Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Зісер: гэта будзе сыгнал для інвэстараў — такога кшталту бізнэс ня трэба рабіць у Беларусі


Юры Зісер
Юры Зісер

29 чэрвеня ў судзе Партызанскага раёну Менску будзе абвешчаны прысуд інтэрнэт-маркетолягу Аляксею Камку, якога падазраюць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці ды іншых злачынствах.

Аляксею Камку пагражае 7 гадоў — такі тэрмін запатрабаваў пракурор пасьля судовага сьледзтва. Таксама пракурор просіць спагнаць з падсуднага 12 мільярдаў рублёў нясплачаных падаткаў.

Адмыслоўца ў сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў, заснавальнік і суўладальнік інтэрнэт-рэсурсу Tut.by Юры Зісер сказаў Свабодзе, што ў большасьці краін тое, што інкрымінуюць Аляксею Камку, ня цягне за сабой крымінальнай адказнасьці.

«Там, калі прадпрымальнік прапусьціў грошы міма касы, ён сплочвае падаткі і штрафы, прадугледжаныя фінансавымі санкцыямі. Але нікому не прыходзіць у галаву саджаць такога прадпрымальніка за краты і канфіскоўваць яго маёмасьць. Грамадзкая небясьпека такога дзеяньня мінімальная. А сем гадоў, якія просіць пракурор для Аляксея Камка, — гэта тым больш дзіўна, таму што часам людзі за забойства менш атрымліваюць. Аляксей Камок ня толькі нікога не забіў, але нікога і не абрабаваў».

Адказваючы на пытаньне, як паўплываюць справы IT-бізнэсоўцаў Віктара Пракапені і Аляксея Камка на інвэстыцыйны клімат Беларусі ў сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў, Юры Зісер адзначыў, што гэта будзе залежаць ад таго, ці абвінавачваньні маюць пад сабой глебу:

«Калі тое, што ім інкрымінуюць, справядліва, то для інвэстыцыйнага клімату гэта добра, гэта ачышчэньне бізнэсу. А вось калі абвінавачваньні неабгрунтаваныя, то такія справы нашкодзяць. Гэта зразумела. Калі прадпрымальнікаў Пракапеню і Камка асудзяць за дзеяньні, якія ў іншых краінах ня цягнуць за сабой крымінальнай адказнасьці, то гэта будзе сыгнал для інвэстараў — такога кшталту бізнэс ня трэба рабіць у Беларусі, бо ёсьць іншыя краіны, у якіх над супрацоўнікам не стаяць сто чалавек і не чакаюць, пакуль ён нешта парушыць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG