Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрыст: «Аляксей Камок мог стаць ахвярай недапрацаванага заканадаўства»


Сяргей Зікрацкі
Сяргей Зікрацкі

29 чэрвеня ў судзе Партызанскага раёну Менску будзе абвешчаны прысуд інтэрнэт-маркетолягу Аляксею Камку, якога падазраюць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці ды іншых злачынствах.

Аляксею Камку пагражае 7 гадоў — такі тэрмін запатрабаваў пракурор пасьля судовага сьледзтва. Таксама пракурор просіць спагнаць з падсуднага 12 мільярдаў рублёў нясплачаных падаткаў.

Юрыст Сяргей Зікрацкі сказаў, што пільна сочыць за публікацыямі пра расьсьледаваньне справы Аляксея Камка.

«Я так разумею, што адвакаты Аляксея кажуць, што ўсе абвінавачваньні неабгрунтаваныя. Зразумела, што мне, ня бачачы дакумэнтаў, складана зрабіць выснову. Што да санкцыяў, якія цяпер выкарыстоўваюцца супраць гэтага прадпрымальніка, то Крымінальны кодэкс іх прадугледжвае ў артыкуле 233. Таму, калі злачынства было, то меры стрыманьня, якія цяпер выкарыстоўваюцца, адэкватныя. Фармальна з пункту гледжаньня закону гэта законна. Іншая справа — ці былі падставы для затрыманьня гэтага чалавека».

Адказваючы на пытаньне пра дастатковую распрацаванасьць заканадаўства што да сфэры інфармацыйных тэхналёгій, Сяргей Зікрацкі сказаў, што ў Беларусі часта прадпрымальнікі моцна рызыкуюць, робячы тое, што ў заходніх краінах лічыцца законным:

«У Беларусі ёсьць пытаньні ў сфэры юрыдычнага рэгуляваньня бізнэсу, зьвязанага з інфармацыйнымі тэхналёгіямі. Справа ў тым, што інфармацыйныя тэхналёгіі разьвіваюцца хутчэй, чым за імі пасьпявае беларускае заканадаўства. Я не магу сказаць, што гэта канкрэтна выпадак з прадпрымальнікам Камком, але ёсьць шэраг праваадносінаў, якія не ўрэгуляваныя заканадаўствам. Гэты тычыцца, напрыклад, разьлікаў праз WebMoney, якія вельмі доўга не былі ўрэгуляваныя. Сёньня ў прадпрымальніцкай сфэры нельга прымаць WebMoney у замежнай валюце, хоць кашалькі ў замежнай валюце пастаянна адкрываюцца. Такія пытаньні пастаянна ўзьнікаюць, і фактычна прадпрымальнік мусіць кожны раз станавіцца перад выбарам: альбо ён дзейнічае строга ў адпаведнасьці з заканадаўствам і не выкарыстоўвае інструмэнты, якія на заходнім рынку нармальна і проста ўжываюцца, альбо ён рызыкуе, выкарыстоўвае гэтыя інструмэнты і разумее, што, магчыма, такія дзеяньні будуць разгледжаныя як незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG