Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​Сьвята ў часе чумы. Чым дапаможа расейцам Год літаратуры?


Уладзімір Пуцін на Маскоўскім кніжным фэстывалі
Уладзімір Пуцін на Маскоўскім кніжным фэстывалі

Ва ўмовах міжнародных санкцыяў і эканамічнага крызысу Расея сёлета сьвяткуе Год літаратуры — мерапрыемства паклікана зьяднаць нацыю, прадэманстраваць яе веліч.

Летась у чэрвені Ўладзімір Пуцін «у мэтах прыцягненьня ўвагі грамадзтва да літаратуры і чытаньня» падпісаў указ № 426 «Аб правядзеньні ў Расейскай Фэдэрацыі Году літаратуры». (Гэта цягне на параною, але Расея нібыта выкарыстоўвае Беларусь як палігон для адпрацоўкі розных заканадаўчых ініцыятываў і практыкаў.) Прэзыдэнт запатрабаваў — урад выканаў: у кастрычніку 2014 году быў арганізаваны спэцкамітэт па сьвяткаваньні сёлета Году кнігі і распрацаваны плян мерапрыемства.

Расея — шчодрая душа, і таму праграма правядзеньня Году літаратуры надзвычай багатая, разнастайная: плян уключае 135 пунктаў.

У гэтым пляне шмат цікавага з гледзішча найнавейшай гісторыі, прыкладам, пад п. 11 пазначана правядзеньне «22-й Міжнароднай канфэрэнцыі „Крым-2015. Бібліятэкі і інфармацыйныя рэсурсы ў сучасным сьвеце навукі, культуры, адукацыі і бізнэсу“». Некаторыя фармулёўкі таго або іншага мерапрыемства наагул могуць выклікаць усьмешку: «Нарада маладых пісьменьнікаў Паўночнага Каўказу» (п. 26), літаратурны цягнік-экспрэс «Расея вачыма пісьменьнікаў і паэтаў» (п. 39) ці «Ўсерасейскія спаборніцтвы школьных каманд „Літаратурнае мнагаборства“» (п. 118).

Дарэчы, рэспубліканскі плян мерапрыемстваў па правядзеньні ў 2012 годзе Году кнігі, ухвалены Саветам Міністраў Беларусі (пастанова ад 27.01.2012 № 91), таксама ашаламляў сваім размахам, але многае дасюль засталося на паперы — гэта звычайная справа, калі рушыць культуру наперад бяруцца чыноўнікі, якія да таго ж гідзяцца айчыннай культуры. Прыкладам, заснаваньне ў Беларусі Дня дарэньня кнігі (п. 5), правядзеньне агульнанацыянальных сацыялягічных апытаньняў і дасьледаваньняў сярод чытачоў кніг (п. 9), арганізацыя рэспубліканскай акцыі «Чытаем Янку Купалу i Якуба Коласа разам» (п. 24), прысваеньне прозьвішчаў вядомых беларускіх пісьменьнікаў бібліятэкам, школам, вуліцам (п. 28) і многае іншае.

Зразумела, Расея сьпешна спрабуе вярнуць сабе былую веліч як звышдзяржава: палітычную, эканамічную, вайсковую, спартыўную. У 2015 годзе надышла чарга абвясьціць сябе «нацыяй, якая больш за ўсіх у сьвеце чытае» — усё на тых самых правах спадкаемцы СССР. Намаляваць прыгожы лёзунг можна досыць хутка, але рэальныя справы ў Расеі не пасьпяваюць за гучнымі словамі і заклікамі.

Вось некалькі фактаў:

— у 2014 годзе не чыталі кнігі наагул альбо чыталі менш чым адзін раз у месяц 36% расейцаў (у 1996-м — 20%);

— калі ў 2008 годзе грамадзяне краіны ў сярэднім прысьвячалі чытаньню 60 хвілін за дзень, то ў 2013-м — толькі 9 хвілін;

— 45% расейцаў, якія шчэ чытаюць кнігі, выкідваюць іх пасьля прачытаньня — гэты факт сьведчыць ня толькі пра новыя, спажывецкія, адносіны ў Расеі да кніг, але і пра якасьць апошніх;

— колькасьць бібліятэк у 146-мільённай краіне — крыху болей за 5 тыс., хоць па нарматывах іх мусіць быць звыш 28 тыс., разам з тым колькасьць гэтых аб’ектаў незваротна зьмяншаецца: так, у 2014 годзе ўлады, праводзячы «аптымізацыю», зачынілі 342 бібліятэкі;

— расейскія пісьменьнікі ўжо 27 гадоў не атрымліваюць Нобэлеўскую прэмію па літаратуры.

Цікава, што ў расейскай праграме па правядзеньні Году літаратуры ёсьць шэраг мерапрыемстваў, зьвязаных з літаратурамі «малых народов». Прыкладам, «Кангрэс перакладчыкаў з моваў народаў Расейскай Фэдэрацыі на расейскую мову» (п. 15). Між іншым згодна з дадзенымі Расейскай кніжнай палаты ў 2014 годзе ў краіне было выдадзена ўсяго толькі 8 кніг і брашур на беларускай мове (агульны наклад — 3,4 тыс. асобнікаў), 1 — на грузінскай (наклад — 0,4 тыс.), 50 — казахскай (наклад — 85,6 тыс.), 1 — кіргіскай (наклад — 1,0 тыс.), 20 — удмурцкай (наклад — 25,7 тыс.), 29 — на ўкраінскай мове (наклад — 67,4 тыс.) і інш. Гэта «сьлёзы Тубі», а не паўнавартаснае забесьпячэньне народаў краіны кнігамі на роднай мове, і лічбы з кожным годам толькі памяншаюцца. Агульны наклад кніг і брашур, выдадзеных у Расеі ў 2014 годзе, таксама скараціўся ў параўнаньні зь мінулым годам — на 10,6% (агульная колькасьць — 485 499 тыс. асобнікаў). Адступленьне ідзе па ўсіх франтах: так, у 2014-м пабачыла сьвет 96 027 новых выданьняў (у 2013 годзе — 101 981), а плянку 100-тысячнага накладу ў тым годзе ў Расеі пераадолелі толькі 340 выданьняў (на 104 менш, чым у 2013-м).

Шматгадовыя сыстэмныя пралікі і памылкі ў культурнай сфэры, кнігавыдавецкай справе расейская дзяржава спрабуе прыхарашыць буйным сьвятам, чарговай «пацёмкінскай вёскай». Але як паказвае беларускі досьвед, тое як мёртваму прыпаркі — колькі Нацыянальных бібліятэк ні пабудуй, колькі Дзён беларускага пісьменства ні правядзі. Да таго ж у Расеі востры эканамічны крызыс, і звыш 51% жыхароў краіны цяпер эканомяць на прадуктах харчаваньня (зьвесткі фонду «Грамадзянскае меркаваньне» па стане на 08.02.2015) — у такіх умовах жыцьця людзям не да чытаньня, выдаткоўваньня грошай на літаратурна-мастацкія і дакумэнтальныя выданьні.

Відавочна, Год літаратуры шырока адзначаць толькі гандляры кнігамі дый маркетолягі розных гатункаў. І расейскае чынавенства, зразумела: грошы зь бюджэту будуць «засвоены» імі на 150%. Ну а цалкам задаволеныя сваёй краінай грамадзяне шумна парадуюцца наяўнасьці ў іх Аляксандра Пушкіна, як да гэтага яны цешыліся зь першага месца ў мэдальным заліку на Алімпіядзе ў Сочы ці з танка Т-14 «Армата».

Некаторыя расейскія экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што падзеньне накладаў кніг, колькасьці бібліятэк і чытачоў — шчэ паўбяды. Галоўнае, расейцы катастрафічна страчваюць навыкі чытаньня. Чытачы цяпер сьлізгаюць па сюжэце, як па лёдзе, прыкладаюць да усіх без разбору кніг толькі адзін крытэр: «Ці будзе цікава?», у той час як сапраўдныя кнігі (іх яшчэ хапае ў нашым сьвеце) запрашаюць да роздуму, суперажываньня, сутворчасьці. «Запаволенае, разумнае чытаньне сыходзіць з нашага жыцьця, — з сумам кажа экс-намесьнік дырэктара Маскоўскага гарадзкога бібліятэчнага цэнтру Барыс Купрыянаў.

Ёсьць за што непакоіцца, калі ты ўсё жыцьцё працуеш у сфэры культуры і твае суайчыньнікі чытаюць толькі 9 хвілін у дзень, дый яшчэ сьпехам. Але гэта, так бы мовіць, позірк зблізку, знутры краіны. Калі ж глядзець на сьвята «Год літаратуры», якое ўжо адзначаецца ў Расеі, здалёк, з-за мяжы, то добра бачны іншы знак бяды, магчыма, самы пагрозьлівы: ці не ўпершыню вялікае літаратурнае сьвята краіна ладзіць практычна ў ізаляцыі. Так, Расея, высунуўшы наперад танкі, амаль цалкам абарвала культурныя сувязі з Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй, Эстоніяй, Малдовай і некаторымі іншымі краінамі так званага блізкага замежжа. Літаратурны цягнік-экспрэс з Масквы цяпер можа выправіцца хіба што ў Менск ці ў сталіцу якой-небудзь усходняй краіны, Казахстану ці Азербайджану. Да таго ж колькасьць чытачоў расейскай літаратуры ў замежных краінах зьніжаецца — працэс гэты, відаць, незваротны і адбываецца па розных прычынах. У тым ліку з-за пераацэнкі клясыкаў

расейскай літаратуры сучасным чытачом. Сапраўды, на творчасьць таго самага Аляксандра Пушкіна пачынаеш глядзець па-іншаму, калі даведаесься пра канфлікт вакол шыльды з радкамі ягонага верша «Клеветникам России» ў Магілёве ці прачытаеш яго прыватны ліст да Пятра Вяземскага, датаваны 1 чэрвеня 1831 году: «Но все-таки их [палякаў. — Заўв. аўт.] надобно задушить, и наша медленность мучительна. Для нас мятеж Польши есть дело семейственное, старинная, наследственная распря; мы не можем судить ее по впечатлениям европейским...» альбо 3 жніўня 1831 году: «А если мы и осадим Варшаву (что требует большого числа войск), то Европа будет иметь время вмешаться не в ее дело».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG