Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАП разгледзеў «беларускае пытаньне»: у «спэцпараграф» не ўключылі, але запатрабавалі спыніць перасьлед прафсаюзных актывістаў


Камітэт па нормах і стандартах абнародаваў сваё рашэньне пасьля вывучэньня «беларускага пытаньня» на штогадовай канфэрэнцыі, якая праходзіла ў Жэнэве ў пачатку чэрвеня.

(Тэкст рашэньня зьмешчаны на сайце Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў bkdp.org).

Гэтым разам камітэт МАП ня стаў уносіць Беларусь у гэтак званы «спэцпараграф» — сьпіс з 25 краін сьвету, дзе, паводле МАП, найбольш парушаюцца правы працоўных і прафсаюзаў.

Аднак у рашэньні адзначаецца, што за 10 гадоў у Беларусі так і ня выкананыя ўсе рэкамэндацыі МАП, у выніку чаго прафсаюзныя арганізацыі па-ранейшаму сутыкаюцца з парушэньнямі сваіх правоў.

Як станоўчы момант камітэт МАП адзначыў тое, што дэкрэтам № 4 пры падачы заяўкі на стварэньне прафсаюзу скасавана абмежаваньне ў 10% ад колькасьці працаўнікоў у калектыве. Цяпер гэтае абмежаваньне зьменшанае толькі да 10 чалавек.

Таксама МАП ухваліў згоду беларускага ўраду на правядзеньне трохбаковых сэмінараў па вырашэньні спрэчак паміж сябрамі прафсаюзаў і працадаўцамі.

Аднак пры гэтым камітэт МАП сфармуляваў чатыры пункты патрабаваньняў да беларускага ўраду, сярод якіх — патрабаваньне ўжо ў 2015 годзе выканаць усе рэкамэндацыі МАП, а таксама спыніць практыку дыскрымінацыі і перасьледу прафсаюзных лідэраў і актывістаў.

Паводле старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, рашэньне камітэту МАП — не перамога беларускага ўраду, бо неўключэньне ў «спэцпараграф» не азначае аўтаматычнага вяртаньня Беларусі прэфэрэнцыяў у гандлі з краінамі Эўразьвязу:

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

«Перакананы, што такія прэфэрэнцыі не вярнуць, бо „спэцпараграф“ — гэта толькі адзін з паказчыкаў, якімі кіруецца Эўразьвяз. А ўсе астатнія па-ранейшаму сьведчаць, што ўрад Беларусі парушае правы працоўных і прафсаюзаў».

Паводле Аляксандра Ярашука, рашэньне камітэту МАП па Беларусі вельмі жорсткае, і праз год, калі нічога ня выправіцца, Беларусь зноў апынецца ў групе з «спэцпараграфам». Пры гэтым Аляксандар Ярашук не чакае, што ўрад Беларусі сапраўды пачне выконваць рэкамэндацыі МАП цалкам.

Як лідэр незалежных прафсаюзаў ацэньвае эканамічную сытуацыю ў краіне і здольнасьць працоўных дамагацца сваіх правоў? Ці можа паўтарыцца ў іншых рэгіёнах пратэст рабочых, які днямі адбыўся на заводзе мэталаканструкцыяў у Маладэчне?

Беларуская эканоміка — гэта той вораг, якога беларуская ўлада ня мае шанцу перамагчы

«Скажу гэтак, што калі прыпячэ па-сапраўднаму, калі месяц, два і нават паўгода не заплацяць заробку, дык забудуць пра ўсё. І падзеі ў Маладэчне гэта пацьвярджаюць. Бо для працоўных адна справа, калі кажуць пра нейкія абстрактныя правы чалавека, а зусім іншае, калі няма чаго есьці.

Але, з другога боку, і ўрад пойдзе на ўсё, каб такіх фактаў, як стыхійны пратэст працоўных у Маладэчне, больш не было, каб незадаволенасьць не нарастала. Бо ніхто ня ведае, дзе той камень, які можа абрынуць усю лявіну. Мяркую, і грошы будуць друкаваць, і падасьпее „хуткая дапамога“ з Расеі, і МВФ зробіць нейкія захады, якія насамрэч будуць палітычнымі.

Мяркую, наўрад ці сытуацыя дойдзе да таго, што паўсюль падобныя стыхійныя страйкі набудуць дынаміку, падобную да падзеяў 1991 году. Але ў выніку хвароба будзе толькі заганяцца ўглыб. Беларуская эканоміка — гэта той вораг, якога беларуская ўлада ня мае шанцу перамагчы. Рэформаў беларускі рэжым рабіць ня будзе, не сумняваюся».

Паводле глябальнага індэксу МАП па правах працоўных, за 2015 год Беларусь увайшла ў найгоршыя 10 краін. У «ганебнай дзясятцы» разам зь Беларусьсю — Кітай, Калюмбія, Эгіпет, Гватэмала, Пакістан, Катар, Саудаўская Арабія, Свазілэнд і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG