.

Але прыгадаеш адзін з галоўных зьместаў высокага Сярэднявечча і Новага часу ў Эўропе — усталяваньне манаполіі дзяржавы на легітымны гвалт, усталяваньне сыстэмы, калі чалавек зь мячом (ну потым ужо і са стрэльбай) мог быць толькі службоўцам караля. Дасягалася гэта і сілай, і подкупам, часам спараджала грамадзянскія войны, часам занадта самастойных баронаў проста вешалі на брамах іх замкаў.

Але зь цягам часу прынцып усталяваўся цьвёрда і бясспрэчна: чалавек са зброяй — толькі і выключна слуга дзяржавы.

Антыфэадальныя рэвалюцыі толькі на першы погляд парушалі гэтае правіла: рэвалюцыянэры — зацятыя разбуральнікі дзяржавы — рабіліся такімі ж зацятымі, калі не яшчэ большымі, дзяржаўнікамі на другі дзень пасьля перамогі. І тапілі ў крыві ўзброеную грамадзкую самадзейнасьць так, як не маглі дазволіць сабе іх каранаваныя папярэднікі. Замацоўваючы прынцып: зброя можа быць у руках толькі службоўца дзяржавы. Кепскай ці добрай, манархіі ці рэспублікі — няважна. Але толькі дзяржавы.

Эўрапейская грамадзянская супольнасьць канчаецца перад курком стрэльбы. На ім, зь ім — ужо не грамадзянская супольнасьць, а мяцеж.

Эўрапейская грамадзянская супольнасьць канчаецца перад курком стрэльбы

Паколькі любая норма — гэта могілкі спробаў яе зьмяніць ці разбурыць, то і ў ХХ стагодзьдзі такіх спробаў хапала. Дэ Голь граміў мяцеж генэралаў у Альжыры, гішпанскі кароль Карлас сваім аўтарытэтам прымусіў капітуляваць путчыстаў, у Літве ўжо ў 90-я гады хуценька зьліквідавалі спробу непадпарадкаваньня злучэньня па ахове краю. Пры гэтым ізноў жа варта паўтарыць — па сутнасьці ня мела значэньня, наколькі абгрунтаваным было незадавальненьне людзей са зброяй у руках, хто там чаго скраў, хто што «крышаваў», і наагул наколькі дасканалыя людзі, якія кіруюць адпаведнай краінай.

Вяртаючыся пасьля гэтага гістарычнага экскурсу ў сучасную Ўкраіну, варта сказаць, што яе кіраўнікі, зразумела, людзі грэшныя, але ў дадзенай сытуацыі робяць тое самае, што ў свой час рабілі такія розныя кіраўнікі, як, скажам, Людовік XI, Дантон, Ленін і кароль Карлас. І, дарэчы, што рабіў бы лідэр «Правага сэктару» Дзьмітры Яраш, калі б фартуна ўсьміхнулася яму і на вяршыні ўлады апынуўся ён.

Тое, што значную частку ўкраінскіх войскаў, якія вядуць баі з сэпаратыстамі, складаюць партызанскія, міліцыйныя добраахвотніцкія батальёны — гэта бяда Ўкраіны і сур’ёзная пагроза яе дзяржаўнасьці. Пры ўсёй мужнасьці і самаахвярнасьці людзей, якія служаць у гэтых злучэньнях, структурна, з пункту гледжаньня прынцыпаў пабудовы эўрапейскай дзяржавы — так, яны пагроза дзяржаўнасьці Ўкраіны нават насуперак іх жаданьню.

Многія нават спрабуюць абгрунтоўваць наяўнасьць тых самых добраахвотніцкіх батальёнаў слаўнымі традыцыямі вольналюбівага казацтва

Ну а калі яшчэ і не насуперак... Калі кіраўнік прыватнай арміі «Правага сэктару» Яраш публічна ставіць ультыматумы найвышэйшаму палітычнаму кіраўніцтву краіны, разважае і нават патрабуе, з кім і як весьці вайну, хто і як павінен кіраваць дзяржавай, а ў Мукачаве яшчэ і спрабуе дамагчыся выкананьня сваіх патрабаваньняў узброенай рукой — гэта што заўгодна, толькі не сучасная Эўропа. Эўропа часоў вайны Чырвонай і Белай ружаў у Англіі, часоў войнаў сярэднявечных кандацьераў у Італіі, часоў 30-гадовай вайны ў Нямеччыне — ну так, падобна.

Але варта адзначыць, што гэты правал у Сярэднявечча грунтуецца ня толькі на аб’ектыўнай слабасьці сучаснай украінскай дзяржавы, але і на пэўных грамадзкіх настроях. Многія нават спрабуюць абгрунтоўваць наяўнасьць тых жа добраахвотніцкіх батальёнаў слаўнымі традыцыямі вольналюбівага казацтва, спадчынай Махна, спасылацца на прыклады Швэйцарыі і ЗША зь іх канцэпцыяй узброенага народу. Вось і цяпер некаторыя дэпутаты Вярхоўнай Рады, зусім не чальцы «Правага сэктару», публічна разважаюць, ці мелі рацыю ў сваіх патрабаваньнях байцы гэтай арганізацыі, якія ў Мукачаве абстрэльвалі міліцыю з гранатамётаў. А чаму не? У Парашэнкі свая дружына, у Яраша — свая. Як казалі ў Сярэднявеччы, васал майго васала — ня мой васал. У кожнага свая рацыя, і наагул улада аказалася кепскай ,і варта яе яшчэ раз памяняць.

Яраш нават зьнешне больш змахвае на адважнага Робін Гуда, а Парашэнка — на шэрыфа Нотынгемскага. Робін Гуд жа ж прыгажэйшы. Ён жа ж за справядлівасьць.

Гэта не Швэйцарыя і не ЗША, шаноўнае спадарства. Гэта Самалі. Або сучасная Лібія зь яе вайной усіх супраць усіх і распадам краіны на тэрыторыі панаваньня бандаў.

Яраш нават зьнешне больш змахвае на адважнага Робін Гуда, а Парашэнка — на шэрыфа Нотынгемскага

Дык гэта ўсё Пуцін — часам можна пачуць. Што Пуцін? Што Яраш — гэта марыянэтка Пуціна, ну тэарэтычна можна дапусьціць, хаця і сумнеўна. Але вось гэтыя «робінгудаўскія» настроі, гэтае замілаваньне людзьмі са зброяй, якія вельмі ўмоўна падпарадкоўваюцца палітычнай уладзе, гэтыя вольныя размовы пра «трэці Майдан» у краіне, якая страціла ладны кавалак тэрыторыі і балянсуе на мяжы дэфолту — гэта таксама Пуцін?

Пуцін сапраўды кепскі, але ён эксплюатуе тое, што можна эксплюатаваць, і паразытуе на тым, на чым можна паразытаваць.

Цудоўны Робін Гуд стаў героем ангельскага народнага эпасу, але ангельскую дзяржаву стварылі ўсё ж маласымпатычныя шэрыфы нотынгемскія.

Яшчэ раз паўтаруся — не набіваюся ў настаўнікі, украінцы лепш ведаюць, ім вырашаць, нарэшце на іх скуры адаб’ецца іх выбар. Але паколькі людзі не чужыя, то ўсё ж не хацелася б, каб іх краіна ператварылася ў суцэльны Шэрвудзкі лес — царства легендарнага высакароднага бандыта Робіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG