Ад касьцёла сьвятых Сымона і Алены ў Менску 1 ліпеня выправілася роварная пілігрымка ў Будслаў. Трыццаць раварыстаў накіраваліся да Нацыянальнага санктуарыя ў вёску Будслаў, дзе 3 і 4 ліпеня адбудзецца штогадовая ўрачыстасьць, прысьвечаная абразу Маці Божай. Пілігрымку на колах узначаліў мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.
«Роварная пілігрымка мае свой вельмі вялікі духоўны сэнс, над якім мы, можа, не заўсёды засяроджваемся. Усім вядома, што, каб ровар знаходзіўся ў вэртыкальным становішчы, ён павінен ехаць, інакш ён будзе падаць. Ровар прызначаны для таго, каб ехаць, а не ляжаць на зямлі або быць абапертым аб сьцяну. Таксама і чалавек прызначаны для жыцьця ў стане Божага дзіцяці, гэта азначае не для таго, каб ляжаць у грахоўным балоце, а каб займаць адпаведную яму, як Божаму стварэнню, пазыцыю, якая выражаецца ў яго адносінах да Бога і таму павінна мець вэртыкальнае вымярэньне. А для гэтага чалавек павінен ісьці, што азначае жыць паводле Божага закону», — патлумачыў Мітрапаліт.
Як адзначыў герарх перад пачаткам шляху, сёлета ў Будслаў упершыню выправіцца роварная пілігрымка зь дзецьмі. Яна распачнецца 3 ліпеня і таксама рушыць у шлях ад Чырвонага касьцёла. У гэты ж дзень на ўрачыстасьць накіруюцца аўтобусныя пілігрымкі.
Акрамя таго, напярэдадні, 30 чэрвеня, з гэтага ж касьцёла вырушыла так званая «пакутная пілігрымка». Яе ўдзельнікі, а гэта каля трыццаці чалавек, пройдуць 124 кілямэтры шляху, спажываючы толькі хлеб і ваду. Сёлета «пакутная пілігрымка» адправілася да Нацыянальнага санктуарыя дзясяты раз. 29 чэрвеня, таксама ў Будслаў ад Менскага катэдральнага касьцёла на Будслаўскія ўрачыстасьці рушылі 250 чалавек.
Гэтымі днямі да абраза Маці Божай Будслаўскай, які ў каталіцкім касьцёле лічыцца цудадзейным, вернікі сьцякаюцца зь дзесяткаў гарадоў Беларусі. На галоўную ўрачыстасьць традыцыйна зьбіраецца каля 40 тысяч чалавек зь Беларусі і замежжа.
Самае папулярнае
1