Судзьдзя Вольга Паплаўская прызнала Аляксея Камка вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і распаўсюдзе парнаграфіі ды пакарала яго 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Апрача таго падсудны мае сплаціць дзяржаве 12 мільярдаў рублёў і яму будзе забаронена цягам 5 гадоў пасьля вызваленьня займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю.
Аляксей Камок адразу пасьля абвяшчэньня прысуду адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды:
«Канечне, буду абскарджваць гэты вырак, бо не прызнаю сябе вінаватым. Журналісты прысутнічалі на працэсе і маглі пераканацца, што доказаў маёй віны няма, што справа была сфальшаваная. Лічу, гэта вельмі дрэнны прыклад для ўсёй краіны».
Карэспандэнт: «Гэта таму, што вы адмовіліся даваць паказаньні на Віктара Пракапеню?»
«Менавіта так. За тое, што я не паклёпнічаў на Віктара Пракапеню, мне і далі такі тэрмін».
На абвяшчэньні прысуду была жонка асуджанага Ганна Камок, якая стала жыве ў Санкт-Пецярбургу. Маладая жанчына ў сьлязах пакінула судовую залю і адмовілася камэнтаваць вырак мужу.
Адзін з сябраў Аляксея Камка на ўмовах ананімнасьці сказаў пра яго справу:
«Гэта справа на 100% зьвязаная са справай Віктара Пракапені. Пракурор прасіў 7 гадоў, дык далі 6 — чалавеку, якога раней ніколі не судзілі, які пакрыў страты і часткова прызнаў віну. Замест таго каб прыцягнуць да адказнасьці тых, хто падчас сьледзтва парушаў закон, ім, відаць, дадуць чарговыя мэдалі. Пра гэта якраз Аляксей вельмі падрабязна казаў у сваім апошнім слове».
Карэспандэнт: «Як вы мяркуеце, чым тлумачыцца зьяўленьне ў справе эпізоду пра распаўсюд парнаграфіі, чаго Аляксей Камок так і не прызнаў?»
«Мяркую, у сьледчых не было магчымасьці па законе трымаць яго далей пад вартай, і таму прыдумалі яшчэ адзін артыкул, на які нават спасылкі не змаглі знайсьці».
Карэспандэнт: «Тут ёсьць сувязь з тым, што ён адмовіўся даваць паказаньні на Віктара Пракапеню?»
«Толькі з-за гэтага. Рэальна падстаў для яго перасьледу па гэтым артыкуле няма».
У канцы 2000-х гадоў Аляксей Камок, як сьцьвярджае сьледзтва, разам з кампаньёнамі зарабіў 650 тысяч даляраў, займаючыся рэклямай у інтэрнэце, але не сплаціў падаткаў. Айцішніка арыштавалі на самым пачатку 2014 году, і нават калі жонка перадала сьледчым суму нясплачаных падаткаў, ня вызвалілі да суду, як абяцалі, а дадалі абвінавачаньне ў распаўсюдзе праз інтэрнэт парнаграфіі ды пратрымалі ў ізалятары яшчэ паўгода.
Аляксей Камок сядзіць у менскім сьледчым ізалятары са студзеня 2014 году.