На 18-тысячны гарадок кітайцаў цэлая тысяча —па сутнасьці, кожны васямнаццаты жыхар. Розны мэнталітэт, розная культура, розная мова — як ужываюцца беларусы з кітайцамі?
Кітайцаў у Добрушы сустракаеш даволі часта, калі не сказаць на кожным кроку. Працуюць яны на будаўніцтве пазьменна, а вольны час бавяць у горадзе — заходзяць у крамы, бары, на рынак, шпацыруюць па вуліцах, купаюцца ў Іпуці. Мясцовыя жыхары нічога кепскага пра будаўнікоў з Паднябеснай ня згадваюць, хіба толькі некаторыя дробязі.
Дабрушанін Аляксандар: «Нейкія зь іх „накушаліся“ піва і пераблыталі на пляжы жаночую разьдзявалку. А так, шчыра кажучы, нечага незвычайнага не прыпомню. Я нават жыву там, дзе яны працуюць — на „Вуцятніку“, раён такі ў Добрушы, — ніколі яны праблем не стваралі. У мяне чацьвёра дзяўчатак маладых, дык праблем ці нейкіх складанасьцяў не было. Асабіста я з такім не сутыкаўся».
Суразмоўніка часам раздражняе толькі сытуацыя ў іх невялікай краме, калі туды заходзіць ватага кітайцаў:
«Калі яны стануць натоўпам, то не падысьці, каб булку хлеба купіць. Яны бяруць усяго памногу, мяшкамі поліэтыленавымі — пераважна наша піва й чарніла. Натоўп іх стане, і каб за булку хлеба расплаціцца, да касы не падысьці».
Маладая жыхарка райцэнтру, якая назвалася Хрысьцінай, у сваю чаргу апавядае — пад сьмех свайго беларускага спадарожніка Кастуся:
«Глядзець на дзяўчат — глядзяць. Усё-ткі мужчыны, ім жа таксама цяжка — хочацца камунікаваць. Глядзець — глядзяць, але не чапляюцца. Прынамсі, пры мне нічога такога не было. Нічым яны не перашкаджаюць. Ходзяць сабе, жывуць, як і мы».
Хрысьця кажа, што некаторыя кітайцы камунікуюць з дабрушанкамі празь перакладнікі ў мабільных тэлефонах і нават ужо заводзяць сем’і:
«Ёсьць людзі, які камунікуюць і нават сем’і заводзяць. Цяпер існуе шмат перакладнікаў у тэлефоне — вось і знаходзяць спосаб камунікававаньня. Наш ЗАГС, па-мойму, расьпісаў дзьве пары. Гэта дакладна».
На такую рэмарку сваёй спадарожніцы Кастусь рэагуе досыць весела: «Гадкоў так праз два-тры дакладна будзе Добруш кітайскі». (Сьмяецца).
Аднак у раённым ЗАГСе інфармацыю пра рэгістрацыю беларуска-кітайскіх шлюбаў не пацьвярджваюць:
«Магчыма, яны зарэгістраваліся ў нейкім іншым месцы. У нас яшчэ ніхто не рэгістраваў. Але ж яны могуць зарэгістраваць шлюб у любой іншай кропцы Беларусі. У Добрускім ЗАГСе — не рэгістравалі».
Адзін з добрускіх хлапцоў усё ж выказвае незадавальненьне паводзінамі некаторых кітайцаў:
«Іх жа вельмі шмат, і яны былі заўважаны ў тым, што чапляюцца да нашых дзяўчат — фатаграфуюць тое, што ня варта. Каля крамы мая знаёмая была, дык яны пачалі яе „месца сядзячае“ фатаграфаваць — нахабна».
Дужы, з характарам хлапчына кажа, што нейкіх сутычак з кітайцамі ў горадзе з-за іх паводзінаў не было, але й нахабнічаць ня варта:
«Пакуль што сутычак як быццам не было. Але ж гэта пакуль... Яны ж такія людзі, нахабнічаць ня варта».
Нейкіх іншых прэтэнзіяў да кітайскіх будаўнікоў мінакі не выказваюць. Характэрныя, бадай, тут словы карэннага дабрушаніна, які назваўся Віктарам Рыгоравічам:
«Каб каго пакрыўдзілі, я такога ня чуў. Яны сваёй кампаніяй ходзяць, глядзяць, купляюць».
Суразмоўнік нават падзяляе бунт кітайскіх будаўнікоў, калі тыя 2 ліпеня выправіліся пратэстным маршам з Добрушу ў Гомель, каб патрабаваць выплаты заробку:
«Яны, канечне, законна сваё патрабавалі. Аддалі ім заробак — і яны зноў паводзяць сябе спакойна. Яны й калі бяз грошай былі, то нейкай шкоды ці разбою не ўчынялі. Яны малайцы! Сабраліся — і „на вобласьць“. Вобласьць таксама на іх увагу павінна зьвяртаць, каб плацілі людзям за іх працу — за тое, што яны зрабілі. Забілі адзін цьвік, значыць, за адзін цьвік. Забілі дзесяць — за дзесяць. Я так разумею».
Добрускі комплекс па вырабе мелаванага і звычайнага трохслойнага кардону кітайская карпарацыя Xuan Yuan Industrial Development Co павінна здаць «пад ключ» у 2016 годзе. Магутнасьць яго — 200 тысяч тон кардону ў год. Будаўніцтва вядзецца на крэдыт Дзяржаўнага банку разьвіцьця Кітаю. Будаўнікі з Паднябеснай патрапілі ў топ-навіны 2 ліпеня, калі пешым маршам выправіліся з Добрушу ў Гомель. Наважваліся нават дайсьці да Менску, каб сустрэцца з амбасадарам Кітаю ў Беларусі Цуй Цімінам. Дыпляматы і прадстаўнікі будаўнічай карпарацыі самі прыехалі ў Гомель, каб улагодзіць канфлікт і вярнуць будаўнікоў у Добруш.
Пасьля маршу ў Добруш прыяжджалі старшыня канцэрну «Белпаперапрам» Юрый Назараў і намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Мікалай Снапкоў. Было заяўлена, што з будаўнікамі разьлічыліся поўнасьцю. Аднак 50 кітайцаў, не задаволеных умовамі працы ў Добрушы, ад’ехалі на радзіму.
Цяпер у Беларусі, па зьвестках Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі, знаходзіцца звыш 4,2 тысяч кітайцаў. Выдадзеныя таксама дазволы на ўезд у Беларусь яшчэ для 6663 кітайскіх рабочых, якія будуць занятыя на будаўніцтве індустрыйнага парку «Вялікі камень» пад Менскам.