Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Тарасюк: Памылкова думаць, што Ўкраіна прызнае недэмакратычны рэжым Лукашэнкі


Барыс Тарасюк
Барыс Тарасюк

Адной з ключавых тэмаў Уроцлаўскага глябальнага форуму была бясьпека ва ўсходняй Эўропе з сувязі з агрэсіўнай палітыкай уладаў Расеі. Адным з выступоўцаў быў украінскі палітык Барыс Тарасюк, які ў розны час займаў пасады міністра замежных справаў і актыўна падтрымліваў дэмакратычныя сілы Беларусі.

У інтэрвію Радыё Свабода Барыс Тарасюк распавёў пра сваё бачаньне ўкраінска-беларускіх стасункаў і патлумачыў, чаму ён ня верыць у «перавыхаваньне» Лукашэнкі.

— Апошнім часам мы назіраем паляпшэньне ў афіцыйных стасунках паміж Украінай і Беларусьсю, гэтае «пацяпленьне» асабліва стала адчувацца пасьля анэксіі Крыму. Што гэта, палітычны прагматызм адміністрацыі Парашэнкі. Ці можа, Лукашэнка дэмакратызаваўся і стаў дамоваздольным?

Я не лічу, што пакуль кіруе Лукашэнка, Беларусь можа стаць дэмакратычнай краінай, а тым больш рэалізаваць памкненьні беларусаў быць складовай часткай дэмакратычнай Эўропы

— Я не магу казаць пра матывацыю Парашэнкі, але ў гэтым выпадку мы назіраем прагматычны падыход. Паколькі Менск стаў месцам сустрэчы Нармандзкай чацьвёркі і перамоваў па Данбасе з удзелам канцлера Нямеччыны і прэзыдэнта Францыі, можна прыйсьці да думкі, што Эўрапейскі зьвяз забыўся на свае санкцыі. Але гэта ня так. Эўразьвяз ня зьняў санкцыяў зь беларускай улады, таму і памылкова думаць, што, маўляў, Украіна прызнае недэмакратычны рэжым Беларусі.

Асабіста я крытычна стаўлюся да рэжыму Лукашэнкі. Я не лічу, што пакуль кіруе Лукашэнка, Беларусь можа стаць дэмакратычнай краінай, а тым больш рэалізаваць памкненьні беларусаў быць неад’емнай складовай часткай дэмакратычнай Эўропы.

— Прагноз, як вядома, рэч няўдзячная. Але ці дапускаеце вы, што наступнай кропкай для вайсковай інвазіі Расеі магла б стаць Беларусь?

Лукашэнка працягвае гуляць і з Масквой, і з Эўрапейскім зьвязам, і з Украінай у тым ліку

— Тэарэтычна такое магло б быць у інтарэсах Пуціна, але ня думаю, што гэта ў інтарэсах нават Лукашэнкі. Я схільны выключыць такі варыянт.

— А як ва Ўкраіне ўспрынялі вайсковыя вучэньні, якія адбыліся зусім нядаўна на мяжы з Украінай? А перад гэтым адбыліся супольныя беларуска-расейскія вучэньні бліжэй да Польшчы.

— Цяжка шукаць пасьлядоўнасьць у дзеяньнях Лукашэнкі. Лукашэнка працягвае гуляць і з Масквой, і з Эўрапейскім зьвязам, і з Украінай у тым ліку. Хаця ён неаднаразова падкрэсьліваў, што Беларусь ня стане пляцдармам несяброўскіх, а тым больш баявых дзеяньняў супраць Украіны.

— Вы ўзгадалі Эўрапейскіх лідэраў, што яны прыехалі ў Беларусь, нягледзячы на ўласныя санкцыі. Як Вам здаецца, наколькі можа быць эфэктыўная стратэгія адцягваньня Лукашэнкі ад Пуціна (пры дапамозе кантактаў, праектаў, крэдытаў)?

Эўрапейскі зьвяз не гатовы адступіцца ад сваіх прынцыпаў і даваць грошы дыктатару

— Я ня думаю, што ў выпадку менскай сустрэчы матывацыяй Мэркель і Алянда было адцягнуць Лукашэнку ад Пуціна. Я ня веру, што Лукашэнка гатовы парваць з Пуціным, гэтаксама як і ў тое, што ён стане часткай аб’яднанай Эўропы. Ён ведае пра патрабаваньні, якія ідуць з Брусэлю. Ён ведае, што гэтыя патрабаваньні зьвязаныя з адсутнасьцю дэмакратыі і парушэньнямі правоў чалавека, і яны ня маюць грашовага выяўленьня.

У адрозьненьне ад Эўразьвязу, для якога каштоўнасьці стаяць спачатку, а потым пазыцыя, для Пуціна няма такіх прынцыпаў. І пакуль Пуцін будзе даваць зьніжкі на газ і субсыдыяваць эканоміку Лукашэнкі, гэта будзе задавальняць Лукашэнку. І ён не адыдзе ад гэтай палітыкі.

— А калі Захад, умоўна кажучы, прапануе Лукашэнку больш?

— Эўрапейскі зьвяз не гатовы адступіцца ад сваіх прынцыпаў і даваць грошы дыктатару. Гэтыя прынцыпы — гэта дэмакратыя, прававая дзяржава і шмат іншага.

Аднаўленьне дэмакратыі ва Ўкраіне дае дадатковы пляцдарм дапамогі дэмакратычным сілам Беларусі

— На адной з дыскусіяў Уроцлаўскага глябальнагу Форуму адзначалася, што Ўкраіна, нягледзячы на ўсё, імкліва дэмакратызуецца, будуецца грамадзянская супольнасьць, але суседзям, у прыватнасьці, беларусам у дэмакратызацыі не спрыяе. Сапраўды, ці падтрымліваюцца кантакты на роўні ўладаў, партыяў, трэцяга сэктару з дэмакратычнымі сіламі ў Беларусі?

— Я ня буду адказваць за матывацыю ўкраінскай выканаўчай улады. Але калі казаць пра пазыцыю дэмакратычных колаў ва Ўкраіне, да якіх я належу, то цягам амаль двух дзесяцігодзьдзяў я пастаянна падтрымліваю кантакты з дэмакратычнай апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю ў Беларусі. Я зьяўляюся сябрам рабочай групы Эўранэсту, мы рэгулярна сустракаемся, а на апошняй Парлямэнцкай асамблеі давалі слова беларускай апазыцыі ў Ерэване. Я ня думаю, што паварот Украіны да дэмакратыі можа нэгатыўна паўплываць на беларускую апазыцыю, наадварот, аднаўленьне дэмакратыі ва Ўкраіне дае дадатковы пляцдарм дапамогі дэмакратычным сілам Беларусі. Ня так даўно ў Кіеве адбыліся сустрэчы зь беларускай апазыцыяй і мы гаварылі пра выкарыстаньне ўкраінскай тэрыторыі, як пляцоўкі вырашэньня ўнутрыпалітычных пытаньняў для беларускай апазыцыі, якая ня можа гэта зрабіць у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG