Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвесьцяць прысуд айцішніку, які зарабляў за межамі Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

29 чэрвеня ў судзе Партызанскага раёну Менску будзе абвешчаны прысуд інтэрнэт-маркетолягу Аляксею Камку, якога падазраюць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці ды іншых злачынствах.

У канцы 2000-х гадоў Аляксей Камок, як сьцьвярджае сьледзтва, разам з кампаньёнамі зарабіў 650 тысяч даляраў, займаючыся рэклямай у інтэрнэце, але не сплаціў падаткаў. Айцішніка арыштавалі на самым пачатку 2014 году, і нават калі жонка перадала сьледчым суму нясплачаных падаткаў, ня вызвалілі да суду, як абяцалі, а дадалі абвінавачаньне ў распаўсюдзе праз інтэрнэт парнаграфіі ды пратрымалі ў ізалятары яшчэ паўгода.

У судзе Аляксей Камок казаў, што яму прапаноўвалі ўзьвесьці паклёп на вядомага ІТ-бізнэсоўцу Віктара Пракапеню і пагражалі, калі адмовіцца:

«Мне сьледчы казаў: ты страты пакрыў, атрымаеш умоўны тэрмін, а інакш будзеш сядзець доўга».

Аляксей Камок адмовіўся. Цяпер яму пагражае 7 гадоў — такі тэрмін запатрабаваў пракурор пасьля судовага сьледзтва. Таксама пракурор просіць спагнаць з падсуднага 12 мільярдаў рублёў нясплачаных падаткаў.

Аляксей Камок прызнае, што не сплаціў падатак з сумы ў 131 тысячу даляраў, пра якую кажа сьледзтва. Паводле айцішніка, зарабіўшы праз інтэрнэт першыя 700 даляраў, ён зьвярнуўся ў падатковую, каб заплаціць дзяржаве падаткі, але працэдура, якую яму прапанавалі, зацягнулася б на паўгода. Падсудны папрасіў суд улічыць, што калі ён ужо быў пад арыштам, жонка сплаціла суму нявыплачаных падаткаў. Што да абвінавачаньняў у распаўсюдзе праз інтэрнэт парнаграфіі, Аляксей Камок іх цалкам не прызнае.

Аляксей Камок паведаміў у судзе, што быў знаёмы зь Віктарам Пракапенем з 2006 году і яны «разам працавалі ў кампаніі Viaden Media, якую стварыў Пракапеня». Віктара Пракапеню якога арыштавалі ў сакавіку і таксама падазраюць у нясплаце падаткаў за той жа пэрыяд, які фігуруе і ў справе Аляксея Камка.

Вядома, што ў пастанове на ператрус у доме Віктара Пракапені значылася імя Аляксея Камка — нібыта ён быў патрэбны для расьсьледаваньня дзеяньняў злачыннай групоўкі, у якую ўваходзіў Камок. Аднак у абвінавачаньні, якое выстаўлена Аляксею Камку, імя Віктара Пракапені не фігуруе. Назіральнікі між тым мяркуюць, што справы зьвязаныя і што на будучым працэсе над Пракапенем гэта выявіцца.

Цікавая дэталь: Аляксей Камок па праву можа лічыцца старажылам «Валадаркі» — ён сядзіць у менскім сьледчым ізалятары са студзеня 2014 году. На судзе маркетоляг згадаў, што быў у адной камэры з «чалавекам, які перакруціў дзяўчыну ў мясарубцы». Гаворка пра справу Юліі Саламацінай, якую летась забіў мянчук Павал Цыняўскі. У лютым забойцу асудзілі на 17 гадоў зьняволеньня.

Колькі атрымае айцішнік, які, як ён казаў у судзе, «нікога не абрабаваў, зарабляў грошы за межамі Беларусі, а траціў іх тут», вызначыцца сёньня. Прысуд Аляксею Камку вынесе судзьдзя Вольга Паплаўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG