Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе я? Магілёў


У напісаньні на беларускай мове назвы гораду ўсё ў парадку. «Ё» на месцы
У напісаньні на беларускай мове назвы гораду ўсё ў парадку. «Ё» на месцы

Карэспандэнты Свабоды прайшлі па першых ад вакзалу кварталах беларускіх гарадоў і паспрабавалі адказаць на пытаньне турыста, які ня ведае, куды трапіў.

«Мы, лічы, у самой Расеі жывем»

Чыгуначны вакзал у Магілёве — убаку ад люднага гарадзкога цэнтру. Транзытная гарадзкая мясьціна ажывае з прыходам прыгарадных цягнікоў. Дачнікі запаланяюць Прывакзальную плошчу і цягам паўгадзіны пакідаюць яе. Ня менш прывозяць народу цягнікі зь Менску ды Масквы. Мала хто зьвяртае ўвагу, на якой мове аформленая «брама ў горад».

На беларускай мове прыежджыя на вакзале чуюць абвесткі пра цягнікі. А вось дадатковую інфармацыю да гэтых абвестак перадаюць выключна па-расейску.

На электронным таблё з раскладам руху цягнікоў па-беларуску пазначаныя толькі назвы слупкоў. На цэнтральным будынку вакзалу назва гораду — зь беларускай літарай «ё». Багата дзе пра гэтую літару ў слове «Магілёў» забываюць, задавальняючыся яе суседкай па алфавіце — «е».

Усё, што побач з вакзалам, аформлена па-расейску. Сіратліва вылучаецца сваёй беларускасьцю толькі білборд з пытаньнем пра першае беларускае слова. Яно — на карцінцы з усьмешлівым мужчынам — «Посьпех».

Насупраць, праз дарогу, над Прывакзальнай плошчай на трох флягштоках — сьцягі Магілёва, вобласьці ды дзяржаўны афіцыйны.

Сымбалі беларускай дзяржаўнасьці над Прывакзальнай плошчай
Сымбалі беларускай дзяржаўнасьці над Прывакзальнай плошчай

«Тут блытаная сытуацыя з мовамі, — адзначае адзін зь мінакоў. — Вось „Білетныя касы“ — напісана па беларуску. „Союзпечать“ — па-расейску. „Аптека“ — зноў па-расейску».

Прывакзальная плошча
Прывакзальная плошча

«Бальшыня ж назваў, зразумела, па-расейску пададзена. Расейская ж мова больш распаўсюджаная, больш адэкватная для разуменьня большасьцю насельніцтва. Нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо беларусы самі патроху забываюць сваю мову», — выказвае меркаваньне суразмоўца.

Сам ён расеец, але часта, кажа, прыяжджае ў Магілёў па справах. Тут нават вучыўся.

На пытаньне, ці даводзілася яму сутыкацца ў Магілёве зь беларускамоўнымі гараджанамі, адказвае, што так.

«Я калі вучыўся ў Магілёве ў архітэктурна-будаўнічым каледжы, дык там нямала было тых, хто гаварыў на беларускай мове. Але яны трымаліся адасоблена ад астатніх. Стараліся мець стасункі толькі між сабой. У іх свая грамада была».

Чаму мала беларускай мовы на вакзале беларускага гораду, пытаюся ў яшчэ аднаго мінака. Адказ працаўніка чыгункі, мужчыны перадпэнсійнага веку, нечаканы:

«Бо мы, лічы, у самой Расеі жывём. Тут Расея пануе. Але калі мы беларусы, то павінны імі і быць. Аднак наша ж пакаленьне пад прыгнётам расейскім жыло і далей працягвае жыць», — выказваецца суразмоўца.

Усё, што побач з вакзальным комплексам, — па-расейску
Усё, што побач з вакзальным комплексам, — па-расейску

У вакзальным буфэце тэст з просьбаю «згатаваць кубак кавы» буфэтчыцы здалі на выдатна. Тут жа замову выканалі без агрэсіі і дадатковых пытаньняў.

«Беларускамоўныя наведнікі да нас заходзяць зрэдку», — зь перасьцярогаю загаварыла адна з буфэтчыц.

Другая з ходу заявіла, што вучылася ў беларускай школе на вёсцы, але мова ёй беларуская не падабаецца.

«Гэта непрыгожая мова. Мне даспадобы, як кажуць па-расейску. Вось беларускія песьні, дык падабаюцца», — настойвала жанчына.

Яе каляжанка запярэчыла: «Ды не, калі гаварыць, то нармальна. А вось калі слухаць па тэлевізары ці кніжкі чытаць, то неяк нязвыкла. Цяжка ўспрымаецца. Адвыклі мы ад беларускай мовы. Мала яе чуем».

Назва прыпынку, каб зразумелі ўсе, — на расейскай мове
Назва прыпынку, каб зразумелі ўсе, — на расейскай мове

У білетных касах беларуская мова гэтаксама ня выклікала агрэсіі. Касіркі, як і буфэтчыцы, заўважылі, што беларускамоўных кліентаў абслугоўваюць зрэдку. Адна з касірак выказала меркаваньне, што тым, хто хацеў бы па-беларуску гаварыць, боязна пачаць, бо думаюць, што наробяць шмат памылак і зь іх будуць сьмяяцца.

«Адна справа — сказаць асобныя словы, напрыклад, „дзякуй“ ці „калі ласка“, а другая — сфармуляваць сказ, каб было зразумела і прыгожа», — патлумачыла сваё разуменьне сытуацыі касірка.

«Я ж сама вучыла беларускую мову пры савецкай уладзе, таму я яе разумею, — дадае суразмоўніца. — Мне дужа мова падабаецца, але як не магу адразу сказаць прыгожа, то і не хачу перакручваць яе. А так мова наша дужа прыгожая. А моладзь іншым разам, як мне падаецца, наагул ужо мовы і ня ведае нашай».

У адной з кавярняў за сотню мэтраў ад вакзалу двое маладых хлопцаў доўга спрабавалі разабрацца з фразамі пра кубак кавы і філіжанку гарбаты.

«Кубак кавы? Ну, кубак — гэта зразумела, бакал. А вось кава — гэта, відаць, піва», — спрабаваў здагадацца бармэн.

Ягоны калега захацеў дапамагчы: «Па-беларуску піва і будзе, відаць, півам. А вось гарбата — нейкае дзіўнае слова. Ня чуў ніколі».

Урэшце хлопцы здаюцца. Пачуўшы пераклад на расейскую мову дзіўных для іх фразаў, не паверылі, што наведнік іх сапраўды сказаў па-беларуску.

Гадоў дзесяць таму ў адным з прывакзальных кіёскаў прадавалі дыскі зь беларускай музыкай.

«Попыт на іх быў вялікі», — згадвае прадавец.

«Цяпер жа прадаваць дыскі стала нявыгадна. Прасьцей спампаваць з інтэрнэту запісы беларускіх гуртоў бясплатна, чым плаціць за кружэлкі. Аднак да нас яшчэ ходзяць аматары беларускай музыкі ды пытаюць пра яе. Бывае, што зьвяртаюцца і па-беларуску, але мы нічым дапамагчы ня можам ім».

Пагаварыць зь дзяжурнымі на вакзале міліцыянтамі на тэму беларускай мовы не ўдалося. Было заяўлена, што яны на службе і ім не паложана. Ад фатаграфаваньня адметнасьцяў магілёўскага вакзалу міліцыянты настойліва параілі ўстрымацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG